«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: старонка беларускага спартовага партала «Трыбуна» ў сацсетцы Threads
Міністэрства інфармацыі Беларусі 10 верасня ўнесла гэты рэсурс у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Рашэнне прызнаць старонку «Tribuna.com Беларусь» (tribunaby) у сацыяльнай сетцы Threads (ідэнтыфікатар threads.com/@tribunaby) экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй прыняў 8 верасня 2025 года суд Вілейскага раёна Мінскай вобласці.
«Трыбуна» (by.tribuna.com, першапачатковая назва goals.by) — найбуйнейшы беларускі спартыўны партал. Аўдыторыя Tribuna ў Беларусі, паводле інфармацыі ад рэдакцыі, перавышае мільён чалавек у месяц, яшчэ чатыры мільёны чытачоў карыстаюцца штомесяц міжнародным сайтам і мабільнымі пракладаннямі.
Са жніўня 2020 года сайт by.tribuna.com заблакаваны для карыстальнікаў з тэрыторыі Беларусі і дасяжны толькі праз VPN. Праз год, у жніўні 2021 года кантэнт сайта і шэрагу сацсетак медыярэсурсу былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такое рашэнне тады прыняў суд Чыгуначнага раёна Віцебска на патрабаванне абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК.
5 снежня 2023 года рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі «ініцыятыва «Tribuna.com Беларусь» была абвешчаная экстрэмісцкім фармаваннем. Паводле сілавога ведамства, «экстрэмісцкая дзейнасць» ажыццяўлялася праз сайт by.tribuna.com разам з люстэркамі, Telegram-канал «Tribuna.com Беларусь» (t.me/tribuna_by), суполка ў Telegram «Tribuna.com Беларусь Chat», Telegram-боты @ByTribunaComBot і @tribunaby_adv_bot; старонкі выдання ў сацсетках: Instagram, Facebook, X, «ВКонтакте», threads, TikTok, мабільны дадатак «Tribuna.com Беларусь» для Android на play.google.com, а таксама праз лагатып выдання.
