Дзяржаўнае інтэрнэт-выданне выдаліла артыкул пра ўсталяванне помніка Ракасоўскаму ў Гомелі
Адзінае дзяржмедыя Гомеля, якая апублікавала выяву плануемага помніка Ракасоўскаму, выдаліла публікацыю, заўважыў «Флагшток».

Скрыншот: Флагшток
Выдаленне публікацыі, па меркаванні «Флагштока», можа сведчыць аб узніклых супярэчнасцях паміж мясцовымі ўладамі і расійскімі ініцыятарамі ўстаноўкі манумента.
Падарунак Гомелю ў выглядзе помніка Ракасоўскаму вырашыла зрабіць Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства, якое ўзначальвае памочнік Пуціна Уладзімір Мядзінскі, расказвала раней «Наша Ніва». У конкурсе на найлепшы архітэктурна-мастацкі праект перамагла масквічка Юлія Пашына.

Эскіз помніка маршалу Канстанціну Ракасоўскаму. Фота: РВГТ
Паведамлялася, што помнік двойчы Герою Савецкага Саюза плануецца паставіць у скверы на рагу Савецкай вуліцы і плошчы Паўстання. Побач з гэтым месцам традыцыйна праводзіцца вайсковы парад з нагоды Дня Перамогі.
Як адзначае «Флагшток», расійскі бок проста паставіў жыхароў Гомеля перад фактам падарунка. Гомельскі гарвыканкам працэдур па абмеркаванні помніка не праводзіў. Пры гэтым рэсурсы гарвыканкама не публікавалі выяву помніка. Яны толькі паведамілі, што пытанне яго ўстаноўкі абмяркоўваецца.
