• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дэпутатка Сейма Латвіі: Мы не павінны адмаўляцца ад кантэнту на беларускай мове

    Магчымае закрыццё Беларускай секцыі LSM+ выклікала шырокі розгалас не толькі сярод беларускай дыяспары ў Латвіі. БАЖ паспрабаваў разабрацца ў праблеме і пагутарыў з дэпутаткай Сейма Латвіі Лэйлай Расіма, а таксама з прадстаўнікамі суполкі і Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.

    Скрыншот сайта bel.lsm.lv

    Грамадскія СМІ Латвіі (LSM — Latvi­jas Sabiedriskais medi­js) аб’явілі стратэгічныя напрамкі развіцця кампаніі на 2026—2029 гады. Паводле дакумента, з пачатку 2026 года LSM пераходзіць на чатырохмоўнае вяшчанне: на латышскай, англійскай, украінскай і рускай мовах. Беларуская і польская мовы (пакуль яшчэ выходзяць адпаведныя моўныя версіі сайта) не згадваюцца ўвогуле. Ці азначае гэта, што беларускамоўны сайт LSM, створаны толькі ў ліпені 2023 года, перастане існаваць?

    Радзівон Бягляк: Закрыццё Беларускай секцыі LSM+ можа паўплываць на інфармацыйную бяспеку Латвіі

    Рашэнне LSM выклікала шырокі грамадскі рэзананс, найперш сярод беларускай грамады ў Латвіі, якая агулам налічвае больш за 50 тысяч чалавек. Першай забіла трывогу Асацыяцыя беларусаў Латвіі «Суполка», створаная ў разгар беларускай рэвалюцыі 2020 года.

    Радзівон Бягляк. Фота: з асабістага архіва

    Старшыня Асацыяцыі беларусаў Латвіі «Суполка» Радзівон Бягляк распавёў БАЖ, якая сітуацыя складаецца вакол беларускай версіі сайта LSM+.

    Паводле стратэгічных прыярытэтаў, зацверджаных кіраўніцтвам LSM на 2026—2029 гады, запланавана рэформа, якая накіраваная на пераход да адзінай лічбавай платформы. Мяркуецца, што ўвесь кантэнт на ТБ і радыё будзе на латышскай мове, а ўсе матэрыялы на замежных мовах будуць даступныя выключна ў лічбавым фармаце на сайце LSM.lv.

    Згодна з распрацаванай канцэпцыяй, асноўнай мовай на сайце будзе латышская, а пераклады асобных матэрыялаў стануць даступныя на рускай, украінскай і англійскай мовах. Пры гэтым выкарыстанне беларускай і польскай моў не ўзгадваецца ў праекце рэформ, што азначае ліквідацыю адпаведных секцый партала. Афіцыйная пазіцыя кіраўніцтва LSM заключаецца ў тым, што рэформа неабходная для аптымізацыі выдаткаў і стварэння медыяў, больш сфакусаваных на папулярызацыі латышскага кантэнту і мовы.

    Аднак на практыцы, калі прааналізаваць рэальную працу Беларускай секцыі, становіцца відавочна, што гэтае рашэнне можа мець негатыўныя наступствы. Закрыццё папулярнага медыя на роднай мове — гэта вельмі сур’ёзны ўдар па нашай нацыянальнай суполцы.

    Гэта не проста страта крыніцы навін, гэта рызыка для захавання беларускай ідэнтычнасці і культуры. Без такой платформы галасы беларускай дэмакратычнай дыяспары будуць заглушаныя ў агульнай рускамоўнай інфармацыйнай прасторы, — занепакоены Радзівон Бягляк.

    Другі ключавы момант, які часта не згадваюць, — унікальная каштоўнасць беларускай рэдакцыі заключаецца не толькі ў інфармаванні дыяспары.

    Праца журналістаў, змушаных пакінуць сваю краіну, служыць крыніцай дакладных і глыбокіх матэрыялаў для шырокай латвійскай аўдыторыі. Хаця колькасць прамых чытачоў беларускай версіі LSM+ з Латвіі невялікая, дадзеныя паказваюць, што артыкулы, створаныя беларускімі журналістамі, пасля перакладу на латышскую і рускую мовы атрымліваюць дзясяткі тысяч праглядаў. Гэта сведчыць пра тое, што рэдакцыя з’яўляецца важнай крыніцай інфармацыі для шырокай аўдыторыі LSM, а не толькі для беларускамоўнай меншасці, — адзначае кіраўнік «Суполкі».

    Існуе і яшчэ адзін вельмі важны аспект праблемы, які непасрэдна датычыць нацыянальных інтарэсаў Латвіі.

    Асаблівы непакой выклікае ўплыў гэтага рашэння на інфармацыйную бяспеку Латвіі. Журналісты, вымушаныя пакінуць Беларусь, маюць унікальную экспертызу ў асвятленні падзей і супрацьдзеянні дэзінфармацыі, якая зыходзіць ад рэжыму Лукашэнкі. Гэта мае вырашальнае значэнне, улічваючы вынікі нядаўняга апытання, замоўленага самім LSM. Паводле дадзеных, 39% латышоў не ацэньваюць беларускі дыктатарскі рэжым негатыўна (выбіраючы альбо пазітыўную адзнаку, альбо «цяжка сказаць»). Сярод рускамоўных доля такіх складае 83%.

    У гэтым кантэксце закрыццё рэдакцыі разглядаецца як крок, які аслабляе адзін з нямногіх надзейных каналаў інфармацыі, здольных супрацьдзейнічаць прапагандзе і падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларусаў.

    Асацыяцыя беларусаў Латвіі «Суполка» і Асацыяцыя нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя І. Казакевіч звярнуліся да дэпутатаў групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі ў Сейме Латвіі з просьбай падтрымаць захаванне беларускамоўнай секцыі LSM+.

    Існуе гістарычны прэцэдэнт, у перыяд Першай Латвійскай Рэспублікі вядомы латышскі паэт Яніс Райніс і як дэпутат Сейма, і як міністр адукацыі актыўна падтрымліваў стварэнне беларускіх адукацыйных устаноў, разумеючы, што ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці з’яўляецца ключом да выхаду са сферы расійскага ўплыву.

    Сёння на латвійскіх парламентарыях ляжыць адказнасць за працяг гэтай гістарычнай лініі. І яны могуць дапамагчы, узняўшы гэтае пытанне на ўзроўні профільных камітэтаў. Такіх як Камітэт па правах чалавека і грамадскіх справах Сейма, і заклікаўшы кіраўніцтва LSM і SEPLP скарэктаваць сваё рашэнне.

    — Для абмеркавання гэтага пытання мы гатовы да дыялогу і прапануем арганізаваць сустрэчу з прадстаўнікамі Рады па грамадскіх электронных СМІ (SEPLP), LSM, Камісіі Сейма па правах чалавека і грамадскіх справах, парламенцкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі і амбасадара па асобых даручэннях МЗС Латвіі — прадстаўніка пры дэмакратычных сілах Беларусі, — гаворыць Радзівон Бягляк.

    Акрамя таго, «Суполка» звярнулася да прафесійных аб’яднанняў журналістаў — як беларускіх, так і еўрапейскіх — з заклікам падтрымаць беларускую секцыю LSM+. Падтрымаць «не толькі як сімвал народа, які працягвае змагацца за свае правы, але і як абарону прынцыпу культурнай разнастайнасці. Гэта пытанне не толькі пра медыі, але і пра каштоўнасці, якія мы мусім адстойваць».

    З ініцыятывы «Суполкі» ў падтрымку беларускай секцыі LSM+ таксама выступіў Офіс дэмакратычных сіл Беларусі і прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.

    Павел Баркоўскі: Месца беларускай рэдакцыі LSM можа заняць расійская прапаганда

    Прадстаўнік у справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Баркоўскі выказаў сваю пазіцыю па праблеме.

    Павел Баркоўскі. Фота: Еўрарадыё

    — Беларуская секцыя Грамадскіх СМІ Латвіі была ўтвораная ў ліпені 2023 года. Яна з’яўлялася выключным праектам і ўдалым прыкладам супрацы паміж прадстаўнікамі сферы медыя і журналістыкі розных народаў.

    З’яўленне незалежнага канала інфармацыі на беларускай мове для жыхароў Латвіі і памежных раёнаў Беларусі было не толькі эфектыўным сродкам супрацьдзеяння дэзынфармацыі і прапагандзе, якія на сталай аснове распаўсюджваюцца на рускай мове ў рэгіёне, але і надзейным сродкам захавання і ўзмацнення нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.

    З’яўленне беларускай секцыі на адным з папулярных каналаў латышскіх СМІ было прыкладам важнай сімвалічнай падтрымкі барацьбы беларусаў за дэмакратыю і незалежнасць, крыніцай надзеі на тое, што нашы каштоўнасці супадаюць з еўрапейскімі народамі, гатовымі прыняць беларусаў у сваю сям’ю ў будучым.

    Гарантуючы важны ўнёсак у барацьбу з дэзынфармацыяй і працуючы на рэгіянальную бяспеку, такое медыя стварала бар’ер перад далейшай русіфікацыяй беларусаў. Яны вымушана знаходзяцца ў Латвіі і часова не здольныя знаходзіцца ў мясцовым інфармацыйным полі, таму могуць памылкова выбіраць ангажаваныя рускамоўныя крыніцы. Калі голас і аргументы беларусаў не будуць пачутыя і беларуская секцыя LSM+ не зможа аднавіць сваю працу — гэта будзе моцным ударам па салідарнасці. А таксама прыкметай перамогі рускамоўнай прапаганды, якая можа заняць месца асноўнай крыніцы інфармацыі для беларусаў пры знаёмстве з навінамі і падзеямі ў рэгіёне.

    Лэйла Расіма: «Мы не павінны страціць гэты каштоўны рэсурс»

    Дэпутатка ад партыі «Прагрэсіўныя» ў Сейме Латвіі Лэйла Расіма на просьбу БАЖ выказала сваё бачанне магчымага закрыцця Беларускай секцыі LSM+. Пасля міжсесійных вакацыяў парламента дэпутатка плануе склікаць пасяджэнне Камісіі па правах чалавека Сейма і разам з кіраўніцтвам LSM і Радай па грамадскіх электронных СМІ (SEPLP) правесці слуханні па праблеме.

    Лэйла Расіма. Фота: flickr.com/Ieva Ābele, Saeima/CC BY-SA 2.0 DEED

    — У чым палягае галоўная мэта рэформы LSM?

    — Мэта заключаецца ў тым, каб пакласці канец падзелу грамадства ў Латвіі на дзве супольнасці — латышскамоўную і рускамоўную. А таксама забяспечыць у будучыні, каб Грамадскія СМІ Латвіі — як тэлебачанне, гэтак і радыё — давалі кантэнт на дзяржаўнай мове. Таму з 2026 года плануецца перавесці вяшчанне латвійскага радыё выключна на дзяржаўную мову. Таму будзе закрыты канал LR4 (кантэнт LTV ужо цяпер выходзіць толькі на латышскай мове).

    — Кіраўніцтва LSM плануе зачыніць беларускамоўную версію сайта з пачатку 2026 года. Чаму прынята такое рашэнне?

    — Адначасова з рашэннем забяспечыць публікацыю кантэнта на Латвійскім тэлебачанні і радыё толькі на дзяржаўнай мове, запланаваныя і іншыя змены дзеля ўмацавання і павышэння эффектыўнасці Грамадскіх СМІ Латвіі. Гаворка, сярод іншага, ідзе і пра рэструктурызацыю рэдакцыйных каманд у межах анлайн-платформы LSM.lv.

    Да рэдакцыі LSM.lv, якая цяпер стварае і публікуе лічбавы кантэнт на латышскай мове, плануецца далучыць рэдакцыйную каманду LSM+ (гістарычна rus.lsm). Яна зараз робіць кантэнт на розных мовах нацыянальных меншасцяў, але пераважна — на рускай. У выніку рэдакцыйная каманда LSM+ у яе цяперашнім выглядзе перастане існаваць і будзе інтэграваная ў асноўную рэдакцыю LSM. Надалей стварэнне кантэнту будзе праходзіць сумесна ў межах адзінай рэдакцыйнай структуры.

    Хаця ў стратэгічных прыярытэтах на 2026—2029 гады, падрыхтаваных праўленнем LSM, прадугледжана, што надалей на тэлебачанні, радыё і ў лічбавым асяродку прыярытэт будзе аддавацца кантэнту на латышскай мове. Аднак няма планаў цалкам адмаўляцца ад кантэнту на іншых мовах. У прыярытэтах згадваюцца тры мовы: англійская, украінская і руская. Але зараз, пасля пярэчанняў польскіх і беларускіх арганізацый пра неабходнасць захавання кантэнту на польскай і беларускай мовах, праўленне LSM будзе працаваць над тым, як знайсці рашэнні — якім чынам забяспечыць патрэбы гэтых супольнасцяў.

    — Беларуская версія сайта LSM стала адным з самых гучных галасоў беларускай дыяспары ў Латвіі. Артыкулы для беларускай версіі сайта пішуць беларускія журналісты, якія збеглі ад палітычных рэпрэсій у Беларусі. Яны змагаюцца з прапагандай рэжыму Лукашэнкі, бо расказваюць праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Іхнія публікацыі перакладаюцца на латышскую і рускую мовы — асноўныя мовы сайта. Магчыма, у кантэксце інфармацыйнай вайны мае сэнс умацоўваць беларускую секцыю, а не зачыняць яе? На вашу думку, ці апраўданае такое рашэнне ў часы інфармацыйнай вайны?

    — Я лічу кантэнт пра падзеі ў Беларусі, які з’яўляецца ў Грамадскіх СМІ Латвіі, вельмі важным для ўсяго латвійскага грамадства. Такім чынам мы можам атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю (пра падзеі ў Беларусі — БАЖ) і змагацца з дэзынфармацыяй і прапагандай, якія зыходзяць з Крамля і ад рэжыму Лукашэнкі. Гэта надзвычай важна для бяспекі Латвіі, супраць якой вядзецца інфармацыйная вайна.

    Кантэнт на беларускай мове вельмі патрэбны для мясцовай беларускай супольнасці, якая пасля рэпрэсій 2020 года пераехала жыць у Латвію. Ён дазваляе дыяспары атрымліваць інфармацыю пра значныя для іх падзеі і важныя палітычныя рашэнні ў Латвіі, якія ўплываюць на іхняе жыццё тут.

    Я таксама лічу вялікай перавагай, што беларускія журналісты працуюць у Грамадскіх СМІ Латвіі, таму што яны лепш за іншых разумеюць, што важна для беларускай супольнасці ў Латвіі, а таксама асвятляюць падзеі ў Беларусі, пра якія павінна ведаць усё латвійскае грамадства.

    На маю думку, мы не павінны страціць гэты каштоўны рэсурс. Гэтаксама як і не павінны адмаўляцца ад кантэнту на беларускай мове ў лічбавым асяродку з меркаванняў эфектыўнасці працы і эканоміі сродкаў. Такім чынам мы не толькі эфектыўна ахопліваем беларускую дыяспару ў Латвіі, але і ўмацоўваем бяспеку Латвіі. А таксама змагаемся з дэзынфармацыяй і салідарызуемся з беларускімі імкненнямі да свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.

    — Беларуская дыяспара звярнулася да дэпутатаў Сейма з просьбай дапамагчы захаваць Беларускую секцыю LSM+. Як парламентары могуць дапамагчы?

    — Як старшыня парламенцкай групы па падтрымцы дэмакратычнай Беларусі я падтрымліваю заклік беларускіх дыяспарных арганізацый у Латвіі, а таксама Дэмакратычных сіл Беларусі пра захаванне кантэнту на беларускай мове ў Грамадскіх СМІ Латвіі.

    У верасні, калі Сейм адновіць працу пасля міжсесійных вакацый, я планую склікаць пасяджэнне Камітэта па правах чалавека і грамадскіх справах, каб рагледзець менавіта гэтае пытанне. Я хачу запрасіць на сустрэчу праўленне LSM і Раду па грамадскіх электронных СМІ (SEPLP), каб выслухаць іхнія планы па рашэнні пытанняў, звязаных з будучай працай LSM.

    Нашая мэта — умацаваць нядаўна аб’яднаныя Грамадскія СМІ Латвіі. І ў гэтым працэсе важна не страціць тое, што ўжо добра працуе і ўносіць істотны ўклад у выкананне іх місіі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці