«Працы на пакаленне хопіць». Сяргей Будкін — пра беларускі культурны працэс
Budzma.org пагаварыў з арт-менеджарам, кіраўніком Беларускай Рады культуры Сяргеем Будкіным пра сучасныя тэндэнцыі ў беларускай культуры, накірункі дзейнасці БРК і прынцыпы размеркавання фінансавай дапамогі, а таксама пра тое, наколькі востра стаіць праблема распускання беларускай культуры ў суседніх.

Сяргей Будкін. Фота з асабістага архіва героя
Беларуская Рада культуры — аб’яднанне дзеячаў культуры для падтрымкі актуальных творчых праектаў і спрыянню зменаў у грамадстве праз культуру. Створаная ў кастрычніку 2020 года, выступае супраць узурпацыі ўлады ў Беларусі.
Гуманітарны кірунак дзейнасці Беларускай Рады культуры, «на жаль, быў і застаецца актуальным». Разам з тым «відавочны адыход ад тэмы 2020 года», адзначае ў размове з Budzma.org арт-менеджар, кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін і заўважае, што сёння «на поле заходзіць пакаленне творцаў, на якіх 2020 год не асабліва адбіўся — проста па прычыне іх узросту».
— У сённяшняй беларускай сітуацыі не прынята хваліцца. Але тое, што можна было зрабіць для сферы культуры, паўплываць на нейкія зрухі, уладкаваць інфраструктуру, датычную беларускай культуры, пабудаваць з гэтых руін нейкія хаткі — мне здаецца, шмат чаго тут зрабіць атрымалася. Ды й зараз па заяўках, што мы атрымоўваем ад творцаў, бачна, што якасць прапановы расце. Пры гэтым відавочны адыход ад тэмы 2020 года, хаця, безумоўна, тая траўматычнасць адчуваецца.
Я б сказаў, што можна казаць пра нейкую новую стваральнасць, крэатыўнасць, пра спробу знайсці сябе ў новых умовах.
Мне здаецца, мы разам з усім грамадствам паступова адаптуемся да той сітуацыі, якая ёсць, безумоўна, з жаданнем нешта змяніць.
І тое, што прыдумляюць людзі ў Беларусі — часам абсалютна дзівоснае ці дзіўнае — у нармальных абставінах да такога ўзроўню крэатыўнасці не дадумаўся б. Але, па зразумелых прычынах, не магу расказваць пра творцаў унутры Беларусі.
— Беларуская Рада культуры неяк падзяляе плошчы працы — вось тут мы бачым культурніцкае поле ў Беларусі, а вось тут кажам пра культурніцкае поле дыяспары?
— Мы ў прынцыпе кажам пра адну беларускую культурную прастору, падкрэсліваем, што дзе б ні знаходзіўся творца, калі ён хоча быць карысным Беларусі, напаўняць сваімі ідэямі і праектамі беларускую культуру, то гэта праца на агульнае культурнае поле. Таму для нас так важна, напрыклад, заахвочваць да нейкіх сумесных праектаў тых, хто ў Беларусі, і тых, хто звонку. Важна ў прынцыпе тое, што робіцца там, у Беларусі. Важна і само разуменне, што жыццё там працягваецца, нягледзячы ні на што. Пры гэтым людзі, якія з’ехалі з Беларусі, таксама спрабуюць застацца ў прафесіі, прапанаваць нешта канкурэнтаздольнае, не толькі цікавае мігрантам. Таму, лічу, даволі аптымістычным усё гэта выглядае — такі кацёл, які бурліць, што праўда, не ўсе бурбалкі заўважныя, можа быць.

Сяргей Будкін. Фота з асабістага архіва героя
— Вы пачыналі з гуманітарнай дапамогі ў 2020‑м, гэта застаецца актуальным праз 5 гадоў?
— На жаль, так. І на жаль, ніколі не хапае на гэта рэсурсаў. І як бы мы не хацелі закрыць гэты гуманітарны кірунак і займацца толькі канкрэтнымі справамі, датычнымі культуры, мы разумеем, што гэта праца расцягнецца на дзесяцігоддзі. Запыт на падтрымку будзе — на псіхалагічную, на юрыдычную, на медычную, на фінансавую, на візавую і г. д.
Мы нават вылучылі асобны трэк у праграме ArtPower Belarus, які разлічаны менавіта на рэпрэсаваных творцаў, на той кантэнт, які яны хочуць рабіць па выхадзе з турмы ці па выездзе з краіны. Таму гэта, на жаль, застаецца вельмі актуальным.
Калі ж казаць пра больш мірныя нейкія задачы, то, натуральна, гэта напрацоўка важных для сферы дакументаў, даследаванняў, ацэнка стану культуры, аналітыка па галінах, пэўныя адвакацыйныя дакументы.
Натуральна, што гэта падтрымка творцаў, распрацоўка розных праграм, самая бачная з іх гэта ArtPower Belarus, але ёсць і зусім не публічныя. Гэта прасоўванне ідэі спонсарства, філантропія, прыцягненне прыватных грошай. Ну і канечне, гэта адукацыйныя праграмы.
Ужо можна сказаць па прачытанні заявак, якія прыйшлі на ArtPower Belarus‑2, што іх якасць значна павысілася, я не думаю, што гэта толькі наша заслуга, але тое, што мы палічылі важным гэта ад пачатку, было правільным і ўдалым рашэннем.
Правялі школу арт-менеджменту, ідуць інфасесіі, вельмі падрабязна распавядаем, як што падаць, як звязаць, якія мусяць быць пазіцыі, пункты, мэты, задачы, як фармуляваць бюджэт пісьменна і г. д. Вельмі радасна, што людзі гатовыя вучыцца, не губляць час дарма: праходзіць нейкія курсы, падвышаць кампетэнцыі, вучыць мовы, ездзіць, сустракацца, напрацоўваць кантакты і г. д. Вельмі спадзяюся, што гэты складаны час кожны правядзе па максімуме для сябе, для сваіх тэмы, сферы, праекта.
— Ты сказаў пра актуальнасць гуманітарнага кірунку на дзесяцігоддзі?
— Ну нават калі яно заўтра ўсё скончыцца, калі сітуацыя сама па сабе зменіцца ў Беларусі, то наступствы, упэўнены, расцягнуцца менавіта на дзесяцігоддзі. Можам успомніць, як сваякі рэпрэсаваных у 30‑я гады пісьменнікаў баяліся пра гэта гаварыць услых сваім дзецям і ўнукам ужо ў наш час. Сваякі Зарэцкага прызнаваліся, што вельмі позна даведаліся пра тое, што здарылася з Міхасём. То-бок гэты страх, наступствы гэтай траўмы, патрэбы вярнуцца ў прафесію пасля доўгага перапынку, прымітыўныя легалізацыйныя пытанні — увесь гэты ком праблем, які атачае любога беларуса і творцу ў тым ліку — ён будзе. І патрэба ў больш шырокіх праграмах падтрымкі — рэабілітацыі, прапрацоўкі траўмы — відавочная. Як бы мы не хацелі прачнуцца адразу жывымі і здаровымі. Мне здаецца, усё гэта даткнулася абсалютна кожнага.
Зазначу, што за першыя тры гады нашага існавання:
- больш чым 1600 дзеячоў культуры атрымалі экстранную персанальную падтрымку: візы, грашовыя выплаты, псіхалагічныя кансультацыі і г.д;
- больш за 250 творцаў наведалі арт-рэзідэнцыі ці скарысталіся праграмай мабільнасці;
- больш за 230 праектаў рэлізаваныя ці прафінансаваныя.

Сяргей Будкін. Фота з асабістага архіва героя
— Не раз чуў нараканні пра цяжкасці ў атрыманні фінансавай дапамогі ад БРК, пра тое, што чуваць пра вялікія сумы на культуру ад донараў, а вось да творцаў і не даходзіць.
— Па-першае, мы працуем над прыцягненнем у прынцыпе інвестыцый у беларускую культуру. Гэта можа выяўляцца ў розных рэсурсах — і фінансавых, і чалавечых, і проста ў ведах. Адна з мэтаў — узбройваць людзей для таго, каб яны здабывалі сабе якасна неабходныя рэсурсы для сваёй рэалізацыі. Гэта ментарынг. Звужаць нашу дзейнасць проста да размеркавальніка грошай будзе няправільным. Мы яе бачым значна шырэй.
Адносна ўласна грошай, то мы ад пачатку арганізавалі працэс такім чынам, што гэтыя грошы ў прынцыпе на беларускую культуру хаця б існуюць. Бо асобнага трэку на культуру да 2021 года для беларусаў не было. У спісе прыярытэтаў Еўракамісіі ў працы з грамадзянскай супольнасцю Беларусі гэты трэк з’явіўся ў тым ліку дзякуючы нашай адвакацыйнай працы. І безумоўна, нашых партнёраў: дэмсілаў і ўсіх, хто падтрымлівае саму ідэю, што праз культуру мы можам уплываць на змены ў Беларусі, што ў прынцыпе гэта фундаментальная сфера, якая звязаная і з нацыянальнай бяспекай, і з паняццем ідэнтычнасці і ўласна суверэнітэтам краіны. То-бок гэта не проста пра патанцаваць. І таму гэта ўжо іншая дзейнасць, чым проста размеркаванне сродкаў.
Гэта і пра наладжванне самога працэсу, таму што проста ўзяць у касе пэўную суму грошай немагчыма. Трэба арганізаваць працэс такім чынам, каб гэта было зразумела, празрыста, працавала на карысць, было мінімальна забюракратызавана, але пры гэтым не залежала ад майго ці кагосьці яшчэ жадання па прынцыпе лаяльнасці ці сяброўства гэтаму даць, а гэтаму — не даць. У нас ёсць партнёры, у тым ліку Дацкі інстытут культуры, з якім мы рэалізуем ArtPower Belarus, былі і ёсць партнёры ў розных краінах па розных праектах. Мы праходзім аўдыт і — паколькі партнёры нам давяраюць і працягваюць з намі працаваць, паколькі праект ArtPower Belarus працягнуўся, — значыць, працэсы наладжаныя правільна. Так лічаць людзі, якія з намі працуюць і нам давяраюць. І мы гэты давер мусім апраўдваць і адсправаздачыцца за кожную капейку — паказаць, як, на што і для чаго гэта размяркоўваецца. Усё гэта не так проста, як думаюць крытыкі.
Натуральна, грошы размяркоўваюцца выключна на конкурснай аснове, выключна праз заключэнні незалежных экспертаў з дапамогай цэлай сістэмы, якая зараз наладжаная на яшчэ лепшым узроўні з улікам заўваг. То-бок кажам пра пастаянны рост, пастаянны аналіз усіх слушных канструктыўных прапаноў, аналіз досведу. І такі прыклад прывяду.
Калі вы паступаеце ва ўніверсітэт і там значыцца чатыры чалавекі на месца, то вы ж разумееце, што трое з гэтых чатырох не пройдуць, напэўна, разумееце і тое, што рэктар у гэтым не вінаваты. Конкурс вялікі — не ўсе паступаюць ва ўнівер з тых, хто хоча ў яго паступіць. Калі праводзіць такія простыя аналогіі, то тады, здаецца, людзі разумеюць, што такое конкурсная аснова.
Калі ў цябе на руках пэўная сума грошай, а запыт на яе перавышае ў 5, 7, а часам і ў 10 разоў, то ты разумееш, што так — хтосьці з заяўнікаў не атрымае дапамогу. Але ёсць тыя, хто атрымліваюць сродкі і праходзяць усе працэдуры, рэалізуюць праекты, даюць справаздачнасць. Частка з іх бачная публічна на нашым раздзеле, шмат дзе можна не ўбачыць пазнаку нашага ўдзелу, але ён ёсць.
Таму казаць, што мы не даём камусьці штосьці — гэта таксама няпраўда. Ёсць канкрэтныя лічбы, колькі праектаў падтрымана і на якія сумы.

Сяргей Будкін. Фота з асабістага архіва героя
— Вернемся да пачатку размовы: ты сказаў пра відавочны адыход ад тэмы 2020-га, але і пра траўму на дзесяцігоддзі.
— Тэма 2020-га, безумоўна, цалкам нікуды не сыдзе, бо шмат хто яшчэ не можа пра ўсё сказаць, шмат хто застаецца ў Беларусі і мае што сказаць з гэтай нагоды і ў творчым плане таксама, ёсць тыя, хто застаецца за кратамі. Таму, безумоўна, яна будзе заўжды неяк адбівацца на творчасці, на нашых дзеяннях, на калектыўнай памяці. Мы ж да 2020-га якраз прапрацоўвалі 1937 год. Праект «(Не)расстраляная паэзія» з’явіўся якраз з нагоды, каб паспрабаваць з трагічнасці, са смерці выйсці ў жыццё і ўмкнуць у ланцуг гэтых людзей, якіх адтуль так вырвалі. І вось колькі часу спатрэбілася… Натуральна, што гэта можа зажыць толькі тады, калі ўсе завалы разабраныя, злачынствы асуджаныя, злачынцы пакараныя, высновы зробленыя — гэта праца не хуценькая. Напэўна, на пакаленне хопіць.
У той жа час усё развіваецца вельмі хутка. І на поле заходзіць пакаленне творцаў, на якіх 2020 год не асабліва адбіўся — проста па прычыне іх узросту.
Гэта, відавочна, штосьці бесканфліктнае, па-за палітыкай. І гэта не наўмысна так, вельмі часта гэта зусім не самацэнзура, а вось так, так з імі і ў іх склалася.
Так што тут дзве тэндэнцыі. Самазабыццё з аднаго боку і пастаянны боль з другога. Таму ў тых ці іншых формах гэта будзе прапрацоўвацца, будзе так ці інакш актуальным.
Але, натуральна, ёсць стомленасць ад тэмы 2020-га. І толькі гэта — 2020 — не павінна асацыявацца з Беларуссю. Гэты тон ахвярнасці перашкаджае нам развівацца.
Вельмі важна казаць, што беларусы — частка сусветнага культурнага кантэксту, еўрапейскага кантэксту, што беларусы ў яго ўваходзяць, што яны не нейкія выпадковыя тут, што яны ўзбагачаюць сабой сусветную культурную прастору.
Самыя банальныя факты, калі браць апошняе дзесяцігоддзе: у нас два нобелеўскія лаўрэаты, два кавалеры ордэна Брытанскай імперыі, намінант на прэмію «Грэмі», пераможцы вялікіх кінафестываляў, хэдлайнеры сусветных музычных фэстаў у абсалютна розных стылях — ад оперы да Каржа. Ізноў жа нельга выключаць з працэсу тое, што нам не падабаецца эстэтычна, стылістычна, гэта значыць, збядняць працэс. Ну вось такая беларуская культура — шматаблічная, шматзначная, шматстайная, шматмоўная. Гэта проста расказвае пра нас па-рознаму. Не бачу тут праблемы ў прынцыпе.
— А праблемы распускання беларускай культуры ў суседніх, ці не будзе адаптацыя, пра якую гаварылі, роўнай паглынанню?
— Ясна, што працэнт поўнага паглынання, распускання ў чужых культурах будзе. Але пры гэтым мы ўжо зараз назіраем нейкі сімбіёз, узаемаабмен энергіяй. Спектакль купалаўцаў ставіць польскі рэжысёр, напрыклад, ці нейкія музычныя фіты бачым. Таму гэта можа набыць цікавыя формы пры ўмове стрыжневасці самога беларускага творцы.
Калі ў творцы з паняццем ідэнтычнасці ўсё ок, то хто ж яго паглыне тады? Наадварот, беларускі творца можа ўзбагаціць, наадварот, тут могуць быць цікавыя прадукты ў гэтых межах.

Сяргей Будкін. Фота з асабістага архіва героя
Вось з апошніх прыкладаў Анастасія Рыдлеўская, якая спявае і па-ангельску, і па-беларуску ў адным трэку, гэта тое, што можа быць цікава і замежнай публіцы. Эклектычнасць, але не размыванне, мне здаецца, можа быць цікавай прапановай свету.
Тут яшчэ важна наладжванне міжнароднай суб’ектнасці, удзел у міжнародных сетках. Данясенне думкі пра тое, што творцы ў эміграцыі — гэта не толькі людзі, якія маюць у чымсьці патрэбу, але гэта і прафесіяналы, якія гатовы рабіць унёсак у культуру краіны, дзе яны знаходзяцца — без размывання, натуральна. Таксама важны момант — успрымаць творцу ў эміграцыі як рэальны творчы рэсурс для гэтай краіны ў тым ліку.
