• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «У студзені я збіралася шчадраваць». Ларыса Шчыракова распавяла, пра што марыла за кратамі і што давала сілы трымацца

    Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова была вызваленая 11 верасня ў ліку 52‑х памілаваных палітычных вязняў. Вызваленне было доўгачаканым, але неспадзявана горкім: замест таго, каб выйсці з жаночай калоніі ў Гомелі і праз паўгадзіны апынуцца дома, Ларысу дэпартавалі ў Літву. У абсалютна іншы свет, бо мары ў няволі былі зусім не пра тое.

     Ларыса Шчыракова пра тры гады за кратамі

    Ларыса Шчыракова са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Падтрымаць важную працу БАЖ можна праз Patreon!

    «Плакала, бо зусім не так уяўляла выхад на волю»

    — На першых відэакадрах пасля вызвалення ты плакала. У бальшыні вызваленых усмешкі на твары, а ў цябе слёзы. Чаму так?

    — Плакала, бо зусім не так уяўляла выхад на волю. Я шмат думала пра тое, калі выйду з калоніі, абдыму сына, пайду на магілу да маці — яна памерла, пакуль я была ў СІЗА. Я не магла яе пахаваць, развітацца з ёй. І ў мяне ўсе гэтыя гады была такая пралангіраваная рэакцыя гора — слёзы ліліся, як толькі я пачынала пра гэта згадваць.

    Я марыла пра абсалютна простыя рэчы: што пайду на рэчку, буду гуляць з сабакам, зраблю рамонт дома, пачну зноў рабіць фотасесіі, закончу адукацыю і стану дыпламаваным псіхолагам.

    Тэрмін зняволення ў мяне мусіў скончыцца на стары Новы год, 13 студзеня 2026 года. Я ўсім у камеры казала, што выйду і пайду шчадраваць — будзе весела!

    А зараз мне хочацца пабыць адной. Я вельмі стамілася ад таго, што ў калоніі ты практычна ніколі не застаешся сам-насам. Цяпер гэта можна. І можна слухаць любімую музыку — гэтага задавальнення я некалькі гадоў была пазбаўленая. Паціху прыходжу да сябе.

    — Вызваленне было надта нечаканым?

    — Не тое, каб нечаканым. Наадварот, я заўсёды спадзявалася, што выйду «па памілоўцы», што ўвесь тэрмін сядзець не давядзецца. Але за дзень да выхаду, як кажуць, «нічога не прадвяшчала». 10 верасня, у сераду, мяне выклікалі на гутарку: як справы, як увогуле жыццё ў калоніі. А я ж чалавек актыўны і неабыякавы, тут жа пачала выказваць прапановы, як што можна палепшыць. І тут мне даюць паперу на подпіс — прашэнне аб памілаванні. Дарэчы, там не было нічога такога ганебнага, чаго не можна было б падпісаць.

    Падпісваю, але надта не веру: у нас ужо былі выпадкі, калі дзяўчаты падпісвалі «памілоўкі», а іх не выпускалі.

    Тым часам дзівосы працягваюцца. Я мусіла ісці на працу, але мне загадваюць ісці ў клуб на лекцыю пра поспехі Беларусі пад кіраваннем Лукашэнкі. А ў клубе раптам бачу Марыю Калеснікаву! Да таго яе ў клуб не пускалі. Саджуся побач, нават паспяваем перакінуцца парай слоў. Слухаю лекцыю, а ў галаве круціцца думка: «Што гэта ўсё можа значыць?»

    Вярнулася на працу. А 8‑й увечары прыходзіць майстрыца і кажа ісці ў штаб. Мяне сустракаюць афіцэры, усе ветлівыя, загадваюць збіраць рэчы. Дзяўчаты мне дапамагаюць. Ім сказалі, што мяне пераводзяць у іншы атрад, але ідзем не туды. Вядуць у каранцін з рэчамі. Зразумела! Значыць, вызваляюць. І тут я ўсведамляю, што нас, найхутчэй, будуць вывозіць. Канешне, расплакалася…

    Ноч праводзім у каранціне, а 5.30 нас будзяць, каля брамы стаіць бусік, нас суправаджаюць супрацоўнікі КДБ. Дазволілі ўзяць з сабой вады ў дарогу. У прыбіральню, праўда, не вадзілі, але спыніліся ў лесе. Пах неверагодны, я ў лесе не была столькі гадоў! Тады ўжо было ясна, што вязуць на мяжу. Яшчэ была інтрыга, будуць мяхі на галаве ці не. Не было.

    Падвезлі да Ікаруса. Заходжу — а там знаёмыя твары. Праўда, многіх ледзве пазнала — нават Яўгена Меркіса, майго даўняга сябра, не адразу. Цяжка было не расчуліцца.

    «Я ставіла перад сабой задачу максімальна захаваць сябе»

    — Што ты зрабіла на волі найперш?

    — Вядома ж, патэлефанавала сыну. Адразу ж пачула, што ў яго голас змяніўся, калі даведаўся, што я на волі. Што тут сказаць! Ён жа па сутнасці сіратой аказаўся, калі мяне забралі. 24 верасня яму будзе ўжо 19 гадоў, і за гэтыя гады без мяне яму шмат давялося перажыць.

    Ларыса Шчыракова з сынам

    Ларыса Шчыракова з сынам. Архіўнае фота

    Калі мяне забралі, яго адразу накіравалі ў спецпрытулак. Дзесяць дзён у прытулку — гэта быў для яго неверагодны стрэс. Чалавек упершыню аказаўся адзін. Прычым чалавек ужо даволі дарослы — у прытулку ж пераважна малыя дзеці.

    Нават праз год, калі ён прыходзіў у калонію да мяне на спатканне, я бачыла, што гэта ў яго глыбокая траўма, і яна не прайшла.

    Напярэдадні я дамовілася са сваякамі, каб узялі над сынам апеку. Але ж у яго ёсць бацька, ён жыве ў Новасібірску, і ў такім выпадку яго трэба было б пазбаўляць бацькоўскіх правоў. Усё ж вырашылі так не рабіць, бацька Свята прыехаў, забраў хлопца з прытулку, і тры месяцы яны жылі разам.

    Потым склалася так, што бацька вярнуўся ў Новасібірск, а сынам апекаваліся мае найбліжэйшыя сваякі. Ён жыў з дзедам, маім бацькам, у нашай хаце. Пасля 11 класаў скончыў вучэльню, паўтара года вучыўся на гандляра-касіра і цяпер працуе па размеркаванні.

    — А як ты сябе адчуваеш пасля турмы? І фізічна, і псіхалагічна?

    — Я ж вучылася на псіхолага, чытала шмат літаратуры на гэтую тэму, таму была падрыхтаваная да таго, як выжываць у калоніі. Я ставіла перад сабой задачу максімальна захаваць сябе — розум, здароўе псіхічнае, эмацыйнае, фізічнае. Гэтую задачу я выканала. Толькі адзін раз у мяне была тэмпература, бо ўсе ў камеры захварэлі. Так што са здароўем усё было добра. Я ж была да ўсяго маральна гатовая — ведала, на што іду.

    Калі затрымалі Яўгена Меркіса, я разумела, што «снарады кладуцца ўсё бліжэй» і што хутка прыйдуць па мяне. Але застацца ў Беларусі — гэта быў мой свядомы выбар.

    Меркавала, што нават калі адсяджу ў турме, то потым выйду і буду нешта добрае рабіць. Тады ў мяне была ілюзія, што я такім чынам купляю сабе права жыць на радзіме. Але я памылілася.

    «На юрфаку варта паказваць на маім прыкладзе, як не трэба складаць абвінавачанне»

    — Ларыса, цябе судзілі ў закрытым рэжыме. Можаш зараз распавесці, у чым канкрэтна цябе звінавацілі?
     
    — Судзілі паводле двух крымінальных артыкулаў. За чатыры інтэрв’ю «Белсату» звінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь — гэта артыкул 369–1.

    Нічога канкрэтнага пра тое, як я дыскрэдытавала радзіму, у выраку не было. Былі ў мяне выказванні кшталту: «ў краіне адбываецца зачыстка медыйнага поля», «парушаюцца правы чалавека», «фабрыкуюцца крымінальныя справы». Іх і палічылі за дыскрэдытацыю.

    Я на судзе сказала, што на юрфаку варта паказваць на маім прыкладзе, як не трэба складаць абвінавачанне. Бо ніякай канкрэтыкі, што я такога злачыннага зрабіла, там не было. Але за гэта мне далі паўтара года.

    Ларыса Шчыракова

    Ларыса Шчыракова. Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Другое абвінавачанне было за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці па частках 1 і 2 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса. Тут былі два эпізоды.

    Першы, што я нібыта паставіла ў Telegram-канал «Белсата» два паведамленні. І гэта была ўжо чыстая хлусня, бо я сама нічога не ставіла. Тымі паведамленнямі былі цытаты з маёй старонкі ў Face­book, якія ўзялі журналісты тэлеканала.

    Другі эпізод — за артыкул, які я паставіла на сайт «Гомельскай Вясны». Там была такая справа, калі гэты сайт прызналі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй», я думала, што ў мяне ёсць дзесяць дзён паставіць свой матэрыял, пакуль рашэнне суда не ўступіла ў законную сілу. Тут я памылілася. Гэтыя мае дзеянні расцанілі як садзейнічанне «экстрэмізму». Спыталі: «Вы ставілі артыкул?» Я не стала выкручвацца. Бо два гады хадзіла на судовыя працэсы і бачыла ўсялякае: што людзі і плакалі, і прасілі, і прыніжаліся — і ўсё адно гэта не дапамагала нікому. Таму разумела, што мая справа вырашаная, і лепш я ўсё годна скажу суддзю ў твар.

    За «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» мне далі тры з паловай гады. Шляхам частковага складання тэрмінаў столькі і атрымалася агулам.

    — Многія здзівіліся твайму рашэнню не падаваць апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд. Чаму ты так вырашыла?

    — Па-першае, я не маю даверу да беларускай судовай сістэмы, таму і не бачыла ніякага сэнсу абскарджваць. Па-другое, мне страшэнна надакучыла сядзець у СІЗА, і лішні месяц у чаканні абскарджання падаваўся невыносным. У СІЗА ты ўвесь час у камеры, дзе ўсе кураць. Ты нікуды не выходзіш, не бачыш неба, не бачыш зеляніны, не бачыш іншых людзей — калі нехта прайшоў за акном, гэта ўжо падзея.

    Да ўсяго, я дзесьці ўнутры была перакананая, што мяне хутка памілуюць. І таму вырашыла хутчэй ехаць у калонію, бо ўжо не вытрымлівала сядзець у гэтых скляпеннях. Можа, цяжка паверыць, але, калі я прыехала ў каранцін калоніі, то для мяне гэта было шчасце! Бо ў калоніі можна хадзіць, хоць і пад вартай, там можна выйсці у двор і паглядзець на неба. У нашай калоніі каля 17-га атрада была велізарная клумба, мне пазней сказалі, што на ёй высаджана 37 найменняў кветак. Нават глядзець на той кветнік пасля прыезду ў калонію было неймавернай радасцю!

    Жанчыны

    — Як у калоніі ставіліся да жынчын, зняволеных па палітычна матываваных артыкулах?

    — Залежыць ад таго, калі яны трапілі ў калонію. Калі ў 2021–2022 гадах, то, кажуць, было горш. Я рознае чула, у тым ліку і пра розныя правакацыі ў дачыненні да Кацярыны Андрэевай. Але са мной нічога такога не было. Канешне, дзяўчат адпраўлялі ў ШІЗА (штрафны ізалятар — Рэд.), але не магу сказаць, што гэта было масава.

    Ларыса Шчыракова

    Ларыса Шчыракова на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Вельмі ў адміністрацыі не любілі, калі дзяўчаты рабілі заўвагі, кшталту: «Вы парушаеце нашы правы», «Вы не маеце на гэта права». За такое адразу каралі. І зразумела, што нейкія дробныя  правіны лёгка дараваліся звычайным, «белым», зняволеным, а палітычным — «жоўтабірачнікам» — ужо не.

    У мяне былі тры рапарты і тры пазбаўленні доўгатэрміновых спатканняў са сваякамі. Да прыкладу, за цукеркі, пранесеныя ў прамзону, дзе мы шылі курткі. Я ўзяла шэсць цукерак. Гэта забаронена, але практычна ўсе бяруць. І ў мяне іх знайшлі. Другі раз — за размовы падчас пастраення. Але смешна, пакаралі мяне адну, нібыта я размаўляла сама з сабой. У выніку за гэтыя гады ў мяне былі толькі два доўгія спатканні з сынам.

    Канешне, мы былі дыскрымінаванымі. Зрэшты, і не толькі мы. Для ўсёй калоніі забаранілі дапаможнікі па замежных мовах. Я замовіла падручнікі па нямецкай і па гішпанскай, але мне іх не аддалі. Сказалі, што перададуць пры выхадзе. Калі пачаўся «памілавачны двіж», я папярэдзіла бібліятэку, што хачу іх падарыць.

    Яшчэ год таму «жоўтым» забаранілі чытаць літаратуру па псіхалогіі. А ў калоніі, дарэчы, яе было шмат. Але нам нельга было, і нават «белыя» часам падыходзілі да мяне, ведаючы, што я цікаўлюся, і прапаноўвалі нешта ўзяць.

    «Жоўтых» не пускалі ў царкву, рэдка каму ўдавалася туды патрапіць. Не пускалі ў спартзалу — гэта быў цуд, што адзін месяц мне дазволілі туды пахадзіць. Не пускалі ў клуб на забаўляльныя мерапрыемствы і не давалі выступаць на сцэне. Але я мела магчымасць пісаць сцэнары, неяк нават паўдзельнічала ў канцэрце. 

    Збольшага такія забароны ў дачыненні да палітычных былі самадурствам — калі проста нам хацелі зрабіць нешта на зло.

    — Але чаму не пускалі на мерапрыемствы? Яны ж на тое і ладзяцца, каб «перавыхоўваць»?

    — Да «перавыхавання» ў нас ставіліся адмысловым чынам. Напрыклад, было шмат ідэалагічных мерапрыемстваў, асабліва на ваенную тэматыку. То нейкія лекцыі, то віктарыны, то пастаноўкі, то конкурсы — чвэрцьфінал, паўфінал, фінал. Прагляд фільмаў — жорсткіх, з гэтымі крывавымі сцэнамі. У нас так і казалі: «Мы як самі пабывалі на вайне».

    Было ў нас мерапрыемства на тэму «Сям’я». Усё ішло паводле плана, але было настолькі нудна, што я распачала дэбаты: маўляў, сям’я можа быць не толькі гетэрасексуальным утварэннем, пачала казаць пра аднаполыя сем’і. Начальніца атрада аж здранцвела, нават мяне не перабіла. А мяне за гэта спачатку пакаралі дзесяццю дзяжурствамі, а потым перавялі ў іншы атрад.

    Дарэчы, адзінае, куды ахвотна пускалі «жоўтых», гэта нядзельнае абмеркаванне фільмаў. Гэта было вельмі цікава! Калі паслухаць збоку, то ніхто б не сказаў, што гэта мерапрыемства ў калоніі — цэлая навуковая канферэнцыя. Дарэчы, у «жоўтых» была рэпутацыя самых адукаваных і самых разумных. Нават так казалі:  «Калі ўжо не ведаюць «жоўтыя», то не ведае ніхто».

    Ларыса Шчыракова

    Ларыса Шчыракова са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Можна было заслухацца, калі падчас абмеркаванняў выступалі нашы дзяўчаты, як іх мадэравалі Каця Андрэева, Людміла Чэкіна, Ксенія Луцкіна.

    Я таксама ўдзельнічала. Аднойчы падчас абмеркавання я прачытала Пушкіна «Во глубине сибирских руд храните гордое терпенье», і ўсе, вядома, зразумелі, што гэта было не пра дэкабрыстаў: «Оковы тяжкие падут, темницы рухнут — и свобода вас примет радостно у входа». Гэта было пра нас.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці