Тры журналісты ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі Вацлава Гаўла
Кароткі спіс намінантаў на прэмію Вацлава Гаўла сёлета складаецца з журналістаў. У яго ўключылі Максіма Буткевіча з Украіны, Мзію Амаглобелі з Грузіі і Ульві Гасанлі з Азербайджана.

Фота: Tore Sætre / en.wikipedia.org
Пра гэта паведамляецца на сайце Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ).
Максім Буткевіч — украінскі журналіст, праваабаронца, сузаснавальнік праваабарончага цэнтра Zmina і «Громадського радіо». Пасля пачатку паўнамаштабнага расійскага ўварвання ён далучыўся да Узброеных сіл Украіны і стаў камандзірам узвода. Неўзабаве патрапіў у расійскі палон. У Расіі яго асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі. У кастрычніку 2024 года Буткевіча вызвалілі ў рамках абмену палоннымі.
«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў
Мзія Амаглобелі — заснавальніца і галоўны рэдактар незалежных грузінскіх выданняў Batumelebi і Netgazeti. Яе арышталвалі сёлета 11 студзеня падчас акцыі пратэсту ў Батумі. У жніўні асудзілі на два гады пазбаўлення волі па абвінавачванні ў «супраціве, пагрозе або ўжыванні гвалту ў дачыненні да асобы, якая падтрымлівае грамадскі парадак, або іншага прадстаўніка ўлады».
Свабоду грузінскай журналістцы Мзіі Амаглабелі! Заява праваабарончых арганізацый
Ульві Гасанлі — азербайджанскі журналіст, дырэктар незалежнага выдання Abzas Media. З 2011 года ён падвяргаецца пераследу з боку ўладаў, у тым ліку незаконнаму затрыманню, катаванням і палітычна матываваным абвінавачванням. У чэрвені 2025 года Гасанлі асудзілі на дзевяць гадоў пазбаўлення волі. Зараз ён утрымліваецца ў цяжкіх умовах у турме.
«Сёння, як ніколі раней, вельмі важна адзначыць жанчын і мужчын, якія сваёй мужнасцю, рашучасцю і сілай паказваюць нам шлях да свабоды. Журналісты, у прыватнасці, сваёй мужнасцю, рашучасцю і нязменнай адданасцю праўдзе асвятляюць шлях да свабоды і справядлівасці», — сказаў прэзідэнт ПАСЕ Тэадорас Русопулас падчас абвяшчэння рашэння.
Імя пераможцы назавуць на адкрыцці восеньскай пленарнай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу 29 верасня.
Прэмія Вацлава Гаўла за абарону правоў чалавека штогод прысуджаецца ПАСЕ ў партнёрстве з Бібліятэкай імя Вацлава Гаўла і фондам «Хартыя 77». У 2021 годзе яе лаўрэаткай стала Марыя Калеснікава.
