• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нацыянальная ідэя ва ўмовах вымушанага падзелу грамадства: якая яна?

    13 жніўня ў Вільні прайшла дыскусія «Ідэнтычнасць у выгнанні: што значыць быць беларусам/беларускай сёння і як медыі ствараюць новы наратыў». На яе Беларуская асацыяцыя журналістаў сабрала калег, прадстаўнікоў і прадстаўніц НДА, медыяў і зацікаўленых беларусаў і беларусак, каб разам паспрабаваць вызначыцца з гэтымі светапогляднымі пытаннямі.

    беларускія медыі

    Ілюстрацыя ўзята з сайта euvsdisinfo.eu

    Спікерамі падчас дыскусіі выступілі гісторык, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Алесь Пашкевіч; рэдактарка, папулярызатарка беларускіх народных традыцый Ірына Новік; журналістка, менеджарка PALATNO Media Зоя Хруцкая; гісторык, пісьменнік, аўтар відэапраектаў кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алесь Кіркевіч. Мадэраваў дыскусію рэдактар эфіра «Еўрарадыё», аўтар і вядоўца праграмы Ідэя Х, аўтар кніг «Беларуская нацыянальная ідэя» Зміцер Лукашук.

    Лініі расколу: дзе яны палягаюць?

    Зміцер Лукашук згадаў не такі даўні выпадак. Вясна 2022-га, ён запісвае на  «Еўрарадыё» размову з пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам. І заўважае: да 2020 года раскол у грамадстве праходзіў па лініі стаўлення да нацыянальных каштоўнасцяў (мовы, культуры), а пасля 2020-га грамадства падзялілася на тых, хто біў і каго білі. Як выпраўляць сітуацыю?

    Зміцер Лукашук. Фота facebook.com

    Пісьменнік адказаў прыкладна так. Беларусы здольныя дамовіцца паміж сабой — запэцканыя крывёй сядуць у турму, астатнія пройдуць люстрацыю. Паразумеемся. Але больш страшны падзел на тых, хто з’ехаў, і хто застаўся, бо з часам ён будзе толькі паглыбляцца.

    Гісторык Алесь Пашкевіч таксама мяркуе, што чым далей ад 2020 года, тым большы разлом паміж эмігрантамі і беларусамі ў Беларусі. Гэта і ёсць галоўны выклік, які паўстаў перад грамадствам праз пяць гадоў.

    Наша нацыянальная ідэя захаваць сувязі, а непаразуменні звесці да мінімальнага ўзроўню. У любым выпадку падзел будзе, гэта натуральны працэс. А натуральныя працэсы нельга ігнараваць і нельга ствараць паралельную рэальнасць, — падкрэсліў эксперт.

    Ірына Новік бачыць сваю місію ў «захаванні зярняткаў беларускасці»:

    — Сёння і на вайне, і ў эміграцыі неабходна стварыць умовы для беларускасці, каб з гэтых клетачак націдэя магла прарасці.

    Зоя Хруцкая сфармулявала сваю пазіцыю лаканічна: важна, каб ейны сын — незалежна ад таго, дзе ён будзе, кім ён будзе — заўсёды з гонарам адказваў, што ён беларус.

    Алесь Кіркевіч канкрэтызаваў, што свае падзелы, дадаткова да падзелу паміж эміграцыяй і беларусамі ўнутры краіны, існуюць па абодва бакі размежавальнай лініі. Гэта таму, што «звычайны чалавек» жыве проста сваё жыццё, а вось  спецыялісты мусяць шукаць «маякі ідэнтычнасці», бо менавіта «нацыянальная ідэнтычнасць нас робіць уласна людзьмі, а не біямасай з саўка».

    Алесь Кіркевіч

    Алесь Кіркевіч

    — Ідэнтычнасць, гісторыя, мова — не проста абстрактныя паняцці. У нашым выпадку гэта пытанне нацыянальнай бяспекі і выжывання ўсіх нас як нацыі, — дадае эксперт.

