Вызвалілі палітзняволенага журналіста Паўла Мажэйку
Палітзняволенага гродзенскага журналіста Паўла Мажэйку вызвалілі 11 верасня 2025 у выніку візіту ў Мінск прадстаўніка амерыканскага прэзідэнта Джона Коўла. Пра гэта паведамляе «Зеркало» са спасылкай на дарадцу Святланы Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага.

Павел Мажэйка пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Скрыншот відэа «Белсат»
Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 года ў Гродне па вяртанні ў Беларусь з Польшчы. Пасля затрымання ў ягонай кватэры і ў кватэры ягоных бацькоў сілавікі правялі ператрусы. Пра тое, што яму інкрымінавалі «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса), стала вядома толькі ў сакавіку 2023 года. З моманту затрымання журналіста ўтрымлівалі пад вартай у следчым ізалятары.
Паводле следства, адвакатка Юлія Юргілевіч расказала ў тэлефоннай гутарцы Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну, а Павел нібыта перадаў гэтую інфармацыю тэлеканалу «Белсат». Спосаб, час і датычных да гэтага іншых асоб следства не высветліла. Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч сваёй віны не прызналі.
26 ліпеня 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў журналіста да 6 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адвакатка Юлія Юргілевіч тым жа судом пакараная 6 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вызвалілі палітзняволенага журналіста Паўла Мажэйку
17 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апеляцыйныя скаргі Паўла Мажэйкі і Юліі Юргілевіч і пакінуў вырак у сіле. У лістападзе журналіста і адвакатку дадалі ў «пералік грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
Павел Мажэйка адбываў прысуд у Бабруйскай папраўчай калоніі № 2.
