На волі рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч
Палітзняволенага галоўнага рэдактара маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча вызвалілі 11 верасня 2025 года ў выніку візіту ў Мінск прадстаўніка амерыканскага прэзідэнта Джона Коўла.

Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Белсат»
Аляксандра Манцэвіча затрымалі 15 сакавіка 2023 года пасля ператрусу ў ягоным доме ў Вілейцы.
3 лістапада 2023 года ў судзе Маладзечанскага раёна Аляксандру Манцэвічу прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі, а таксама штраф памерам 14 800 рублёў.
Журналіста абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле артыкула 369–1 Крымінальнага кодэкса. Яго справу разбіраў суддзя Маладзечанскага раённага суда Аляксей Іршын, дзяржабвінавачанне падтрымліваў памочнік пракурора — Аляксандр Марцінчык.
Следства даводзіла, што Манцэвіч, з’яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, супольна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года «распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады». Нібыта «ў артыкулах змяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне ўрону нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаванне ілжывых уяўленняў пра невыкананне ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».

Аляксандр Манцэвіч да затрымання
Віны ў гэтым рэдактар незалежнага выдання не прызнаў, што яшчэ раз пацвердзіў у сваёй апошняй прамове ў судзе.
Мінскі абласны суд 23 студзеня 2024 года пакінуў прысуд без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення. З 7 лютага 2024 года палітвязень адбываў прызначаны тэрмін зняволення ў калоніі № 22 у Івацэвічах.
