У Вільні адкрылася канферэнцыя, прысвечаная будучыні беларускай журналістыкі
16 верасня ў літоўскай сталіцы распачалася канферэнцыя «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Канферэнцыя юбілейная — сёлета БАЖ адзначае 30-годдзе заснавання.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падчас адкрыцця канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
«Адна з нагодаў сённяшняй сустрэчы — 30-годдзе Беларускай асацыяцыі журналістаў, БАЖ была зарэгістравана менавіта ў гэты дзень — 16 верасня 1995 году. Але мы будзем гаварыць не толькі і не столькі пра мінулае, а, як вынікае і з самой назвы канферэнцыі, пра надзённае і пра будучыню беларускай журналістыкі», — сказаў на адкрыцці канферэнцыі кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец.
Ён нагадаў пра 27 супрацоўнікаў медыя, якія сёння знаходзяцца за кратамі. І прывітаў тых калег, што выйшлі на волю літаральна днямі — 11 верасня. Дарэчы, адзін з вызваленых — галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч — бярэ ўдзел у сённяшняй канферэнцыі.
Увазе ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі прадстаўлены праект «Журналісты: бязгучны рэжым» — Беларуская асацыяцыя журналістаў заклапочаная тым, каб факты пераследу і рэпрэсій супраць журналістаў не згубіліся ў інфармацыйнай прасторы і не ператварыліся ў белы шум. Мастачкі Кася Будзько і Кацярына Мяць, кожная па-свойму, візуалізавалі праект. У працах Касі Будзько — візуальнае вяртанне журналістаў у блізкую да іх рэчаіснасць. Мастачка пераносіць фотаздымкі журналістаў у сучасныя гарадскія ландшафты, дзе яны калісьці жылі, кахалі, працавалі, марылі. Працы Кацярыны Мяць прысвечаныя захаванню асабістай цэласнасці і чалавечай годнасці. Натхнёная метафарай мазаікі, мастачка паказвае, як чалавек у няволі праз ізаляцыю і адарванасць ад свету паўстае замкнёным і разабраным. Але каляровыя здымкі ўтрымліваюць памяць і даюць надзею на вяртанне святла ў жыццё кожнага палітвязня.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец на фоне выставы «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
«Што можна зрабіць для беларускай журналістыкі ў выгнанні? Мы называлі наш ад’езд рэлакацыяй, але, тое што здавалася часовым, становіцца ўсё больш сталым», — у тым ліку гэта пытанне будзе разглядацца на пачатку канферэнцыі.
Напярэдадні Рада Беларускай асацыяцыі журналістаў зацвердзіла стратэгію працы арганізацыі на бліжэйшыя гады.
Канферэнцыя завяршыцца ўзнагароджаннем пераможцаў творчага конкурсу «Вольнае слова».
