Журналістку Глафіру Жук сёлета абралі «Выбітнай выпускніцай ЕГУ»
Кожны год Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які месціцца ў Літве, вызначае найлепшага выпускніка ці выпускніцу года. Намінаваць чалавека на ўзнагароду можна было праз адкрытую форму на сайце ўніверсітэта.

Глафіра Жук з дыпломам. Аўтапартрэт
Пасля гэтага акадэмічная супольнасць вызначае пяць чалавек, якія могуць прэтэндаваць на званне «выбітны выпускнік». Затым з іх галасаваннем абіраюцца тры.
Сёлета тройка прэтэндэнтаў аказалася цалкам жаночай. Намінаваліся Наталля Зданевіч, выпускніца магістарскай праграмы «Развіццё культурнай спадчыны» 2023 года; Іяланта Казакова, выпускніца магістарскай праграмы «Візуальная пластыка» 2023 года; і Глафіра Жук, выпускніца бакалаўрскай праграмы «Медыі і камунікацыя» 2024 года.
У выніку пераможцай стала журналістка. Афіцыйная цырымонія ўзнагароджання адбылася ва ўніверсітэце 27 чэрвеня.
— Удзячная ЕГУ за ўзнагароду. Раней гэтае званне атрымлівалі Наста Лойка (2023), Мікалай Дзядок (2021) і Таццяна Кузіна (2022). Я маю гонар быць з імі ў адным шэрагу. Усе трое знаходзяцца за кратамі, але я вельмі спадзяюся, што хутка яны змогуць выйсці і атрымаць свае ўзнагароды. Мы іх вельмі чакаем, як і іншых палітзняволеных, — адзначыла Глафіра Жук.
Зараз Глафіра Жук жыве ў Берліне: яна атрымала стыпендыю ад «Рэпарцёраў без межаў». Як журналістка-фрылансерка супрацоўнічае з «Нашай Нівай» і ў рамках стыпендыі піша для аднаго з еўрапейскіх выданняў.
Пасля заканчэння стыпендыі журналістка збіраецца вучыцца далей:
— Я зараз актыўна вучу англійскую мову і рыхтуюся да міжнароднага іспыту: у наступным годзе я буду спрабаваць паступіць у магістратуру. Але ўжо не ў ЕГУ, а ў адзін з брытанскіх універсітэтаў. Пры гэтым я не збіраюся кідаць журналістыку: буду сумяшчаць вучобу з працай, наколькі гэта магчыма, — падкрэсліла Глафіра Жук.
Дзяўчына раней у інтэрв’ю БАЖ расказвала пра свой шлях у журналістыку.