    Свае гістарычныя аргументы супраць прапаганды

    Алесь Пашкевіч адзначае, што кожны беларус у выгнанні мае розныя магчымасці для развіцця беларускасці. Асабіста яму пашанцавала: ён прафесійна працуе на беларускай ніве і з гэтага жыве. Гісторык сам працуе ў беларускім незалежным медыя, да таго часта дае каментары СМІ. Але для большасці беларусаў у выгнанні першасным застаецца пытанне, як выжыць. Ці хопіць у іх сіл у такіх умовах яшчэ і на тое, каб нешта сеяць? 

    Ірына Новік падзялілася сваім рэцэптам прасоўвання беларушчыны:

    Я проста цёця Іра (пад гэтым імём спадарыня Новік вядзе ўласны Telegram-канал,  БАЖ). Расказваю, як можна скруціць лялечку, як раней бабулі завязвалі хусткі, якія пацеркі насілі.

    У маім Tik­Tok-канале каля 30% падпісантаў абазначаныя чырвона-зялёным сцяжком. Але я ўсім даю магчымасць знайсці тое, што нас яднае.

    Напрыклад, учора гатавала бульбяныя піражкі з грыбамі, дык дзеці казалі: пахне як дома, бабуля называла іх пызай… Калі ты ясі піражок з грыбамі і кажаш, што бабуля называла гэта пызай, — значыць, ты можаш называць сябе беларусам.

    Зоя Хруцкая выступае за тое, каб у незалежных медыях з’яўлялася «як мага больш беларускамоўнага кантэнту на любыя тэмы». Таму яе PALATNO Media вядзе расповед выключна па-беларуску.

    hruckaya-1

    Зоя Хруцкая. Фота: Настасся Уткіна

    Мы знайшлі ўспаміны людзей, якія перабіраліся з Беларусі ў ЗША яшчэ сто гадоў таму. Гэтыя гісторыі ляжалі сабе і ляжалі, а мы пераклалі іх на беларускую мову. У тых сведчаннях расповеды, як яны выязджалі з Пінска, Камянца, Брэста, як перасякалі кантрабандай мяжу. Неверагодная рэч! Яшчэ жывыя галасы гэтых беларусаў. Калі б мы працавалі з навінамі, то наўрад ці знайшлі б час і магчымасці да гэтага дакапацца. 

    Алесь Кіркевіч не лічыць сябе гісторыкам, хаця ягоная творчасць звязаная непасрэдна з беларускай гісторыяй. Але ён шукае рэчы, пра якія шырокая публіка ведае нямнога.

    — Гістарычныя сэнсы нікуды не дзеліся, яны глыбока сядзяць у палітыцы любой краіны. Паглядзіце, расіяне будуюць сваю прапаганду на гісторыі. Нам неабходна даваць свае гістарычныя аргументы супраць расійскай прапаганды.

    Паводле назіранняў аўтара відэапраектаў кампаніі «Будзьма беларусамі!», людзі мысляць на два-тры пакаленні назад. Для іх часы Вітаўта — казачная эра кшталту міфаў пра эльфаў. Таму на «Будзьме» шмат увагі надаюць гэтаму тэматычнаму кірунку. Прынамсі, неаднаразова звярталіся да гісторыі шляхты.

    — Гэта цікавы нацыяльны код, які не прапрацаваны. Трэба аўдыторыі нагадваць, што беларусы не толькі партызаны, трактарысты і іншыя паважаныя людзі, але і шляхта. Прычым гледачу цікавыя не толькі Радзівілы, але і больш дробныя прадстаўнікі гэтага саслоўя, — адзначае спадар Кіркевіч.

    Падчас здымак гістарычнага серыяла «Трызуб і Пагоня». Вядоўца —Кацярына Ваданосава

    Напрыклад, з восені 2022 года выходзіць YouTube-праект «Трызуб і пагоня» — яго пачыналі з папулярных гісторый пра вікінгаў, пра Рурыка. Яшчэ адзін вядомы праект  — «Сармат» з Васілём Калачом. У якасці вядоўцаў спецыяльна шукалі ў першую чаргу не дыпламаваных гісторыкаў, а людзей з яркай харызмай.

     Як беларусам заставацца сабой?

    Разважаць у эміграцыі пра гэтую праблему надзвычай цяжка, беларусы гадамі не могуць трапіць на радзіму. Напрыклад, Алесь Пашкевіч супраць звужэння паняцця беларускасці.

    Алесь Пашкевіч

    Алесь Пашкевіч. Фота: «Наша Ніва»

    Шмат нашых суайчыннікаў не размаўляюць у жыцці па-беларуску, не ведаюць дасканала гісторыі, але яны лічаць сябе беларусамі. Яны не адносяць сябе да расіян. Таму мы не маем права лічыць беларусамі толькі свядомых людзей, — мяркуе гісторык. — Можа, беларусам унутры краіны нават прасцей будзе захавацца: яны жывуць там, маюць сваю адметнасць. Калі, крый Божа, нешта здарыцца з суверэнітэтам, то яны ўсё роўна застануцца ў Беларусі, бо жывуць на гэтай тэрыторыі. І гэты факт мае вялікае значэнне.

    Ірына Новік перакананая, што «Беларусь з Беларусі не выведзеш нават дустам».

    Каб хто і хацеў знішчыць беларускасць у краіне, не атрымаецца. Нават калі цябе зафарбоўваюць іншымі нацыянальнымі сімваламі, беларускасць нікуды не дзенецца.

    А вось Алесь Кіркевіч не бачыць універсальнага рэцэпта:

    Памылкова чакаць эталоннай беларускасці, гэта немагчыма. Альбо думаць, што ўсе ў адзін момант цалкам пяройдуць на беларускую мову. Калі ты не маеш такога інструмента, як дзяржаўная адукацыя, нельга чакаць росту беларускасці… Сваю ідэнтычнасць можна будаваць на антытэзе: мы беларусы, мы не рускія. На гэтым адмаўленні ты знойдзеш сваіх аднадумцаў.

    Дзе недапрацоўваюць медыі для папулярызацыі нацыянальнай ідэі?

    Існуюць беларускія СМІ, якія сшываюць дзве часткі беларускага народа. Гэта вельмі важна. Калі ёсць СМІ і іх чытаюць, то ў беларускім парадку дня застаюцца і эмігранты, — лічыць Алесь Пашкевіч.

    Безумоўна, гісторыку вельмі хацелася б большага: каб незалежныя СМІ дамінавалі ў інфармацыйнай прасторы.

    Ірына Новік

    Ірына Новік. Фота: з асабістага архіва

    Ірына Новік бачыць праблему больш складанай:

    Самая цяжкая задача, якую не вырашыў беларускі медыясектар, — ідзе змаганенне на два франты. З расійскамоўнай інфармацыйнай акупацыяй і Google, які не індэксуе беларускую мову. Мы павінны траціць невялікія сілы і грошы, каб данесці кантрабандай наш кантэнт у Беларусь. За пяць гадоў мы не вырашылі гэтую праблему — недапрацоўка, якая перакрывае нам кісларод.

    Зоя Хруцкая раіць падтрымліваць адзін аднаго і паказваць, якія крутыя і класныя незалежныя медыі.

    PALATNO: Дапамагаем беларусам і беларускам успомніць тое, пра што яны забыліся

    З калегай згодны Алесь Кіркевіч. На яго думку, СМІ патрэбна працягваць ствараць якасны кантэнт:

    Рабіць яго папулярна, не грэбаваць ніякімі жанрамі. Куды ідзе моладзь, там павінны прысутнічаць і мы. З рэальнасцю трэба не ваяваць, а працаваць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці