Пагадненне пра 52‑х: на волі — журналістка з Брэста Алена Цімашчук
11 верасня амерыканская дэлегацыя на чале з Джонам Коўлам прыбыла ў Беларусь. Вынікам перамоў амерыканскіх дыпламатаў з афіцыйным Мінскам стала вызваленне 52 палітычных вязняў. У Вільні сёння вітаюць журналістку з Брэста Алену Цімашчук.

Журналістка Алена Цімашчук. Фота: з асабістай старонкі ў Facebook
Алена Цімашчук працавала ў абласной тэлерадыёкампаніі «Брэст». У якасці фрылансера супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданнямі «Вечерний Брест», «Брестский курьер», «Брестская газета», інтэрнэт-выданнем «Виртуальный Брест», а таксама «Брестским зелёным порталом».
3 чэрвеня 2024 года суддзя Брэсцкага абласнога суда Дзмітрый Карасінскі асудзіў журналістку да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі і прызначыў штраф памерам 1150 базавых велічынь (гэта 46 000 рублёў ці амаль 14 000 долараў).
Суддзя Карасінскі прызнаў журналістку вінаватай поводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 369–1 КК), распальванні варожасці ці варажнечы (частка 3 артыкула 130 КК) і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (частка 3 артыкула 361–1 КК).
16 жніўня ў Вярхоўным суддзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі журналісткі, але яго вынік так і не стаў вядомым.
