• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ініцыятыва INEXKULT: як беларуская культура знаходзіць дом у Еўропе

    Беларусы, якія апынуліся за мяжой, усё часцей шукаюць спосабы не страціць сувязь з роднай культурай. Ініцыятыва INEXKULT ужо некалькі гадоў стварае тэатр, музыку і адукацыйныя праекты, каб гэтае пачуццё дома жыло нават удалечыні ад Мінска, Гродна ці Полацка.

    Спектакль «Радзіва «Прудок».

    Спектакль «Радзіва «Прудок». Фота: INEXKULT

    INEXKULT — гэта прадзюсарская ініцыятыва, якая падтрымлівае беларускі тэатр і музыкаў, а таксама прыдумляе ўласныя адукацыйныя праекты для дзяцей і падлеткаў. Усё гэта дзеля таго, каб беларусы ў эміграцыі не гублялі сувязь з культурай і адчувалі яе жывой.

    Большасць пастановак і канцэртаў ствараюцца самімі беларусамі і кажуць пра тое, што для іх важна. Напрыклад, спектакль «Шэпт» распавядае пра беларускае знахарства, якое паступова сыходзіць у мінулае. «Па што ідзеш, воўча?» паказвае, як жыццё беларускіх вёсак пераплятаецца з гісторыяй цэлага рэгіёну. А «Радзіва Прудок» — гэта лірычнае падарожжа ў «беларускі вясковы космас», якога зараз многім не хапае.

    Акрамя тэатра, INEXKULT робіць музычныя фестывалі кшталту JUNACTVA — з беларускімі музыкамі, якіх слухалі дома. А для падлеткаў арганізуюць лагеры і творчыя лабараторыі — напрыклад, «Геній месца», дзе праз творчасць і крэатыў яны знаходзяць сяброў і вучацца быць смялейшымі ў новай краіне.

    Як і калі з’явіўся INEXKULT

    У INEXKULT няма даты нараджэння ці «кропкі адліку». За праектам стаяць усяго тры чалавекі, у кожнага ёсць асноўная праца ў Польшчы. А INEXKULT яны робяць у вольны час — замест сну і адпачынку.

    Тут няма палітычнага парадку дня або прыхаваных мэтаў. Усё будуецца вакол праектаў, якія самім хацелася б убачыць на сцэне.

    Спектакль «Шэпт»

    Спектакль «Шэпт». Фота: INEXKULT. Ближэйшыя паказы: 28 верасня — Гданьск, Gdańs­ki Teatr Szek­spirows­ki. 2 кастрычніка — Варшава, Ter­mi­nal Kul­tu­ry Gocław.

    Чым займаецца INEXKULT? Якія праекты ўжо ўдалося рэалізаваць?

    Сёння ў ініцыятывы некалькі напрамкаў.

    Тэатр

    Усё пачалося са спектакляў і «чытак» у барах. Новы сезон адкрывае пастаноўка «Шэпт» па кнізе Сяргея Лескеця. У планах — спектакль «Па што ідзеш, воўча?» па кнізе Евы Вежнавец, а ў лютым 2026 года ў Варшаве пакажуць «Радзіва Прудок».

    «Чыткі» ў барах — асобная гісторыя. Прафесійныя акцёры чытаюць п’есы проста з аркуша, без рэпетыцый. Атмасфера камерная, гледачоў няшмат, але эфект моцны: літаральна на вачах нараджаецца спектакль «тут і зараз».

    Музыка

    У мінулым сезоне прайшлі фестывалі JUNACTVA і «Менскае мора», дзе выступалі такія артысты, як Ili-ili, РСП, Касіяпея, Света Бень і іншыя. Для многіх гледачоў гэта стала сапраўдным падарожжам у юнацтва — незалежна ад таго, колькі гадоў у пашпарце. Акрамя фестываляў, INEXKULT праводзіць і асобныя канцэрты гэтых калектываў.

    Адукацыя

    Некалькі гадоў запар праходзяць тэатральныя лагеры для дзяцей і падлеткаў. Тут можна паспрабаваць сябе ў тэатры, паставіць уласны спектакль, пасябраваць і проста адчуць упэўненасць на сцэне і ў жыцці. З дзецьмі працуюць прафесійныя акцёры і рэжысёры.

    У 2025 годзе прайшоў першы лагер «Геній месца». Ён сабраў падлеткаў з Труймяста, і цэлы тыдзень яны даследавалі, чым асаблівае гэтае месца для іх. Праз тэатр, жывапіс і майстэрні яны шукалі свой спосаб адчуць горад і сваё месца ў ім.

    INEXKULT таксама ладзіць тэатральныя лабараторыі для рэжысёраў і драматургаў, фестываль беларускага тэатра і нават перавыданне кнігі Андруся Горвата «Радзіва Прудок».

    Спектакль «Радзіва «Прудок»

    Спектакль «Радзіва «Прудок». Фота: INEXKULT. Ближэйшы паказ: 3 лютага 2026 — Варшава, Ter­mi­nal Kul­tu­ry Gocław

    Хто прыходзіць на мерапрыемствы INEXKULT

    У першую чаргу — беларусы, якія жывуць за мяжой. Але паколькі спектаклі суправаджаюцца польскімі субтытрамі, у залах усё часцей з’яўляюцца і палякі, і экспаты з іншых краін.

    Арганізатары ўпэўнены: беларускі тэатр не павінен замыкацца ў «сваёй культурнай бурбалцы». Ён павінен быць часткай еўрапейскага тэатра.

    Якой атмасферы чакаць ад мерапрыемстваў INEXKULT

    У кожнай падзеі свой характар: спектакль, канцэрт ці камерная чытка ў бары дораць розныя эмоцыі. Але аб’ядноўвае іх адно — пачуццё дома.

    Тут узнікае адчуванне, што ты сярод блізкіх людзей. Што менавіта тут можна дакрануцца да чагосьці роднага, захаваць гэта ўнутры і несці далей — праз кіламетры і гады. INEXKULT робіць усё, каб атмасфера была ўтульнай і аб’ядноўвала.

    Як беларуская культура выглядае ў еўрапейскім кантэксце

    Беларуская культура — частка культуры Еўропы, але пры гэтым вельмі самабытная. Беларусь заўсёды была на скрыжаванні цывілізацый і культур, яе гісторыя поўная чужых войнаў і змены межаў. Як гаворыцца ў спектаклі «Па што ідзеш, воўча?» па кнізе Евы Вежнавец, можна ўсё жыццё пражыць у беларускай вёсцы і нікуды не ад’язджаць, але пры гэтым змяніць дзевяць краін. Гэта адлюстроўвае і лёс Беларусі, і гісторыю Усходняй Еўропы ў цэлым.

    «Па што ідзеш, воўча?»

    Спектакль «Па што ідзеш, воўча?» Фота: INEXKULT Ближэйшы паказ: 26 кастрычніка — Гданьск, Gdańs­ki Teatr Szek­spirows­ki

    Традыцыі беларускага тэатра сыходзяць каранямі ў еўрапейскі тэатр, як і традыцыі сучаснай беларускай музыкі. Тут ёсць шматмоўнасць і шматканфесійнасць, цярпенне да выпрабаванняў, даўняя гісторыя міграцыі і нават эканомнасць у мастацкіх сродках — рыса, знаёмая і еўрапейскай культуры.

    INEXKULT хоча, каб пра беларускі тэатр ведалі ў Еўропе як пра з’яву, якая можа злучаць усходнія і заходнія традыцыі.

    Пры гэтым важная і міжнародная праца: удзел у Авіньёнскім тэатральным фестывалі, супрацоўніцтва з польскімі пляцоўкамі, дзе на спектаклі прыходзілі гледачы з Польшчы і Украіны.

    Беларуская культура — гэта не толькі поп-музыка кшталту Макса Каржа. Гэта розныя жанры і формы, і вельмі хочацца верыць, што цікавасць да іх будзе расці — не толькі ў саміх беларусаў, але і ў палякаў, украінцаў і іншых еўрапейцаў.

    Цалкам тэкст можна прачытаць тут.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці