Што можна зрабіць для журналістаў і медыяў у выгнанні? Распавядаюць эксперты
Пад такой назвай праходзіла частка канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра», што ладзілася 16 верасня ў Вільні ў гонар 30-годдзя Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Канферэнцыя «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Тэма, якую акрэсліў вядоўца панэлі канферэнцыі, кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец, зразумела, занадта складаная, каб атрымаць усе адказы за дзве гадзіны, але ўявіць маштабы з’явы і ўбачыць найбольш балючыя кропкі цалкам магчыма.
Андрэй Рыхтэр, эксперт Савета Еўропы, старэйшы дарадца Бюро Прадстаўніка па пытаннях свабоды СМІ АБСЕ лічыць вартым звярнуць увагу на еўрапейскія законы ў сферы медыя.
«Адзін з інструментаў — нацыянальныя фонды падтрымкі медыя. Яны ёсць не ва ўсіх краінах, але ў Літве ёсць. Гэта, безумоўна, тыя органы, якія так ці інакш будуць падтрымліваць якасныя медыя, якія знаходзяцца ў гэтай краіне, якія існуюць у гэтай краіне. Таму казаць аб тым, што сітуацыя безнадзейная, няварта.

Андрэй Рыхтэр на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Праблемы, безумоўна, ёсць, страшныя праблемы, і ў медыя ў выгнанні — страшныя праблемы. Але сітуацыя, паўтаруся, не безнадзейная, шмат што залежыць ад таго, як вы праводзіце сваю рэдакцыйную палітыку, як вы сябе паводзіце з аглядкай на тыя стандарты, якія існуюць у Еўропе, і як вы ўдзельнічаеце ў медыя жыцці краіны знаходжання», — сказаў ён.
Крызісы і выклікі
Дырэктарка «Нашай Нівы» Наста Роўда на пачатку выступу падкрэсліла, што гаворыць не толькі ад імя «НН», бо праблемы беларускіх медыяў вельмі падобныя, «я буду казаць пра праблемы «Нашай Нівы», але агулам пра праблемы ўсіх нашых СМІ».
Наста Роўда паспрабавала «неяк апісаць і сартаваць» сённяшнія праблемы СМІ ў экзайле.

Наста Роўда на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Па-першае, гэта крызіс герояў і крызіс экспертаў. Гэта выклік для СМІ: «Людзі баяцца пераследу, баяцца пераследу журналісты, баяцца пераследу героі. Гэта значыць, усе ўсяго баяцца. І, вядома, гэта моцна ўплывае на тое, з кім мы ўвогуле можам размаўляць». Людзі нават у эміграцыі выбіраюць маўчанне, бо — «сваякі ў Беларусі». Становіцца вельмі праблематычным стварэнне відэа, «патрэбны асобы, а відэа з нейкімі чорнымі фігурамі — гэта не працуе».
Па-другое, «крызіс жанру». «Мы ўсё яшчэ не можам здымаць у Беларусі. Спадзяваліся, што да 2025 года гэтая праблема вырашыцца, мы вернемся дадому — але не, — кажа Роўда.
— Не ведаю, колькі гадоў прыйдзецца «ехаць» на архіўных відэа, архіўных здымках. Пры тым вельмі важна, каб мы паказвалі жыццё тут і цяпер. Але небяспечна здымаць, небяспечна трансляваць.
Такі жанр як рэпартаж – мы цяпер толькі памятаем».
Па-трэцяе, татальны недахоп імёнаў:
«У нас рэгулярная сітуацыя, калі ананімны аўтар піша гісторыю пра ананімнага героя, якую каментуе ананімны эксперт. Гэта не тыя стандарты, якія павінны быць і не тыя стандарты, паводле якіх мы працавалі да 21-га года. Але ў нашай сітуацыі лепей так, чым ніяк.
Бо калі гісторыі не даваць нават у такім выглядзе, то пра іх увогуле ніхто не даведаецца. І гэта яшчэ больш аддаліць нас ад пэўнай нармальнасці і разумення таго, што сапраўды адбываецца ў краіне».
Наста Роўда заўважае, што «стандарты зараз сталі гнуткімі». Так, не заўсёды ёсць магчымасць знайсці дзве крыніцы для пацверджання інфармацыі, «таму, калі там стаўкі 8 да 2‑х ці 9 да 1‑го, што інфармацыя праўдзівая (і з адной крыніцы), мы, хутчэй за ўсё, гэта апублікуем». «Калі інфармацыя настолькі важная, грамадска значная, то мы бярэм на сябе гэтыя рызыкі. Лепш так, чым увогуле ніяк, — заявіла дырэктарка «Нашай Нівы» — І яшчэ вельмі шмат стандартаў парушаецца ў сувязі з бяспекай. Прыярытэт — бяспека герояў. Мы свядома парушаем нейкія стандарты, каб засцерагчы нашых герояў, крыніцы».
Вельмі важнымі яна называе таксама тэхналагічныя выклікі: «Мы залежныя ад платформ, якія працуюць не заўжды ў нашых інтарэсах. Яны не заўсёды разумеюць і ўлічваюць абмежаванні — блакіроўкі сайтаў, напрыклад, складанасці з беларускай мовай, непрадстаўленасць беларускай мовы на платформах. І гэта таксама ўплывае на тое, у якім выглядзе інфармацыя даходзіць да Беларусі».

Былы палітвязень Аляксандр Манцэвіч Наста Роўда на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
І, канечне ж, «ва ўсім вінаватыя журналісты»: «Вось нашая рэальнасць. Што б ні адбылося, вінаватыя мы.
Гэта вельмі адрозніваецца ад таго, што было ў 2020 годзе, калі мы для ўсіх былі героямі. Цяпер жа мне персанальна ў парыве гневу часам гаварылася, што лепш бы вас не было, лепш бы вас закрылі ці яшчэ нешта.
Мы знаходзімся ў сітуацыі, калі ўсе жадаюць чытаць пра ўсіх, але ніхто не жадае, каб пісалі нешта пра яго. І ў гэтай сітуацыі мы, вядома, лавіруем, спрабуем даць максімум інфармацыі, разумеючы, што яна грамадска значная».
У пераліку пагроз для якаснай працы медыя ў выгнанні Наста Роўда зразумела ўнесла фінансавую нестабільнасць: «Гэта стварае сітуацыю поўнай нестабільнасці, уразлівасці, у якой людзі не могуць планаваць сваё заўтра, баяцца ўсяго. Страціць працу на эміграцыі — гэта самы жудасны кашмар, бо мы ўсе разумеем, што жыць у Еўропе вельмі дорага. Таму ў гэтым кашмары мы неяк спрабуем існаваць».
Вядома ж, ёсць праблема ўразлівых груп: былыя палітзняволеныя журналісты, пенсіянеры, шматдзетныя. «Няма ніякіх фондаў, хто б дапамагаў гэтым людзям. Нам усім трэба пра гэта думаць і казаць, і нешта рабіць, таму што рана ці позна, магчыма, усе мы апынемся ў такой жа сітуацыі. Добра, каб з’явіліся праграмы падтрымкі ўразлівых груп», — зазначыла журналістка.
Эміграцыя — гэта свабода, але не панацэя
Марыя Арджанікідзэ, дырэктарка фонду «Справядлівасць для журналістаў» заўважае: «Эміграцыя, гэта, вядома, свабода, але гэта не панацэя. І часта адсутнасць нашай фізічнай радзімы прыводзіць да значна большых праблем, чым прысутнасць там».

Марыя Арджанікідзэ выступае на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Марыя Арджанікідзэ падрабязна прааналізавала пераслед журналістаў па ўсім свеце. «Гэта праблема не толькі журналістаў з Беларусі. Гэта праблема існуе даўно. У калег з Афганістана, з Ірана, з Сірыі, зразумела, з Расіі, з Мексікі, з Эль-Сальвадора, з Турцыі. Маса краін, гэта далёка не ўвесь спіс. На жаль, да гэтых краін дадаюцца і новыя, як, напрыклад, Грузія ці Кыргызстан, дзе гэтыя праблемы ўзніклі, зразумела, са змены рэжыму і ідуць па абсалютна тых жа рэйках, якія мы ўжо назіралі спачатку ў Туркменістане, потым у Беларусі, у Таджыкістане, ва Узбекістане, у Расіі. Усе гэтыя рэйкі, на жаль, накатаны, законы прымаюцца адны і тыя ж, спісы называюцца аднымі і тымі ж назвамі», — сказала дырэктарка фонду.
Фонд «Справядлівасць для журналістаў» дзеліць атакі на супрацоўнікаў медыя на тры катэгорыі:
«Гэта фізічныя атакі, якія нясуць пагрозы жыццю, здароўю і свабодзе. Другая катэгорыя — гэта нефізічныя кібератакі і пагрозы. І трэцяя вялікая катэгорыя — гэта пагрозы юрыдычнага прававога характару, якія ажыццяўляюцца супраць журналістаў пры дапамозе юрыдычных механізмаў.
І калі журналісты пачынаюць жыць у выгнанні, то гэтыя пагрозы нікуды не сыходзяць. Нажаль, яны трансфармуюцца і набываюць транснацыянальны характар. І мы, вывучаючы штодзённую гэтую сітуацыю, разумеем, што раней такія транспамежныя напады і атакі на людзей ажыццяўляліся краінамі кшталту СССР, Кітая і іншых. Гэта былі атакі таргетаваныя, кропкавыя, яны ажыццяўляліся супраць здраднікаў, тых, каго лічылі здраднікам. Але зараз, на жаль, гэтая практыка пастаўлена на паток, яна перастала быць кропкавай, яна выявіла сістэмны характар. Цяпер ворагамі лічацца журналісты і аўтарытарныя рэжымы дастаткова шырока прымяняюць тыя практыкі, якія былі напрацаваныя ў часы халоднай вайны і пашыраюць гэтыя практыкі, дадаючы ўсё новыя і новыя метады».

Марыя Арджанікідзэ, Айдар Батагараў і Віціс Юрконіс на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Дарадца офісу Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Айдар Батагараў зазначыў, што прадстаўніцтва фіксуе вельмі вялікую колькасць журналістаў, якія эмігравалі з‑за сітуацыі, якая склалася за апошнія 5 гадоў. «Пры гэтым яны працягваюць працаваць у выгнанні. Праблемы, з якімі сутыкаюцца журналісты ўжо ў новых умовах, таксама маюць вялікае значэнне, — сказаў Батагараў. — Прадстаўнік летась запусціў невялікі праект, які закліканы да таго, каб вывучаць сітуацыю, абмяркоўваць яе ў экспертнай супольнасці, а таксама выпрацоўваць рэкамендацыі ў тым ліку і для тых краін, якія прымаюць журналістаў».
Кіраўнік літоўскага офісу Freedom House Віціс Юрконіс праблемай сферы медыя ў выгнанні называе ў тым ліку тое, што
«ў цэлым у нашым усім асяроддзі занадта шмат кансультантаў і пасярэднікаў і вельмі мала адказных гульцоў, якія займаюцца справай».
Віціс Юрконіс, як чытач беларускіх СМІ, бачыць «дзве вельмі вялікія скрайнасці», з аднаго боку, «гэта вялікая самацэнзура» беларускіх журналістаў. «Іншая, гэта тэорыя змовы, хэйт і адсутнасць элементарнага фактчэкінга. І гэта неяк, мне падаецца, разам трэба вырашаць. Гэта таксама датычыцца пытання даверу. І, паўтаруся, зашмат кансультантаў, пасярэднікаў і гэтак далей», — зазначыў Юрконіс.

Віціс Юрконіс на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
«Але ж галоўная прычына ўсяго — гэта беларускі рэжым, чаму гэтыя людзі тут, чаму ў нас гэтая канферэнцыя тут, чаму людзей выгналі, чаму яны не могуць убачыць сваіх сваякоў, наведаць магілы і гэтак далей. І калі мы будзем на 95% працаваць толькі з наступствамі, гэта ўсё ў далейшым будзе памнажацца і памнажацца», — лічыць эксперт.
Мы ў нетрывіяльнай сітуацыі і з нетрывіяльнымі задачамі
Намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік Прававога цэнтру Алег Агееў называе даволі нетрывіяльнай задачай дапамогу беларускім медыя ў экзылі Асацыяцыяй, якая сама ў выгнанні і якая прымусова ліквідаваная ў Беларусі і прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем.
«Прызнаюся, мы кансультуем. Шмат крытыкі было пра кансультантаў, але мы сапраўды аказваем прававую дапамогу, першасныя кансультацыі аб тым, як людзям легалізоўвацца, — распавёў Агееў. — Зразумела, беларускім юрыстам не заўсёды хапае кваліфікацыі для таго, каб гэтую дапамогу ў дастаткова спецыфічных выпадках аказваць эфектыўна. У асобных выпадках мы дапамагаем з аплатай юрыстаў.
У нас ёсць і паспяховыя кейсы, калі наша супрацоўніцтва з нацыянальнымі юрыстамі ў шэрагу краін дапамагала беларускім журналістам легалізавацца. Мы працягваем гэта рабіць».

Алег Агееў і Эдуард Мельнікаў на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Паводле Алега Агеева, вырасла неабходнасць у прававой дапамозе пры транспамежным пераследзе, бо Беларусь сапраўды адна з краін, якія зараз актыўна выкарыстоўваюць механізмы траннацыянальнага пераследу.
«На сёння ўжо ёсць паспяховы досвед звароту ў Інтэрпол па некаторых такіх кейсах. Мы збіраемся маштабаваць гэтую актыўнасць, таму што колькасць людзей, якія сутыкнуліся ўжо з міжнародным пераследам, досыць вялікая», — сказаў выступоўца.
Ён таксама нагадаў, што для вырашэння спрэчак у медыясектары была створана медыяасамблея і ўжо 4 месяцы, як функцыянуе Рада па медыяэтыцы.
«Мы займаемся адукацыяй. Мы ганарымся тым, што беларускія медыя захоўваюць статус менавіта беларускіх. Яны накіраваныя на аўдыторыю ўнутры Беларусі, але яны функцыянуюць на тэрыторыі еўрапейскіх краін. Адпаведна, трэба ведаць еўрапейскае заканадаўства, адукацыя ў гэтым кірунку — гэта таксама адзін з відаў той дапамогі, якую мы аказваем», — зазначыў намеснік старшыні БАЖ.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец адкрывае канферэнцыю «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Алег Агееў, завяршаючы панэль, падзякаваў партнёрскім арганізацыям, бо «БАЖ, нават з 30-гадовай гісторыяй і 1300 сябрамі, не заўжды можа аказваць усю неабходную сектару дапамогу самастойна».
