«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: сацсеткі журналіста Аляксандра Класкоўскага, акаўнты «belarusnovosti2» і «gomel_novosti» ў TikTok

Аляксандр Класкоўскі на канферэнцыі БАЖ у верасні 2023 года. Фота: БАЖ
Паводле рашэння суда Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ад 31 ліпеня 2025 года ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі Telegram-канал з назвай «Klaskouski» (ідэнтыфіктар t.me/klaskouski) і старонку ў Facebook з назвай «Александр Класковский (Aliaksandr Klaskouski)» (ідэнтыфікатар facebook.com/klaskouski). Гэтыя рэсурсы належаць вядомаму беларускаму журналісту, палітычнаму аналітыку Аляксандру Класкоўскаму.
Рашэннем суда Кастрычніцкага раёна Мінска ад 31 ліпеня 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаная старонка «belarusnovosti2» у TikTok ( ідэнтыфікатар tiktok.сom/@belarusnovosti2). Гэты рэсурс мае амаль 17 с паловай тысяч падпісчыкаў, ён рэтранслюе беларускія навіны. Старонку ўжо ўносілі ў «экстрэмісцкі» спіс на сайце Мінінфарма сёлета ў траўні, аде тады яна мела назву «belarusnovosti1».
У адпаведнасці з рашэннем суда Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці ад 29 ліпеня 2025 года «экстрэмісцкім» абвешчаны TikTok-аккаўнт «@gomel_novosti» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@gomel_novosti). На цяперашні момант старонка з такім ідэнтыфікатарам ужо не адчыняецца. Рэсурс меў больш за шэсць з паловай тысяч падпісчыкаў.
