• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як працуе беларускі партал латвійскіх публічных медыяў. Расказвае рэдактар Аляксандр Красніцкі

    У Латвіі год таму з’явілася медыя для беларускай дыяспары. Група парталаў грамадскіх СМІ Латвіі LSM+ стварыла беларускую версію сайта: не толькі на нацыянальнай мове, але і з беларускай тэматыкай. Дзе рэдакцыя шукае аўтараў? Што становіць сабой беларуская дыяспара і чым жыве? БАЖ паразмаўляў з Аляксандрам Красніцкім, адказным рэдактарам групы парталаў LSM+.

    screen

    Скрыншот сайта https://bel.lsm.lv

    Сігнал беларусам Латвіі: мы памятаем пра вас

    — У 2014 годзе, пасля Данбаса і Крыма, на дзяржаўным узроўні спахапіліся, што трэба больш грунтоўна размаўляць з нацыянальнымі меншасцямі, супрацьдзейнічаць плыні прапаганды з усходу. Асаблівасць гэтай прапаганды ў Латвіі ў тым, што яна ідзе не толькі з Расіі, але і з Беларусі, асабліва ў памежных раёнах, дзе беларускую прапаганду можна прымаць амаль што на выцягнуты палец. На падставе статыстыкі тады было прынятае рашэнне развіваць вяшчанне на рускай мове.

    Арганізацыя ў нас вялікая, богавы жорны мелюць павольна. Асобны рэсурс на ўкраінскую, беларускую і польскую старонкі знайшлі толькі ў сярэдзіне мінулага года. Беларускі кантэнт і да таго прысутнічаў, але ён знаходзіўся ў агульнай плыні рускамоўнай стужкі.

    А першым пераломным пунктам стаў беларускі 20-ты год. Па-першае, рэзка вырасла колькасць беларускіх бежанцаў у Латвіі. Па-другое, мы тады надавалі немалую ўвагу падзеям — не столькі ў самой Беларусі (не напішам мы лепш за TUT.BY ці «Радыё Свабода», якое тады заставалася ў Беларусі).

    А вось пра людзей, якія ўжо знаходзіліся тут і галасавалі сумленна, мы зрабілі цэлы цыкл матэрыялаў. Бо беларуская амбасада ў Латвіі сумленна падлічыла галасы: Лукашэнка прайграў у першым туры. Пасля гэтага, наколькі памятаю, амбасадара тэрмінова адклікалі, і што з ім сталася далей, я не ведаю.

    Затым наступіла паўза. Так працягвалася да пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе. Пуцінская агрэсія ва Украіну актывізавала ўнутрырэдакцыйныя працэсы. Трэба разумець, беларускай старонкі не было б, каб не ўкраінскія ўцекачы.

    aliaksandr krasnitski

    Аляксандр Красніцкі. Фота: LSM+

    Гістарычныя беларусы і эмігранты новай хвалі

    — Мы адчулі, у першую чаргу ўнутры рэдакцыі, што трэба разнастаіць моўныя прапановы, прычым не толькі з чыста інфармацыйных прычын. Не сакрэт, што 99% беларусаў спакойна могуць спажываць кантэнт на рускай мове.

    Сэнс палягаў не толькі ў тым, каб данесці да аўдыторыі нешта ў больш зручнай форме, але і паслаць сігнал: мы пра вас памятаем. Менавіта з дапамогай мовы.

    Да таго мы пісалі пра беларускія падзеі ў агульнай, рускай, стужцы: з’яўляліся ўкрапленні беларускай ці ўкраінскай моў у рускамоўных тэкстах, зрэдку (літаральна некалькі разоў на год) публікаваліся паралельныя версіі.

    Стала зразумела, што існуе вядомая аўдыторыя ўнутры краіны (я ўвесь час буду гаварыць з прывязкай да ўкраінскай аўдыторыі — беларуская ідзе неадрыўна ў латвійскім кантэксце). Ёсць істотны масіў украінцаў і колькасна меншы, але заўважны, масіў беларусаў. Прычым абедзве групы распадаюцца на дзве няроўныя часткі, беларуская група мае нават больш тонкае драбненне.

    Па-першае, ёсць так званыя «гістарычныя беларусы». Гэта традыцыйная латвійская меншасць, якая на тэрыторыі Латвіі жыла заўсёды: і да Першай сусветнай, і да Другой сусветнай, і да здабыцця незалежнасці, і пасля яе аднаўлення. На жаль, праз розныя выкрутасы гісторыі беларуская меншасць аказалася адной з самых асімілюемых. У нас ёсць такі статыстычны паказчык, як «этнічнае паходжанне» — тое, што за саветамі называлася нацыянальнасцю.

    Дык вось, этнічных беларусаў у Латвіі 53 тысячы — гэта вельмі буйная меншасць, яна ўваходзіць у топ‑4 (існуе і паралельная статыстыка: 34 тысячы — ураджэнцы Беларусі, але не абавязкова этнічныя беларусы). Са згаданых 53 тысяч беларусаў амаль 48 тысяч маюць латвійскія пашпарты і толькі каля 5 тысяч беларусаў — валодаюць пашпартамі іншых краін.

    22-гі год запусціў працэсы, калі спатрэбілася не проста інфармаваць, але і паслаць сігнал шляхам выбару мовы: мы памятаем, мы ведаем, што вы тут, мы пра вас клапоцімся. Вядома, што ва ўкраінскіх бежанцаў, што ў беларусаў, якія жывуць у Латвіі, ёсць спецыфічныя праблемы, якіх не маюць людзі з роднай латышскай ці рускай мовамі.

    «Беларусы практычна сталі нашымі»

    — Дзе вы шукаеце аўтараў, якія не толькі пішуць па-беларуску, але і на беларускую тэматыку?

    — Гэта палітычная эміграцыя з Беларусі. Гэта была мая прынцыповая пазіцыя. Выдатна, калі латвійскі ці рускі журналіст размаўляе з беларусамі і піша пра іх праблемы. Але куды лепш, калі беларусы самі расказваюць пра сябе. Тым больш, што зараз яны таксама практычна нашыя: яны ўжо тут і не збіраюцца рухацца некуды далей.

    Унутры рэдакцыі «вялікага» LSM, якая працуе на дзяржаўнай — латышскай мове, праявілі цікавасць да розных моўных версій. Тэксты, якія бачыць чытач, выходзяць не толькі на беларускай, яны сінхронна публікуюцца на трох мовах. Мы даем магчымасць не толькі беларусам самім паразважаць пра свае праблемы ў сваім коле, але і паказваем іх праблемы латышскамоўным і рускамоўным чытачам, і, у канчатковым выніку, выносім гэтыя праблемы на ўрадавы і на палітычны ўзровень. Напрыклад, у нашым Сейме працуе дэпутацкая група падтрымкі дэмакратычнай Беларусі.

    Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі латвійскай дэпутацкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі

    Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі латвійскай дэпутацкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. Травень, 2025 года. Фота: tsikhanouskaya.org

    — Беларуская рэдакцыя вылучаная ў асобную структуру ці беларускамоўнай рэдакцыі як такой не існуе?

    — У гэтым годзе мы запросім у бюджэце стаўку беларускага рэдактара. Гэта будзе штатны супрацоўнік рэдакцыі, які будзе знаходзіцца ў эпіцэнтры працэсаў. Тады нам удасца (дай Бог) пашырыць кантэнт. Пакуль гэта пазаштатнікі, фрылансеры, але яны ўжо практычна родныя і даступныя ў любы час. І гатовыя пісаць пра любую значную для беларусаў падзею, як, да прыкладу, пра нядаўнюю забарону на набыццё нерухомасці для грамадзян Беларусі.

    Балансаванне на мяжы двух сусветаў

    — Пакуль няма штатнага рэдактара, беларускія тэксты рэдагуеце вы?

    — Трэба прызнацца, я па-беларуску чытаю, але не пішу і, натуральна, не рэдагую. Мая маці нарадзілася ў Віцебску, але яна не беларуска. Працуем мы наступным чынам: мне прыходзіць тэкст, да якога я раблю свае каментары на палях, аўтар можа ўлічваць іх ці не — гэта рашэнне аўтара. Пасля мы праходзімся па тэксце яшчэ раз. А потым з’яўляюцца пераклады на іншыя мовы.

