«Экстрэмісцкім фармаваннем» КДБ абвесціў ініцыятыву «Навіны Гродна і вобласці»
У абноўленым 12 ліпеня 2025 года «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» з’явілся згадка пра ініцыятыву «Навіны Гродна і вобласці» і адзіную, паводле сайта МУС, яе ўдзельніцу — Наталлю Лантух.

Фота: Travis Saylor / pexels.com
Рашэнне прызнаць «Навіны Гродна і вобласці» экстрэмісцкім фармаваннем яшчэ 27 чэрвеня 2025 года прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі. У той жа дзень яно набыло юрыдычную моц.
Паводле КДБ, «экстрэмісцкая дзейнасць» ажыццяўляецца праз адзіны інтэрнэт-рэсурс — TikTok-акаўнт з назвай «Навіны Гродна і вобласці» (ідэнтыфікатар @grodnanews).
У верасні мінулага года гэтая старонка была ўнесеная ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Што да Наталлі Лантух, то яе імя згадваецца ў пераліку «экстрэмісцкіх фармаванняў» ужо чацвёрты раз. Першы — у снежні 2023 года, калі рашэннем МУС быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем» проект «Дятлово для жизни». Другі — у складзе «экстрэмісцкага фармавання» «Ордэн»: паводле рашэння КДБ ад 29 кастрычніка 2024 года, у яго ўваходзіць шэраг дваровых чатаў, а «экстрэмісцкая дзейнасць» здзяйсняецца праз інтэрнэт-рэсурсы праекта «Нацыя лідараў». Яшчэ адна згадка пра Наталлю Лантух — у якасці ўдзельніцы медыяпраекта «Пра Віцебск», прызнанага «экстрэмісцкім фармаваннем» 28 лютага 2025 года.
Паводле адкрытых інтэрнэт-крыніц, Наталля Лантух — ураджэнка Ваўкавыска, цяпер яна жыве па-за межамі Беларусі.
