• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гены палітвязня. Ігар Карней даведаўся пра рэпрэсаваных продкаў

    Ці могуць гены палітвязня перадацца ў спадчыну? Аказваецца — запраста, тым больш, калі праверана на сабе. Піша былы палітзняволены журналіст Ігар Карней, вызвалены і выдвараны з краіны 21 ліпеня 2025 года.

    Ігар Карней

    — Ледзь не 90 гадоў спатрэбілася, каб хоць крыху разблытаць маток таямнічай гісторыі, якая не давала спакою некалькім пакаленням нашай сям’і. Дзеля справядлівасці, выпадак не з шэрагу эксклюзіўных — мільёны савецкіх людзей у той ці іншай ступені пазналі трагедыю бясследнай страты сваіх родных.

    Расстралялі: невядома за што, невядома, дзе магіла

    — Ад самага дзяцінства чуў згадкі пра аднаго са сваіх дзядоў — старэйшага брата маёй любімай бабы Зіны. Праз дзясяткі гадоў сваякі міжволі пераходзілі на шэпт, узнаўляючы карціну развітання з Канстанцінам. Зрэшты, працэдура стандартная для свайго часу: прыйшлі камісары з наганамі пасярод ночы і звезлі ў невядомым кірунку. Нібыта «шпіён». Ага, 25-гадовы хлопец з глухой беларускай вёскі чымсьці зацікавіў сусветную агентуру. Урэшце ні прэвентыўнага абвінавачвання, ні судовых папер, ні магілы.

    І вось нечакана натрапіў, хай на сціплыя, але хоць якія арыентыры, апублічаныя даследчыкамі і валанцёрамі расійскага «Мемарыяла».

    Якубовіч Канстанцін Данілавіч з вёскі Ліхасельцы Наваградскага ваяводства, 1912 году нараджэння, беларус. Далей у біяграфіі істотны прабел. Наступны адрэзак — ужо з рэзкай перадыслакацыяй у Свярдлоўскую вобласць РСФСР, — арыштанцкі. Зняволенне ўперамешку з прымусовай адпрацоўкай «шпіёнскіх» грахоў.

    Месцам новай прыпіскі пазначаны Першаўральскі наватрубны завод, парасілавы цэх. Нарэшце, самае драматычнае, што сям’і не палічылі патрэбным нават паведаміць пра гэта.

    З архіваў вынікае, што арыштаваны 28 верасня 1937-га, 26 снежня таго ж году асуджаны (так і невядома, судом ці выязной «тройкай») да вышэйшай меры пакарання. 3 студзеня 1938-га расстраляны.

    Няма яснасці, якім чынам дзед трапіў у рукі чакістаў, бо заходняя частка Беларусі на той момант знаходзілася пад польскай юрысдыкцыяй: або мэтанакіравана выкралі, або сам паддаўся на савецкую прапаганду і, як той Браніслаў Тарашкевіч, свядома шукаў шчасця ў бээсэсэраўскім раі.

    На жаль, нічога канкрэтнага пра месца пахавання, як і наконт таго, што менавіта малады чалавек паспеў «нарабіць», каб яго падвялі ажно пад такое! Таксама пакуль не здабыў звестак, ці быў стрыечны дзед пасмяротна рэабілітаваны разам з мільёнамі іншых сталінскіх ахвяраў.

    «Падфарціла» — забойства замянілі высылкай

    Ігар Карней

    Дзед Іван (справа) з сябрам пасля вяртання на радзіму, акурат у год Ігаравага нараджэння — 1968‑м.

    Падобны лёс  пасля вайны мог ужо напаткаць і ягонага малодшага брата, але таму «падфарціла» — высылка замест забойства.

    2 красавіка 1949-га Якубовіча Івана Данілавіча з той жа вёскі Ліхасельцы ўжо Баранавіцкай вобласці, 1919 году нараджэння, арыштавалі нібыта за сувязь з «ляснымі братамі». Як потым высветлілася — на падставе даносу. 4 сакавіка 1950-га спецорган пры НКВД «особое совещание» асудзіў яго паводле арт. 76 «пасобніцтва антысавецкай арганізацыі». Вырак — 10 гадоў строгага рэжыму ў папраўча-працоўным лагеры з канфіскацыяй маёмасці.

    Жонка і малы сын засталіся ні з чым, прытулілі родныя.

    Адбываў тэрмін за палярным кругам у Варкуце. Першыя пяць гадоў без права перапіскі, у поўнай ізаляцыі ад сваякоў. Толькі пасля смерці Сталіна мая баба Зіна, яе браты і сёстры даведаліся, што Іван жывы. 1 чэрвеня 1956-га быў рэабілітаваны і нават атрымаў матэрыяльную кампенсацыю за 7 гадоў нявольніцкай працы на шахце.

    Хоць фармальна ён быў вызвалены, насамрэч з зоны не адпусцілі, проста перавялі на аблегчаны рэжым. Пры гэтым дазволілі сям’і «ўз’яднацца» — у Варкуту прыехалі жонка з сынам. Засталіся нават некалькі тагачасных здымкаў, у адрозненне ад незафіксаванага нідзе Канстанціна.

    Іван з сынам, жонкай і сямейнай парай, якая гэтаксама праходзіла па «антысавецкай справе», 1956 год

    У выніку затрымаліся ў Комі АССР да канца 1960‑х – яшчэ 10 гадоў апраўданы вязень зарабляў грошы паводле паўночнага тарыфу на будоўлі. Дзеда Вані не стала ў 1985‑м.

    Добра памятаю ягоныя спакойна-стрыманыя аповеды пад чарку пра варкуцінскі экстрым, бо сам быў ужо даволі дарослым. Праўда, тады нават у фантазіях не мог уявіць, што не ў такой ступені, але і самому давядзецца пацярпець за «нелаяльнасьць» — нібыта і «савок» разваліўся, а традыцыі змагання з іншадумствам засталіся.

    Так што дзедаўскія палітычныя гены насамрэч аказаліся «заразнымі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці