• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    12 журналістаў і блогераў выйшлі на волю ў ліку 52‑х памілаваных

    Вызваленне палітзняволеных беларускіх журналістаў 11 верасня адбылося ў выніку сустрэчы амерыканскай дэлегацыі на чале з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам з афіцыйным Мінскам.

    Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова пасля вызвалення

    Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Радыё Свабода»

    Пасля папярэдняга візіту амерыканскіх дыпламатаў у Беларусь сёлета 21 чэрвеня быў вызвалены сярод іншых журналіст Ігар Карней. Гэтым разам у ліку 52 памілаваных Лукашэнкам вязняў з‑за кратаў адпусцілі 12 журналістаў і блогераў.

    52 чалавекі — цяпер ужо былыя вязні беларускіх турмаў — былі прымусова вывезеныя ў суседнюю Літву праз пункт пропуску «Каменны лог». Сярод іх тры жанчыны-журналісткі і дзевяць мужчын-журналістаў і блогераў, якія ў Беларусі пацярпелі юрыдычны пераслед і былі пазбаўленыя волі за сваю прафесійную дзейнасць і выказванне меркавання. На волю выйшлі:

    - Ірына Слаўнікава, асуджаная да 5 гадоў зняволення за супрацу з незалежным тэлеканалам «Белсат». Журналістку звінавацілі паводле двух крымінальных артыкулаў: ва ўдзеле ў масавых беспарадках (арт. 342 КК) і ў кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем (ч. 1 арт. 361–1 КК).

    Ірына Слаўнікава пасля вызвалення

    Ірына Слаўнікава пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Белсат»

     — Ларыса Шчыракова, гомельская журналістка, асуджаная да 3 гадоў і 6 месяцаў зняволення. Спачатку яе абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369–1 КК), а пасля дадалі яшчэ і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361–4 КК). Таксама ёй прысудзілі штраф памерам 3700 рублёў. У віну ёй паставілі супрацу з тэлеканалам «Белсат».

    - Алена Цімашчук, журналістка з Брэста, якую прызналі вінаватай у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369–1 КК), распальванні варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК) і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (ч. 3 арт. 361–1 КК). Брэсцкі абласны суд пакараў журналістку 5 гадамі калоніі і прызначыў штраф памерам 1150 базавых велічынь (гэта 46 000 рублёў ці амаль 14 000 долараў).

    - Аляксандр Манцэвіч, галоўны рэдактар незалежнай «Рэгіянальнай газеты». Адзін з найстарэшых палітвязняў, якому за кратамі споўнілася 67 гадоў. Ён быў прызнаны вінаватым у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369–1 КК) і асуджаны да 4 гадоў калоніі і штрафу памерам 14 800 рублёў.

    Аляксандр Манцэвіч пасля вызвалення

    Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Белсат»

    Ігар Лосік, кансультант Беларускай службы «Радыё Свабода» і адміністратара Telegram-канала «Беларусь головного мозга». Яго звінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК) і распальванні варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК). Ігара Лосіка прыгаварылі да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму — гэта найдаўжэйшы тэрмін зняволення з усіх асуджаных журналістаў. Праваабаронцам  вядома пра спробу суіцыду палітвязня і пра галадоўку, якую ён абвяшчаў у ШЫЗА.  

     — Яўген Меркіс, гомельскі журналіст і краязнаўца, за супрацу з тэлеканалам «Белсат» быў звінавачаны ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361–4 КК) і ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (артыкул 361–1 КК).

    - Вячаслаў Лазараў, відэааператар-фрылансер, якога за супрацу з тэлеканалам «Белсат» Віцебскі абласны суд першапачаткова прызнаў вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361–4 КК) і асудзіў да 5 з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Але Вярхоўны суд перакваліфікаваў абвінавачанне журналісту і пастанавіў асудзіць за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні (арт. 361–1 КК) на 5 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах звычайнага рэжыму ўтрымання.

    Павел Мажэйка, журналіст з Гродна, кіраўнік гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця»,асуджаны па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 КК) да 6 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    Павел Мажэйка

    Павел Мажэйка пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Скрыншот відэа «Белсат»

    - Павел Падабед, відэааператар-фрылансер, асуджаны за супрацу з тэлеканалам «Белсат» да 4 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (арт. 361–1 КК). 

    - Мікалай Дзядок, аўтар газеты «Новага Час», блогер, прызнаны вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК), заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (арт. 295–3 КК). Яго асудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі і блогер мусіў быў выйсці на волю 4 красавіка 2025 года. Аднак у зняволенні на яго завялі яшчэ адну крымінальную справу — нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК) і перавялі ў турму адбываць дадатковы тэрмін.

    - Павел Вінаградаў, блогер, тэлевядоўца і грамадскі актывіст, асуджаны паводле трох крымінальных артыкулаў: распальванне варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК),арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК), паклёп на прэзідэнта (арт. 387 КК). Яму прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. У зняволенні яго абвінавацілі ў парушэннях рэжыму ўстановы і перавялі на турэмны рэжым утрымання.

    - Дзмітрый Казлоў  — блогер і грамадскі актывіст, заснавальнік YouTube-канала «Серый кот». Магілёўскі абласны суд прызнаў яго і яшчэ шасцярых актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК).Яго прыгаварылі да 4,5 гадоў зняволення, але літаральна за адзін дзень да вызвалення зноў судзілі і дадалі яшчэ адзін год зняволення — нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (арт. 411 КК).

    Блогер Зміцер Казлоў (Серый Кот)

    Блогер Зміцер Казлоў (Серый Кот) пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Вясна»

    На радзіме ў тых, хто 11 верасня быў вызвалены з‑за кратаў і разам з тым прымусова апынуўся ў замежжы, засталіся родныя і блізкія людзі. У Ларысы Шчыраковай — сын, які на момант арышту маці быў няпоўнагадовым, і сталага веку бацька. У Вячаслава Лазарава — старэнькая маці з інваліднасцю, у якой няма іншых сваякоў, і трохгадовая дачка, якую Вячаслаў апошні раз бачыў у 9‑месячным узросце.

    Фонд BYSOL абвясціў збор сродкаў на падтрымку вызваленых вязняў. Заяўленая першапачаткова сума ў 50 тысяч еўра была сабраная літаральна за некалькі гадзін. Збор працягваецца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці