• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Кірыл Пазняк прызнаны палітычным зняволеным

    Праваабарончая супольнасць прызнала журналіста Кірыла Пазняка затрыманага ў першых ліках верасня, палітычным зняволеным. Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі апублікаваная сёння, 17 верасня. Усяго ў заяве 17 новых палітзняволеных.

    журналіст Кірыл Пазняк

    Журналіст Кірыл Пазняк. Скрыншот відэа

    Кірыл Пазняк быў затрыманы ў Мінску меркавана 4 верасня — у дзень прызнання «экстрэмісцкім фармаваннем» YouTube-канала «Платформа 375», журналіст названы датычным да гэтага рэсурсу.

    Рашэнне прызнаць YouTube-канал «Платформа 375», а таксама яго акаўнты ў сацсетцы Tik­Tok «экстрэмісцкім фармаваннем» прыняў Камітэт дзяржбяспекі Беларусі. З таго ж дня рашэнне набыло моц. Звесткі пра гэта на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў адпаведным «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» відэаканал, былі апублікаваныя толькі 11 верасня.

    За два дні да рашэння КДБ, 2 верасня, суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў канал «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».

    YouTube-канал «Платформа 375» быў зарэгістраваны ў красавіку 2021 года і прэзентаваў сябе як незалежная медыяпляцоўка, дзе размяшчаюцца навіны з Беларусі, расследаванні, ток-шоу і дакументальныя фільмы. Канал мае 4,05 тыс. падпісчыкаў і 3,41 млн праглядаў.

    У 2021–2022 гадах канал правёў некалькі дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іх апанентамі, якія вымушана з’ехалі з краіны. Апошні эфір адбыўся 3 снежня 2022 года з удзелам Рыгора Азаронка (СТБ), Юрыя Цераха («СБ. Беларусь сегодня») — у Мінску, а таксама Алега Талерчыка (сузаснавальнік арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol) і Дзяніса Дудзінскага (тэлевядучы, шоўмэн) — у Варшаве.

    Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (арт. 361–1 КК) ці  за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 КК). Санкцыі гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці