«Паступіў указ вынішчыць маральна канчаткова». Першае вялікае інтэрв’ю Міколы Дзядка пасля вызвалення
Блогер і аўтар «Новага Часу», анархіст Мікола Дзядок апынуўся ў турме паводле крымінальнай справы другі раз за дзесяць гадоў — і другі раз быў вызвалены праз памілаванне.

Мікола Дзядок у Вільні, 14 верасня 2025 г. Фота: spring96.org
Калі ў 2015 годзе ён выйшаў на волю проста ў Мінску, то цяпер — пасля амаль пяці гадоў беспрэцэдэнтнага ціску, катаванняў, бясконцых штрафных ізалятараў і турэмных рэжымаў — яго літаральна «тэлепартавалі» з камеры КДБ у еўрапейскую сталіцу. У першым вялікім інтэрв’ю для «Вясны» Мікола распавёў, як яго этапавалі з краіны, пра жорсткія ўмовы зняволення, катаванні холадам у ШІЗА, спробы маральна зламаць, пра тое, што дапамагала трымацца, і чаму галоўнай умовай пераменаў ён лічыць каштоўнасці саміх людзей.
«Мяне проста «тэлепартавалі» ў цэнтр еўрапейскага гораду»
Мікола, седзячы ў адным з паркаў Вільні з кубкам латтэ на трэці дзень вызвалення прызнаецца, што асэнсаванне таго, што ён цяпер вольны, яшчэ не прыйшло. У 2015 годзе ён проста выйшаў на волю і апынуўся ў Мінску, дзе ўсё знаёма. У 2025‑м — рэзкі кантраст: з камеры СІЗА КДБ ён апынуўся ў іншай краіне, дзе трэба адаптавацца да іншага свету.
«Шчыра скажу, што я пакуль яшчэ не размарозіўся эмацыйна. Зараз у мяне ідзе яшчэ адаптацыя, бо перамена была занадта рэзкай. У той раз [заўв. — у 2015 годзе] мяне вызвалілі хаця бы ў Мінску, а ў гэты раз проста «тэлепартавалі» ў цэнтр еўрапейскага гораду. Для параўнання: паставіць камеру СІЗА КДБ, дзе мяне трымалі да гэтага, і горад у Еўропе. Адрозненне досыць вялікае.
Таму маёй псіхіцы яшчэ трэба час, каб адаптавацца. У астатнім, па здароўю, дзякуй богу, цярпіма. Псіхалагічны стан таксама ў норме. Я акружаны любоўю і турботай блізкіх людзей, таварышчаў. У Беларусі, на жаль, іх вельмі мала засталося».
«Ступень ціску ва ўстановах карнай сістэмы стала значна большай»
Палітвязень параўноўвае дзве свае адсідкі — з 2010 па 2015 і з 2020 па 2025 гады. Тады — група «дысідэнтаў і вольнадумцаў», сёння — сотні палітвязняў у краіне, дзе не засталося ні законаў, ні правоў чалавека.
«Умовы моцна адрозніваюцца: у чымсьці было лягчэй, але ў большасці было цяжэй. Лягчэй было ў тым, што я ўжо сам быў з турэмным досведам, і турэмная сістэма не з’яўлялася для мяне нейкай невядомасцю. Я ўжо ведаў, як паводзіць сябе падчас розных сітуацый: крызісных, дзіўных, незвычайных. Я ведаў ужо ўсю гэтую субкультуру. Для мяне не было нічога такога застрашальнага.
У турме ў мяне вельмі хутка прайшла адаптацыя. Бо звычайны вязень адаптуецца некалькі месяцаў, а мне спатрэбілася на гэта пару дзён. Я нібы вярнуўся, як рыба ў ваду.
Са складанага — ступень ціска была непараўнальная ў гэты і ў той раз. Калі мяне садзілі першы раз, то ў Беларусі, як мы ўсе ведаем, не было рэвалюцыйнай сітуацыі. Мы былі проста маленечкай групай дысідэнтаў, экстрэмістаў і вольнадумцаў, якія вырашылі, што нейкімі радыкальнымі акцыямі падымем народ Беларусі (гэта я іранізую, канечне). А ў 2020 годзе рэальна была рэвалюцыйная сітуацыя — і дзяржава не спынялася ні ў чым, каб сябе абараніць. Правоў чалавека і законаў у Беларусі не стала, таму ступень ціску ва ўстановах карнай сістэмы стала значна большай. У гэтым плане было цяжэй».

Мікола Дзядок у Вільні, 14 верасня 2025 г. Фота: spring96.org
«Апранулі мне кайданкі і мех на галаву»
Напрыканцы сакавіка гэтага году Міколу перавялі ў СІЗА № 1 у Калядзічах праз новую крымінальную справу, дзе ён утрымліваўся да 10 верасня. Менавіта там пачаўся шлях да волі палітвязня:
«Раніцай пасля сняданку, прыблізна ў палову восьмай, за мной прыйшлі. Я толькі паспеў паесці грэчку — так-так, у беларускіх турмах даюць грэчку [смяецца] — мяне з рэчамі адвялі ўніз і аддалі рэчы са склада. Тады я зразумеў, што з’язджаю з турмы. Метадам выключэння я пачаў думаць куды, і было падобна, што ў СІЗА КДБ. На зборным пункце мяне чакалі тры чалавекі ў масках, якія апранулі мне кайданкі і мех на галаву, а пасля пасадзілі ў легкавую машыну. Легкавая машына — надзвычайная абставіна для вязня.
Калі мяне прывезлі ў СІЗА КДБ, то вадзілі толькі ў позе «ластаўкі» [заўв. — рукі звязаныя ззаду, галава павінна быць ніжэй за калені] і звярталіся досыць груба. Працягвалі ціснуць маральна. Відавочна было, што быў такі прыказ, рабілася гэта нездарма.
Мяне закінулі ў бокс — ніхто нічога не тлумачыў. Безумоўна, у мяне было падазрэнне, што гэта вось яно — тое, чаго я чакаў усе гэтыя гады, але, канечне, я не ведаў дакладна. Я проста тупа сядзеў і чакаў, як будуць далей развівацца падзеі. Але калі да мяне ў бокс завялі Змітра Дашкевіча, я зразумеў, што да чаго. Потым нас удвох паднялі ў камеру і цягам дня накідалі яшчэ да 13 чалавек.
На наступны дзень нам далі падпісаць паперы, што мы не маем прэтэнзій да ўтрымання ў СІЗА КДБ. Хаця ставіліся там да нас па-хамску: абражалі, хамілі. Нас закруцілі ў «ластаўкі» і закінулі ў аўтобус. Там ужо далі крыху выдахнуць і нават «міласціва» дазволілі глядзець у акенца бакавым зрокам. Нам сказалі, што гэтым разам «нас повезут демократично без мешков и без наручников», і каб з гэтай нагоды мы паводзілі сябе добра».
«Калі Ціханоўскага вызвалілі, то наўрад мяне вязуць на расстрэл»
Безумоўна, узгадвае актывіст падзеі чатырохдзённай даўніны, увесь час прысутнічала трывога:
«Мех на галаву мне апранулі першы раз у жыцці. Але мне тут дапамагло, што я ведаў, што такім чынам на мяжу вазілі Сяргея Ціханоўскага. Таму я разумеў, што варыянтаў тут няшмат. Зноў жа трэба разумець, што арыштанцкае жыццё досыць рэгламентаванае: ты знаходзішся ў рэжымным полі, таму ёсць абмежаваная колькасць рэчаў, якая з табой можа здарыцца. Калі табе прыносяць опісі і кажуць «запаўняй», то гэта значыць толькі адно — этап і больш нічога.

Мікола Дзядок у Вільні, 14 верасня 2025 г. Фота: spring96.org
Канечне, трывога прысутнічала, але я ўжо разумеў, што калі Ціханоўскага вызвалілі, то наўрад мяне вязуць на расстрэл ці са мной здарыцца яшчэ штосьці кепскае. Але ўсё адно я не мог гэтага ведаць на сто адсоткаў, таму мая галоўная задача была не проста перастаць трывожыцца (гэта, напэўна, было немагчыма), а не паказваць сваю трывогу кдбшнікам».
«Гэты момант мусіў адбывацца пад гукі фанфараў»
Палітвязень не можа стрымаць усмешкі, калі ўзгадвае той момант, калі нарэшце пачуў, што ён вольны:
«У аўтобусе па дарозе я прыкладна разумеў, што мы едзем у бок Літвы. Калі я бакавым зрокам пабачыў указальнікі «Астравец 21» і «Гудагай 16», то я ўжо ўсё зразумеў. На мяжы самым першым да нас зайшоў Джон Коўл і сказаў на ангельскай мове, што прэзідэнт Трамп сказаў вызваліць нас усіх, гэта ўсё скончана і мы вольныя людзі, з чым нас віншуе.
Гэты момант мусіў адбывацца пад гукі фанфараў і мусіў быць зняты для кінафільма. Гэта той момант, пра які я буду распавядаць праз 20–30 гадоў. Гэта проста неперадавальна, калі ты столькі год адбыў у такіх месцах, як гродненская крытая — у дзірцы, у якой паміраюць людзі, але ты ўсё гэта вытрымаў і вытрымаў, а цяпер сядзіш на мяккім сядзенні без кайданкоў і меха на галаве. А цяпер да цябе падыходзіць дарадца Трампа і віншуе з вызваленнем — гэта кантраст у жыцці неперадавальны».
Мікола ўзгадвае, што ў 2015 годзе пры памілаванні яму хаця бы паказалі ўказ аб памілаванні і далі даведку аб вызваленні, а цяпер прадстаўнікі рэжыму нават не агучылі, што яго вызваляюць:
«Гэтым разам мне не далі ні-чо-га. Лічы, мяне абабралі да ніткі, пакінуўшы мінімум рэчаў. Пашпарт мне так і не аддалі, але пра гэта я даведаўся, калі прыбыў. Таму што пашпарт не аддаюць на рукі зэку — ён у асабістай справе зняволенага. Наколькі я разумею, кдбшнікі перадалі нейкую кіпу дакументаў літоўскаму боку. Усім 13 чалавека, хто ўтрымліваўся са мной у камеры КДБ, пашпарты не вярнулі, каб максімальна ўскладніць вяртанне ў Беларусь».
«Частка зместу лістоў перадавалася ў ГУБАЗіК»
Палітзняволены адзначыў, што не хоча агучваць тое, што было самым цяжкім для яго падчас няволі, і растлумачыў прычыну:
«Бо ўсе гэтыя інтэрв’ю чытаюцца і аналізуюцца спецслужбамі. І яны лёгка могуць зрабіць выснову, якія метады ціску самыя эфектыўныя, калі пра гэта распавядаюць шмат разоў. Таму мы не будзем даваць ім інфармацыю і дапамагаць.
Але магу сказаць, што асабіста для мяне цяжкім была адсутнасць інтэлектуальных стасункаў. Мой кантынгент адрозніваўся ад папярэдняй адсідкі тым, што на так званым строгім рэжыме былі зняволеныя не «першаходы» — раней судзімыя. Сярод іх маральны і інтэлектуальны ўзровень ніжэйшы, чым у першаходаў, і значна ніжэйшы, чым у людзей на волі.
Акрамя таго, мяне ўвесь час ізалявалі ад звычайнай масы зняволеных. З прычыны таго, што я амаль увесь тэрмін правёў у камеры, да мяне амаль заўсёды запіхвалі максімальна дэградаваных людзей. Трэба асобнае інтэрв’ю, каб я мог асобна апісаць іх. Толькі зрэдку мне трапляліся нармалёвыя людзі. Збольшага мяне садзілі з псіхапатам і з псіхічна неўранаважанымі людзьмі.
Падтрымліваць у няволі размовы за межамі «курить-варить» было складана. І калі ты гадамі варышся ў такім стане альбо ў адзіночцы, заўважаеш па сабе, што ты робішся не ў меру гаварлівым і чапляешся за кожную магчымасць з кімсьці паразмаўляць. Часам гэта можа выглядаць крынжова [смяецца, бо яшчэ не звык да моладзевага слэнгу на волі]. Але вось так пакрысе дэфармуецца псіхіка.
Толькі з жонкай у лістах я могу падтрымліваць нейкія інтэлектуальныя тэмы, але ўвесь час з лістамі былі праблемы. Ды і ў лістах не абмяркуеш усяго, што хацелася бы, бо, мала таго, што яны цэнзуруюцца, дык яшчэ частка зместу лістоў перадавалася ў ГУБАЗіК. Таму самі разумееце».

Мікола Дзядок у Вільні, 14 верасня 2025 г. Фота: spring96.org
«ШІЗА — гэта сапраўдная катавальня холадам»
У горацкай калоніі № 9 у памяшканні камернага тыпу (ПКТ) Міколу ўтрымлівалі каля паўтара месяца. Агулам, паводле падлікаў палітвязня, год з пяці гадоў няволі яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары.
«Калі быць дакладным, то за кратамі я правёў роўна чатыры гады і 10 месяцаў. З іх роўна год мяне трымалі ў ШІЗА. Што тычыцца ўмоваў, то, напэўна, ужо ўсе ў Беларусі ведаюць, што такое ШІЗА. Там нічога няма, апроч нейкіх асабістых рэчаў, і таксама ўвесь час холадна. ШІЗА — гэта сапраўдная катавальня холадам.
Па законе там не можа быць менш за 18 градусаў. Аднак ніколі не даб’ешся, каб у ШІЗА табе замералі тэмпературу. Напрыклад, у гарадзенскай «крытай» мянты цягам дня рэгулююць цеплыню батарэй, каб там заўсёды было холадна і табе там не было камфортна. Там плітачная падлога, хаця па законе не можа быць на першым паверсе і ў падвале плітка. Там распранаюць цябе па-максімуму і даюць сінтэтычную робу. Таму ўсе дробязі прадуманы, каб ты мерз там.
У нейкі момант арыштанты пачалі арганізована выступаць і пратэставаць. Падаецца, там нават была невялічкая галадоўка на прадмет таго, каб раздалі хаця бы целагрэйкі ці ўключылі батарэі, бо там было рэальна вельмі холадна. Я ўжо казаў на прэс-канферэнцыі, паўтаруся: я прачынаўся ад таго, што саракагадовыя мужыкі воюць, плачуць і клічуць маму, бо яны не спяць начамі. І што вы думаеце? Пачала хадзіць адміністрацыя з абходам па камерах ШІЗА і замяраць тэмпературу.
Але выглядала гэта так: адкрываецца «кармушка» і крычаць: «Лицом к стене, руки на стену, в положение для обыска!» Адчыняюцца дзверы, краты і крычаць: «Доклад!» Ты кажаш: «Дедок Николай Александрович, 1988 г. р…» І працягваеш. Увесь гэты час, а я нагадваю, ты глядзіш у сцяну, а некалькі мянтоў стаяць і дыхаюць за тваёй спінай. Ты не можаш ні павярнуць галаву, ні развярнуцца, ні паразмаўляць з імі. Без каманды табе нельга нічога. І тут ты чуеш галасы: «Ну что, замеряйте температуру!» Праходзіць некалькі секунд і кажуць: «Ну вот, пожалуйста, 19 градусов, что вас не устраивает? Вопросы есть? Ну тогда мы уходим». І так ва ўсіх астатніх камерах. Ну я не ведаю, як гэта назваць, — трэш і жэсткач.
Вось такія ўмовы ў ШІЗА — не ведаю, пра што тут яшчэ казаць. І ўмовы робяцца яшчэ горш і горш. Ва ўсёй сістэме гэта прыкладна аднолькавая сітуацыя.
Лічу само па сабе ўтрыманне ў ШІЗА катаваннем. Гэта было асноўным спосабам уздзеяння на мяне. Там мяне трымалі толькі аднаго. Ратавала толькі міжкамерная сувязь, хоцьяна забароненая і за яе выпісваюць пакаранні».
«Гэта нейкі трагікамічны скетч»
З таго незвычайнага, што дапамагала маральна трымацца ў зняволенні, Мікола назваў «размовы па панараме»:
«Калі сядзіш у камеры (звычайна, у ШІЗА), а праз сцяну сядзіць чалавек, з якім варта паразмаўляць, то бярэш анучу, адкачваеш ваду з каналізацыйнага калена (тут таксама патрэбныя пэўныя кемлівасць і спрыт), твой сусед робіць тое самае, і вы нагнуўшыся да гэтай «панараму», ледзь не тыкаючыся носам у лужыны, вядзеце размову. Часам бывала, што вось так размаўляеш з чалавекам гадзінамі. Напрыклад, калі праз «панараму» з іншым палітвязнем абмяркоўваеш характарыстыкі юнітаў у «Heroes of Might and Magic 3» [заўв. — відэагульнюі], і ты асэнсоўваеш у гэты момант, дзе ты знаходзішся і што ты зараз робіш, гэта проста нейкі сюр! Гэта нейкі трагікамічны скетч».

Мікола Дзядок у Вільні, 14 верасня 2025 г. Фота: spring96.org
Таксама палітвязень кажа, што дапамагалі трымацца свае думкі і ўспаміны:
«Адна з удзельніц Чырвонай Капэлы, на жаль, не памятаю яе імя, калі яе пасадзілі ў турму Гестапа і рыхтавалі да расстрэлу, напісала на сваёй сцяне: «У самоце са сваімі думкамі я вольная». Тое самае магу сказаць і пра сябе. Калі я знаходзіўся месяцамі і гадамі ў адзіночнай камеры, мне часта атрымоўвалася адчуваць сябе вольным, дзякуючы ўнутранаму свету. Я проста пагружаўся ў яго».
«Двойчы я зазнаў збіццё ў камеры»
Фізічныя збіцці, газ, пастаянныя абразы, спроба «панізіць статус», правакатары ў камерах, прымус да суседства з псіхічна хворымі людзьмі — актывіст кажа, што перажыў увесь арсенал карнай сістэмы. Але падкрэслівае: выстаяў праз салідарнасць іншых вязняў і «божую волю».
«Калі браць ад хвіліны затрымання да хвіліны вызвалення то, акрамя сэксуальнага гвалту, у няволі я перажыў усё. Усё, што ёсць у гэтай сістэме.
Першае, чым я сутыкнуўся, гэта збіццё і фізічнае ўздзеянне, якое было ў ГУБАЗіКу. Тут я нічога новага не скажу — не я першы, многія гэта перажылі. Гэта кайданы, дубінкі па вельмі адчувальных месцах на працягу вельмі доўга часу, газ, распылены прама ў вочы. І я ўжо не кажу пра няспынныя абразы і прыніжэнні. Таксама гэта разнастайныя нацкоўванні іншых вязняў супраць мяне».
Яшчэ адзін метад ціску на Міколу Дзядка — трымаць яго ў камеры з людзьмі, якія якія мелі псіхічныя засмучэнні.
«Падчас усяго зняволення працягваліся нацкоўванні на мяне. Двойчы я зазнаў збіццё ў камерах. Мяне садзілі адмыслова з людзьмі з крайняй ступенню шызафрэніі, з якімі знаходзіцца побач 15 хвілін — ужо было катаванне. Распавяду выпадак, пра які я планаваў пазней расказаць.
У 2016 годзе ў Мінску судзілі такога Паўла Цыняўскага за тое, што ён забіў дзяўчыну ў сваёй кватэры, расчляніў, прапусціў ейнае цела праз мясарубку і змыў ва ўнітаз; ён хаваўся два тыдні, а потым сам здаўся. Яму далі 17 гадоў, а за кратамі ён захварэў моцным псіхічным разладам. Я пабачыў яго на гарадзенскай «крытай», калі яго завялі ў маю камеру. У маленькай камеры з ім я прасядзеў восем дзён. З павагі да яго родных я не хацеў бы зараз пераказваць, што ён зараз з сябе ўяўляе.
Я лічу, што ўтрыманне з ім у камеры з’яўляецца сапраўднай формай катаванняў, бо нават пяць хвілін з ім у адным памяшканні цяжка і небяспечна. Адміністрацыя хацела, каб я пачаў ламіцца з гэтай камеры, прынізіўся і пачаў іх прасіць адсадзіць ад яго. Але я не рабіў гэтага прынцыпова і вытрымаў гэтыя восем дзён».
«Выліваюць увесь бруд, што ёсць у арыштанцкім жаргоне»
Палітвязень распавядае, што самым распаўсюджаным спосабам ціску на ўсіх палітвязняў з’яўлялася пазбаўленне перадач, лістоў, пасылак, часам — званкоў. Паводле яго, у некаторых месцах няволі беларускага рэжыму вынаходзяць свае спосабы ціску і катаванняў. Так, на турэмным рэжыме ў Гародні над Міколам «працавалі асабліва старана».
«У гарадзенскай «крытай» практыкуецца такі спецыфічны спосаб ціску: цябе саджаюць у такі маленечкі калідорчык, так званы карман, у камеру памерам 210 на 140 сантыметраў. З двух бакоў у іншыя камеры-адзіночкі саджаюць зэкаў, як правіла, «нізкага сацыяльнага статусу». Яны праз дзверы гадзінамі цябе абражаюць (а там чутнасць стоадсоткавая), крычаць, пагражаюць. Яны крычаць так гучна і доўга, што табе немагчыма нічога рабіць. Ты не можаш ні чытаць, ні спаць. Таксама яны малоцяць у сцяну і батарэі міскамі. Праз гэта ўвесь час ты знаходзішся ў нярвовым стане.
Уявіце сабе, што вы сядзіце ў сябе дома, чытаеце кніжку, а да вас падыйшлі з рондалем і чарпаком і пачалі лупіць наўпрост над вашымі вушамі. І гэта робіцца разоў трыццаць на дзень. Ты чытаеш услых, але сябе не чуеш праз гэтыя крыкі. І тое самае працягваецца некалькі разоў за ноч. Яны адмыслова прачынаюцца ўначы, каб ты не мог нармальна спаць. Яны максімальна застрашваюць, пералічваюць тое, што са мной бы зрабілі, калі мяне закінуць да іх у камеру, выліваюць увесь бруд, што ёсць у арыштанцкім жаргоне, — я проста не хачу гэта паўтараць. Ім рэгулярна аператыўнікі носяць цыгарэты — яны ж не за бясплатна працуюць.
У такой камеры я прасядзеў чатыры месяцы. Гэта больш за ўсё нагадвае катаванне ў турме ў Гуантанама. Вось гэта такая гарадзенская фішачка, іх такое нон-хаў. Калі цябе пазбаўляюць сну і спакою, ты не можаш займацца сваімі справамі, і 24/7 усё, што ты чуеш у свой адрас, —гэта тое, якая ты … і як мы цябе… Ведаю, што не мне аднаму такое рабілі — гэта адбывалася з шэрагам іншых палітвязняў. Гэта сапраўды моцны інструмент. Я гэта перажыў з цяжкасцю. Адміністрацыя «крытай» гарадзенскай турмы — гэта высокакваліфікаваныя садысты».

Мікола Дзядок у Вільні, 14 верасня 2025 г. Фота: spring96.org
«Мяне выратавала арыштанцкая салідарнасць»
«Нізкі сацыяльны статус» — яшчэ адзін спосаб ціску з боку рэжыму, які зазнаў палітзняволены:
«За амаль пяць гадоў няволі я налічыў чатыры спробы загнаць мяне ў «нізкі сацыяльны статус». Але гэта ў іх не атрымалася па незалежачым ад мяне абставінам. Усе чатыры разы мяне выратавала арыштанцкая салідарнасць. Побач са мной у той момант апынуліся мудрыя і свядомыя мужыкі-крымінальнікі. Яны не далі гэтага зрабіць. Але, адзінае, што яны маглі зрабіць, гэта мабілізаваць свайго аднаго падкантрольнага «аўтарытэта», які выпісаў маляву [заўв. — запіску], што я, не пагружаючы вас у акалічнасці турэмнай субкультуры, вельмі дрэнны чалавек і са мной трэба абыходзіцца кепскім чынам. Ну вось гэтым яны мне маглі сапсаваць крыху нерваў, але не больш за тое.
Яны, канечне, хацелі большага. З ГУБАЗіКа паступіў указ вынішчыць маральна канчаткова, каб проста забіць пад плінтус. Але гэтага ў іх не атрымалася. І гэта не мая заслуга і я не такі круты баец, гэта божая воля і дапамога добрых людзей, якія былі побач у патрэбны момант.
Калі адразу я заехаў на «Валадарку», то адміністрацыя спрабавала выкарыстаць іншых вязняў, каб «панізіць мой статус». Але гэта ў іх не атрымалася, таму што пераважная большасць сур’ёзных людзей у крымінальным свеце максімальна дыстанцыруецца ад гэтых гульняў на баку ГУБАЗіКа, які імкнецца іх схіліць да таго, каб яны душылі і ціснулі палітычных. Усе істотныя прадстаўнікі крымінальнага міру ад гэтага ухіляюцца. А тыя, хто ўдзельнічаюць у гэтым, гэта людзі, якія не маюць вялікага аўтарытэту і маюць адмоўную рэпутацыю.
Было шмат выпадкаў, калі на палітвязняў ціснулі такія вязні, але падкрэслю, што нельга грэбсці ўсіх пад адзін грабянец. Ёсць аграмадная колькасць выпадкаў, калі крымінальныя вязні наадварот выказвалі салідарнасць, падтрымлівалі і нават пакутавалі за нашую падтрымку. Усё вельмі па-рознаму. Няма такога, як у сталінскія часы, калі ў лагер закідвалі палітычнага і ўвесь лагер яго гнабіць. Зразумела, шэрая маса кантраляваная, якім сказалі не размаўляць, яны не будуць размаўляць. Але агульнага хейта да палітвязняў няма. Я гэтага не пабачыў нават на строгім рэжыме ў горацкай калоніі, дзе я прабыў каля двух тыдняў, а гэта самая мярзотная зона, якая ёсць у Беларусі».
«Гэты плюс даўся мне з каласальным болем і пакутамі»
Нягледзячы на катаванні і ізаляцыю, Мікола трымаўся за свой унутраны свет. Ён лічыць гады зняволення не страчанымі, а часам інтэлектуальнага і духоўнага росту.
«Я моцна вырас духоўна і інтэлектуальна. Я рабіў усё, што было ў маіх сілах, каб ні адна хвіліна не прайшла дарма. Я шмат чытаў, вучыўся, займаўся спортам. Канечне, мяне ізалявалі ад цікавых людзей, з якімі мог бы стасавацца. У мяне не атрымлівалася, як мне хацелася б, несці ў месцах пазбаўлення волі нейкія ідэі свабоды і вольнадумства. Бо адміністрацыя абсалютна ўсіх папраўчых установаў працуе на апярэджанне, каб ніякія вольнадумныя ідэі не пранікалі туды.
Тут можна доўга разважаць, як яны робяць так, як сказаў адзін супрацоўнік, «ни один экстремист не портил им стадо». Але што тычыцца асабістага росту, то гэтыя гады мне пайшлі ў плюс, як бы дзіўна гэта ні гучала. І гэта я не выдаю пажаданае за наяўнае, каб сябе проста суцешыць. Гэта сапраўды так. Але гэта не адмяняе таго, што гэты плюс даўся мне з каласальным болем і пакутамі. Тым не менш, гэта плюс, я жывы, і буду працягваць рабіць тое, што я рабіў».
«Сілавікі найперш працуюць не столькі над рэпрэсіямі, колькі над разбурэннем даверу ў грамадзянскай супольнасці»
За гады зняволення ён перагледзеў свае погляды: застаўшыся анархістам, цяпер больш гаворыць пра каштоўнасці і асабістыя змены чалавека. Бо, як кажа Дзядок, у камеры сустракаў і «святых» без усялякай ідэалогіі, і «мярзотнікаў» з прыгожымі палітычнымі лозунгамі.
«За час зняволення я крыху пераглядзеў свае палітычныя перакананні. Канечне, як і раней, я лічу сябе анархістам, але ў сваіх перакананнях я пачаў рабіць большы акцэнт на каштоўнасці, чым на ідэалогіі. Я крыху змяніў парадыгму і вугал погляду.
Я веру, як і раней, у неабходнасць грамадства без улады чалавека над чалавекам, але пры гэтым, я расчараваўся і разуверыўся ў магчымасць дасягнуць такога грамадства выключна палітычнымі метадамі. Я ў поўным сэнсе зразумеў, што ўсе перамены ў грамадстве, якіх мы так прагнем, спачатку ўнутры кожнага чалавека. А ўжо пасля афармляюцца ў грамадскі лад.
Перамены могуць адбыцца толькі тады, калі з’яўляецца крытычная маса людзей з вышэйшым маральна-этычным узроўнем. Для мяне гэта зараз абсалютная аксіома. Калі змяніць толькі палітычныя інстытуты, а ўзровень людзей пакінуць ранейшым, то грамадства непазбежна вернецца да таго, чым і было.
То цяпер я бачу галоўнай задачай спрыяць змяненню каштоўнасцей кожнага асобна ўзятага чалавека. Над гэтым зараз трэба завастрыць сваю ўвагу. Я веру, што гэтая праца ў моманце важнейшая, чым пабудаванне пэўных палітычных інстытутаў ці прасоўванне канкрэтнай ідэалагічнай павесткі. Да такой высновы я прыйшоў.
Што тычыцца салідарнасці, то яе лічу вышэйшай праявай духоўнага свету чалавека. Салідарнасць немагчымая без даверу. А давер — гэта асноўнае, што адрознівае чалавека ад жывёліны. Уся гісторыя эвалюцыі грамадства — гэта гісторыя росту даверу аднаго чалавека да другога. Ніякая дэмакратыя немагчымая без базавага даверу людзей між сабой. Чым больш між індывідуумамі даверу, тым болей суладаныя і дасканалыя формы сумеснай дзейнасці ім даступныя. Тым прыемней ім жыць побач адзін з адным.
Вы ж бачыце, што сілавікі найперш працуюць не столькі над рэпрэсіямі, колькі над разбурэннем даверу ў грамадзянскай супольнасці. Салідарнасць жа — адна з праяваў даверу. Калі ты адчуваеш боль іншага чалавека, як свой боль — гэта ёсць галоўны фактар пабудовы лепшага грамадства і выбудоўвання здаровых гарызантальных сувязяў між людзьмі.

Мікола Дзядок у Вільні, 14 верасня 2025 г. Фота: spring96.org
То цяпер я аддаю перавагу хутчэй этычна-філасофскім аспектам барацьбы, чым палітычным ці эканамічным. Бо я пераканаўся на ўласным досведзе, што насамрэч палітычныя перакананні, іншыя ідэалогіі — другасныя ў параўнанні з тым, якія каштоўнасці спавядае чалавек. Бо ў няволі я сустракаў людзей самых розных палітычных поглядаў, якія маглі быць, мякка кажучы, нягоднікамі і мярзотнікамі, і людзей розных поглядаў, якія былі вельмі добрымі людзьмі. Таксама сустракаў людзей навогул без палітычных поглядаў, якія былі амаль святымі, пры тым, што яны не называлі сябе ні анархістамі, ні кімсьці яшчэ. Таму я лічу, што падымаць духоўны, этычны ўзровень чалавека — гэта і ёсць галоўны фактар пабудовы лепшага грамадства».
«Узгадваю салідарнасць насуперак тым прыніжэнням, якім мяне падверглі ў ГУБАЗіКу»
Напрыканцы Дзядок падзякаваў усім: ад жонкі, сям’і і сяброў — да праваабаронцаў, дыпламатаў і людзей, якія пісалі лісты, нават калі ведалі, што яны не дайдуць. Менавіта гэтая салідарнасць, кажа ён, і стала галоўным доказам, што Беларусь будзе вольнай.
«Я хачу падзякаваць сваім родным і блізкім, якія пакутавалі разам са мной, асабліва маёй жонцы. У некаторых усё жыццё круцілася вакол мяне ўсе гэтыя пяць гадоў. Таксама выказваю падзякі праваабаронцам і журналістам. Ад душы хачу пажадаць палітвязням, якія хоць мяне зараз і не пачуюць, бо застаюцца за кратамі, моцы.
Хачу падзякаваць дыпламатычнаму корпусу краінам Еўразвязу, асабліва Літве і Польшчы, якія патрацілі велізарныя высілкі на тое, каб нас прыняць і размясціць. Калі нас высылалі з краіны, я пабачыў, што гэта была сапраўдная спецаперацыя з велізарнай колькасцю прыцягнутых рэсурсаў — як з беларускага боку, так і з еўрапеўскага. Нас суправаджала «Альфа» КДБ, а потым мы зваліліся на галаву літоўскім памежнікам. Было бачна, як у іх дымяць галовы ад таго, што адбываецца. Тым не менш, яны ўсе цудоўна выканалі свае справы і настолькі хутка, наколькі маглі. Яны нармальна да нас паставіліся, хаця, па вялікім рахунку, навошта мы ім патрэбныя? Мы ж ім ніхто. Нас выкінулі з краіны, якая варожа ставіцца да Літвы, а яны нас прытулілі і дапамаглі. Не ведаю, ці прачытае гэта інтэрв’ю хоць адна літоўская афіцыйная асоба, але калі прачытае, хачу, каб яны ведалі, што мы не лічым гэта за належнае. Мы вельмі ўдзячныя за гэта.
Таксама хачу падзякаваць Трампу — нягледзячы на тое, што ў яго хапае праблем, ён зацікавіўся палітвязнямі Беларусі. Я хачу папрасіць яго не злазіць з гэтага трэка ніколі, бо ён сапраўды можа выратаваць вялікую колькасць чалавечых жыццяў.
Таксама я ўдзячны Святлане Ціханоўскай і Офісу за тое, што яны робяць. І, канечне, хачу падзякаваць сваім таварышчам анархістам, чыя салідарнасць самая лепшая і моцная ў свеце.
Таксама вялікая ўдзячнасць усім людзям, якія пісалі мне лісты. У аграмаднай колькасці яны да мяне не даходзілі, як і мае адказы. Былі жанчыны-гераіні, якія пісалі па 20–30 лістоў, і ні адзін з іх не дайшоў, але яны ўсё адно працягвалі пісаць. А якія мне паштоўкі дасылалі ў 2020‑м! Калі б я толькі мог гэтым падзяліцца… Але кдбшнікі таксама не дурні — усе нашыя паперы яны павыкідвалі, каб мы тут цяпер не хадзілі і не хвасталіся ўсёй гэтай салідарнасцю.
Я ўзгадваю неймаверную салідарнасць насуперак тым прыніжэнням, якім мяне падверглі ў ГУБАЗіКу. Людзі наадварот паказалі мне, што яны не вядуцца, і гатовыя мяне падтрымаць у маіх пакутах. Дзякуй усім людзям, хто маліўся, памятаў пра мяне, дасылаў мне грошы і нават сеў потым за гэта. Мы, беларусы, абавязкова будзем жыць у лепшай Беларусі — я ў гэтым упэўнены і ўпэўніваўся кожны раз, калі ўзгадваў гэтую салідарнасць. Усім дзякуй! Калі ласка, ніколі не губляйце надзеі. Вось я яе ніколі не губляў, і гэта сябе цалкам апраўдала».
