Журналіста Алега Супрунюка прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі
Як стала вядома ад знаёмых брэсцкага журналіста, 8 жніўня Алег Супрунюк быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні». Да суда больш за паўгода журналіста ўтрымлівалі пад вартай у СІЗА.

Алег Супрунюк. Фота: з асабістага архіва
Паводле сяброў Алега Супрунюка, сёлета пасля 22 студзеня ён перастаў адказваць на тэлефанаванні і не з’яўляўся ў сацыяльных сетках.
Спачатку калегі прытрымліваліся версіі, што ён можа быць затрыманы і асуджаны па адміністрацыйнай справе. Тым больш, што такі выпадак напярэдадні ўжо быў. 12 снежня 2024 года сілавікі прыходзілі да Алега Супрунюка з ператрусам. Тады ў журналіста забралі камп’ютарную тэхніку і тэлефон, а яго самога павезлі на допыт. Пасля допыту быў складзены адміністрацыйны пратакол за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» (паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Журналіста асудзілі на 15 сутак арышту, 27 снежня ён выйшаў на волю.
Калі пасля 22 студзеня Алег Супрунюк знік на больш працяглы час, стала зразумела, што гэтым разам ён затрыманы ў межах крымінальнай справы. Амаль пяць месяцаў пра лёс журналіста нічога не было вядома.
4 чэрвеня 2025 года пракуратура Брэсцкай вобласці распаўсюдзіла інфармацыю, што ў суд накіраваная крымінальная справа, распачатая супраць жыхара Брэста паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Ведамства не назвала імя і прозвішча абвінавачанага, толькі сцвярджала, што не пазней кастрычніка 2023 года мужчына ўвайшоў у склад «Беларускай асацыяцыі журналістаў», прызнанай «экстрэмісцкім фармаваннем» рашэннем КДБ ад 28 лютага 2023 года. Паводле пракуратуры, у якасці ўдзельніка «экстрэмісцкага фармавання» ён напісаў не менш за 43 артыкулы, апублікаваныя ў інтэрнэце.
Алег Супрунюк вядомы жыхарам Брэстчыны як рэпарцёр, які асвятляў для іх сацыяльна і грамадска значныя праблемы рэгіёна. За час у прафесіі працаваў у газеце «Брестский курьер», анлайн-выданні «Пёршы рэгіён», супрацоўнічаў з іншымі незалежнымі выданнямі.
Алегу Супрунюку ў верасні споўніцца 58 гадоў. Ён мае інваліднасць, і ёсць перасцярогі, што за кратамі стан здароўя журналіста можна значна пагоршыцца.
