Тарас Тарналіцкі: Беларусь у заходнім кіно падаецца як новая «імперыя зла»
Журналіст і кінакрытык Тарас Тарналіцкі распачаў новы аўтарскі праект на «Белсаце».

Тарас Тарналіцкі. Фота: Дзяніс Васількоў
Праект «У кіно з Белсатам» выходзіць двойчы на месяц у перадачы «Раніца з Белсатам». У ім аўтар тэлеграм-канала «Свяшчэнны Белавуд» Тарас Тарналіцкі расказвае гледачам пра свежыя фільмы і серыялы.
Выйшаў ужо другі выпуск, ён прысвечаны беларускай тэматыцы ў заходнім кіно. З гэтай тэмы – вобразу Беларусі ў замежных фільмах – БАЖ і распачаў гутарку з Тарасам Тарналіцкім.
Беларусь склала моцную канкурэнцыю самалійскім піратам
— Калі ідзе гаворка пра фільмы, у якіх згадваецца Беларусь, маюцца на ўвазе такія стужкі, як «Цясніна» з Аняй Тэйлар-Джой? (Навукова-фантастычны рамантычны баявік 2025 года амерыканскага рэжысёра Скота Дэрыксана. На самым пачатку кінастужкі галоўная гераіня забівае гандляра зброяй з Беларусі).
— «Цясніна» — адзін з пяці праектаў, пра якія я расказваў. Можна было зрабіць і больш шырокую падборку. Напрыклад, ёсць серыялы, цалкам прысвечаныя Беларусі. Падзеі ў польскім шпіёнскім серыяле «Перашыяк» увогуле разгортваюцца ў Беларусі, у ім нават беларускія акцёры здымаліся. Хоць сам праект рабіўся для платформы MAX, якая належыць HBO.
І серыялаў, і фільмаў досыць многа. Беларусь у іх згадваецца ў своеасаблівым кантэксце: як ні круці, мы з’яўляемся хаўруснікам краіны-агрэсара Расіі. То бок мы назіраем вяртанне ў халодную вайну ў кінематографе.
Да пачатку 90‑х гадоў Савецкі Саюз паказвалі як небяспечную краіну, гаварылі пра «злых рускіх». Пасля агрэсіі Расіі супраць Украіны гэты трэнд вярнуўся, але зараз не толькі расіяне злыя, але і беларусы.
Гэта не самы прывабны вобраз Беларусі. Але, прынамсі, нас хоць зараз успрымаюць як самастойную краіну — безумоўна, злую, шпіёнскую, гопніцкую. У фільмах 90‑х, нулявых, дзе згадваўся Мінск, горад падавалі як расійскую тэрыторыю. Але новае пакаленне кінематаграфістаў ужо робіць падзел: Беларусь самастойная краіна, хай сабе і з своеасаблівай уладай, прарасійскай.
— Беларусь у замежных фільмах усё часцей згадваецца ў непрывабным кантэксце, раней такі імідж мелі самалійскія піраты. Гэта ўжо тэндэнцыя?
— Гэтая тэндэнцыя наўпрост звязаная з развіццём міжнародных адносін, у якія ўцягнутая і Беларусь. І вобраз Беларусі, які склаўся ў заходняй медыйнай прасторы. Усе разумеюць, што ў Беларусі аўтарытарная ўлада, у 2020 годзе там праходзілі маштабныя пратэсты, але іх падавілі. Пасля здарыўся 2022 год, з беларускай тэрыторыі таксама адбывалася ўварванне ва Украіну. Лукашэнка адзін з галоўных сяброў Пуціна.
Канешне, згадкі пра Беларусь негатыўныя. А як інакш, мы ж не вылучаемся ў медыйнай прасторы станоўчымі дасягненнямі. Таму і кінематаграфісты ўспрымаюць Беларусь як небяспечную краіну з рускамоўнымі шпіёнамі і забойцамі рознага калібру. Каб нас успрымалі ў больш пазітыўным ключы, мы павінны і рабіць нешта пазітыўнае. На жаль, не мэта цяпершняй улады — паляпшаць імідж краіны, яна сканцэнтраваная на захаванні ўлады ў сваіх руках.
«Я не давяраю расійскім дыстрыб’ютарам»
— Увогуле, ці даступныя гэтыя фільмы для беларускага глядача — у легальным, паўлегальным ці пірацкім фармаце?
— Большасць такіх фільмаў выходзіла на стрымінгах. Акрамя Netflix, іншыя на тэрыторыі Беларусі недасяжныя. У 2022 годзе, пасля пачатку вайны, частку анлайн-кінатэатраў таксама банілі, яны могуць быць дасяжныя праз VPN. А пірацкія сайты, наколькі я разумею, даступныя.
Расійскія аналагі стрымінгавых платформ (ОКО, Premier, кінатэатр «Иви»), магчыма, закупляюць гэтыя фільмы.
Але я не давяраю расійскім дыстрыб’ютарам, бо яны вельмі актыўна цэнзуруюць замежны кантэнт. Напрыклад, перакладаюць неналежным чынам ці ўвогуле змяняюць нацыяльнасць непрывабных герояў. Напрыклад, героя-злодзея расіяніна ператвараюць у балгарына. Змянялі кантэкст размовы герояў: у серыяле вялася гаворка пра забойствы ў Бучы, а расіяне перакладалі на свой капыл.
Гэта значыць, я б дакладна не давяраў расійскім дыстрыб’ютарам, яны могуць хлусіць у ідэалагічных мэтах. Глядзець такія фільмы, за якія ты яшчэ плаціш свае грошы, на расійскіх платформах няварта — у іх скажаецца сэнс і выразаюцца цэлыя сцэны. Мне здаецца, тады лепш глядзець ужо пірацкія версіі ці на англійскай мове з субцітрамі, чым выдаткоўваць уласныя грошы на цэнзураваны кантэнт.

Тарас Тарналіцкі. Фота: Дзяніс Васількоў
Праект не эмігранцкі, ён арыентаваны на беларусаў
— У чым заключаецца канцэпцыя вашай перадачы?
— Гэта перадача пра кіно, найперш будзем распавядаць пра тыя фільмы, якія паказваюць у Беларусі. Бо гэта не эміграцыйны праект, а праект, арыентаваны на жыхароў Беларусі, якія ходзяць у кінатэатры альбо глядзяць кіно дома на стрымінгах ці нават пірацкія серыялы.
Як паказвае досвед апошніх гадоў дзесяці, кантэнту выходзіць вельмі многа, асабліва на стрымінгах: серыялаў, забаўляльнага кантэнту, фільмаў – у гэтым моры трэба падсвечваць больш якасныя праекты. Прыкладна такую мэту мае на ўвазе рубрыка, якую мы зараз ствараем на тэлеканале «Белсат».
Да таго ж сённяшні парадак дня вельмі палітызаваны, а мы ўсё-такі імкнемся рабіць забаўляльны кантэнт — каб даць людзям магчымасць пераключыцца з цяжкай рэчаіснасці на больш лёгкія рэчы. І нашая перадача, нават не перадача, а невялікая рубрыка, — пра забавы.
— Фармат перадачы канчаткова яшчэ не вызначаны, вы толькі намацваеце свой шлях?
— Я прапаноўваў досыць простую канцэпцыю праекта (на перадачу даецца 5 — 7 хвілін). У першым выпуску я распавядаў пра фільмы, якія ішлі ў кінатэатрах у чэрвені. 12 ліпеня я расказаў пра свежыя замежныя фільмы, дзе згадваецца Беларусь, якія з’явіліся або восенню мінулага года, або ўжо на пачатку гэтага года, гэта чатыры фільмы і адзін серыял.
Сам фармат яшчэ абкатваецца. Рэдактары хочуць рабіць тэматычныя выпускі, прымеркаваныя да розных падзей і святаў. Але я прапаноўваў не рабіць тэматычныя выпускі, не згадваць старыя галівудскія фільмы, а засяродзіцца на свежых праектах, якія з’явіліся паўгода-год таму. Нават больш свежыя, расказваць пра фільмы, якія выйшлі ў кінатэатрах ці на стрымінгах ужо на гэтым тыдні. Бо рабіць падборкі — несучасны падыход, гэта было актуальна ў дзясятыя, нулявыя гады: у іх трапляюць фільмы, якія ўсе ўжо прагледзелі па дзесяць разоў.
— Ці хапае 5 — 7 хвілін для якаснага агляду кінафільмаў?
— Не, канешне. Можна было б рабіць уласную перадачу на YouTube. Яшчэ перад эміграцыяй у 2022 годзе мне прапаноўвалі зрабіць канал ці то на YouTube, ці ў TikTok. Але тады нічога з гэтага не атрымалася. Таму, калі мне прапанавалі зрабіць больш кампактны праект на «Белсаце» я вырашыў: а чаму б не паспрабаваць? Сапраўды, ніша амаль зусім незанятая, мне цікава рабіць гэты праект, хоць фармат і вельмі абмежаваны.
Пакуль ёсць невялікае акно магчымасцяў, я ім карыстаюся. Нават у абмежаваным фармаце можна рабіць цікавыя рэчы.