    — Дазвольце асабістае пытанне: адкуль вы тады ведаеце беларускую мову?

    — Шчыра? Я не ведаю. У 2020 годзе ў канцы жніўня я зразумеў, што чытаю без слоўніка. І такая ж гісторыя адбылася з украінскай — да сярэдзіны сакавіка 2022-га. То бок у высокай літаратуры, у высокай паэзіі я, мусіць, паплыву і тут жа патану. А з навінавымі тэкстамі я магу працаваць.

    Скрыншот сайта

    — Вы асвятляеце падзеі, якія адбываюцца ў Латвіі з удзелам беларусаў, ці закранаеце і ўнутрыбеларускую тэматыку?

    – На месцы навінавай стужкі ў нас стаіць плагін «Радыё Свабоды», бо лепш за беларусаў пра беларускія падзеі мы не напішам. Наша рэдакцыя канцэнтруецца на сваёй тэрыторыі — на Латвіі.

    Зразумела, што нейкія падзеі з Беларусі адбіваюцца і на беларускай меншасці ў Латвіі, вядома ж, мы іх заўважаем. Але ў першую чаргу мы зыходзім з таго, што наша аўдыторыя жыве тут — пастаянна ці надоўга, яна цікавіцца і іншымі мясцовымі падзеямі.

    Напрыклад, не так даўно ў нас была калонка пра мясцовыя выбары ў Латвіі, аўтар якой параўноўваў асабісты беларускі досвед з назіраннямі ў нашай краіне. Такое балансаванне на мяжы двух сусветаў.

    Беларуская дыяспара ў Латвіі амаль непрыкметная

    — Беларуская дыяспара ўваходзіць у пяцёрку-чацвёрку найбуйнейшых нацыянальных меншасцяў. Але наколькі яна заўважная ў Латвіі?

    — У мяне такое адчуванне, што яна амаль непрыкметная, скажам, у адрозненне ад рускай дыяспары. Аб рускай наогул гутарка асобная: ці можна яе наогул называць рускай? Асабіста ў мяне сумневы.

    Я не проста так прыводзіў вам статыстыку. Стаць беларусам «па пашпарце» можна толькі па адной бабулі, напрыклад. Часам чалавек не ведае ні слова на беларускай мове і думае, што Мінск у Арменіі. На жаль, менавіта беларусы былі самай асімілюемай групай пры ўсіх уладах. У першую незалежнасць, напрыканцы 1920‑х, улады спахапіліся і пачалі адкрываць беларускія школы. Хоць перад тым знайшлі «беларускіх сепаратыстаў» на ўсходзе Латвіі. У сярэдзіне 1920‑х некалькі настаўнікаў арыштавалі і судзілі, але суд усіх іх апраўдаў…

    У Латвіі існуюць разрозненыя нацыянальна-культурныя супольнасці, але яны больш пра фальклор, пра традыцыйную культуру, а не пра сучасны парадак дня. Ёсць выключэнні, але іх мала, і там у асноўным людзі, якія нядаўна з’ехалі ад рэжыму.

    З аўтарамі Bel.LSM.lv у нас поўны кансэнсус: беларуская мова — жывая, на ёй можна не толькі бабуліны песні спяваць, а свабодна размаўляць пра што заўгодна, ад кахання да геапалітыкі. І ў Латвіі. І нават лаяцца.

    Але, паводле маіх назіранняў, мясцовыя беларусы не адрозніваюцца моцнай нацыянальнай ідэнтычнасцю. У палякаў — тут я ўпэўнены — нацыянальная ідэнтычнасць моцная. У некаторай часткі тых, хто гаворыць па-руску, яна моцная. А ў беларусаў — амаль як у тым дрэнным нацыянальным стэрэатыпе: абы ціха-мірна, пажадана, каб і не заўважалі. Крыўдна. Мы працуем яшчэ і з гэтай прычыны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці