У Беларусі заблакаваны ўкраінскі сайт «Главком» – нібыта «дыскрэдытаваў беларускую дзяржаву і ўладу»
Абмежаванне доступу да папулярнага ўкраінскага навінавага сайта «Главком» адбылося паводле пастановы пракурора Магілёўскай вобласці Валерыя Куліковіча.

Скрыншот сайта «Главком»
Як паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці, на сайце glavcom.ua «размяшчаліся інфармацыйныя матэрыялы, якія ўтрымлівалі заведама ілжывыя звесткі пра палітычнае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча яе грамадзян, а таксама матэрыялы, накіраваныя на дыскрэдытацыю кіраўніка дзяржавы, органаў улады і кіравання».
У сваім рашэнні пракуратура Магілёўскай вобласці спасылаецца на пункт 1 артыкула 38 закона «Аб сродках масавай інфармацыі»: «у СМІ, на інтэрнэт-рэсурсах забаронены распаўсюд інфармацыі, скіраванай на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці ці якая ўтрымлівае заклікі да такой дзейнасці, іншай інфармацыі, распаўсюд якой можа нашкодзіць нацыянальным інтарэсам».
«Главком» — украінскае онлайн-медыя, створанае 3 снежня 2009 года. Уваходзіць у топ-10 самых папулярных навіновых рэсурсаў Украіны. З 2014 года забароненае на тэрыторыі Расіі.
