• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я пераходзіў усе чырвоныя лініі»: як Віктар Сямашка ствараў сваю «Новую зямлю»

    Вядомая перадача пра беларускую музыку, якая пачыналася на «Радыё Юністар» пад назвай «Новая зямля», а пасля закрыцця пераехала на «Радыё Рацыя», адзначыла сваё 20-годдзе. Чаму кіраўніцтва радыёстанцыі цярпела тарашкевіцу ў эфіры? Як парушаліся «чорныя спісы» забароненых музыкаў? Чаму КДБ слухаў запісы праграмы? Пра гэта БАЖ пагутарыў з аўтарам і вядоўцам перадачы Віктарам Сямашкам.

    Віктар Сямашка. Фота: з асабістага архіва

    «Парушыць стэрэатыпы і пашырыць уяўленні пра беларускую музыку»

    — Тады я быў маладым чалавекам — 24 гады. Два гады, як завяршыў навучанне на факультэце журналістыкі БДУ. Два гады я адпрацаваў па размеркаванні на «Радыё Бі-Эй», якое цяпер банкрут. Пасля таго, як я звольніўся, мяне запрасілі на «Радыё Юністар» — гэта была восень 2004 года.

    Усе калегі мелі аўтарскія перадачы. Рабіліся намёкі, што і табе, Віктар, трэба займець сваю. За два з нечым гады моцна надакучыла весці навіны — гэта была і ёсць мая асноўная праца. А я хацеў сам сябе зацікавіць, каб не так агідна было наведваць офіс. І падумаў: чым я сябе магу зацікавіць, калі не музыкай? Тым больш што музыка нават не альтэр эга, а маё асноўнае эга, проста я не магу ёй зарабляць і зарабляю журналісцкім рамяством.

    Так 5 траўня 2005 года, пасля ўсіх абмеркаванняў, падрыхтоўкі пілотнага праекта, выйшаў першы выпуск праграмы «Новая зямля». Я сам быў даволі здзіўлены, што мяне падтрымалі і тагачасная дырэктарка «Юністар» Любоў Ісачкіна, і праграмны дырэктар Ігар Сукманаў, які таксама быў змушаны пакінуць Беларусь пасля падзей 2020 года.

    Ускосна паспрыяла тое, што менавіта ў гэты час улады Беларусі вырашылі ўвесці тыя самыя 75% беларускай музыкі ў FM-эфіры. Натуральна, перад усімі музычнымі рэдактарамі паўстала праблема: чым запаўняць эфір? І мая праграма стала частковым вырашэннем для вечаровага часу.

    — А чаму назвалі перадачу «Новая зямля»?

    — Памятаю, прызначылі дзень, калі я мусіў падаць апісанне праграмы, назву. Гэта быў панядзелак. А перад тым на выходных я паехаў на экскурсію (тады гэта была вельмі папулярная з’ява, збіраліся аўтобусы, ездзілі па ўсёй Беларусі), якая праходзіла праз Стаўбцоўшчыну. Натуральна, узнікла імя Якуба Коласа, ягоная паэма «Новая зямля».

    У мяне і шчоўкнула ў галаве: а чаму б, сапраўды, і не назваць праграму «Новая зямля» — як сімвал пераемнасці эпох. Так назва і замацавалася.

    — У чым палягала галоўная ідэя перадачы? У чым яе ўнікальнасць?

    — І ў апісанні, якое я падаваў свайму кіраўніцтву, і ў адбіўцы праграмы гучаў выраз: «Новая зямля — беларуская музыка ўсіх часоў і стыляў». Гэта і было асноўнай мэтай — пашырыць уяўленне пра музыку, якая ёсць і была раней. Станам на сярэдзіну нулявых гадоў быў выразны падзел на рок і дзяржаўную эстраду, якая ўвогуле не вытрымлівала ніякай крытыкі. А я хацеў паказаць, што акром гэтых двух палюсоў, ёсць бездань зусім іншай музыкі, таксама беларускай, таксама вельмі адметнай і ўнікальнай. Гэта і джаз, і электроніка ўсіх магчымых гатункаў, і фальклор з усімі мажлівымі да яго падыходамі, і авангард, і акадэмісты, сотні нашых разнапланавых бардаў. Натуральна, і для рока знаходзілася месца ў нашай перадачы, і нават для касцёльных гуртоў і хораў, чые кружэлкі я набыў падчас вандровак па Беларусі.

    Галоўную мэту можна сфармуляваць так: парушыць стэрэатыпы, пашырыць уяўленні пра беларускую музыку. І мне самому такі падыход быў цікавы. Знаёмячы слухача, я і сам адукоўваўся.

    — Наколькі перадача была папулярнай ?

    — Гэта цяжка вымяраць, асабліва ў эпоху неінтэрнэту, а FM-дыяпазону. Па-мойму, з’яўляліся рэакцыі на нашым сайце, досыць процілеглыя: нехта называў музыку невыноснай, нехта быў у захапленні. Кажуць, пэўны час яна была ўвогуле адзінай беларускамоўнай праграмай у мінскім FM-дыяпазоне, дагэтуль сустракаю людзей, якія кажуць, што слухалі праграму, нешта з яе дазналіся.

    Хіба самы вялікі рэзананс меў у 2008 годзе дакументальны цыкл у межах праграмы, які прысвячаўся беларускаму андэграўнду 60—70‑х гадоў. Тады тэма стрэліла, бо гэта было нешта невядомае і вельмі ўражальнае. Самая шырокая аўдыторыя, бадай, дазналася пра перадачу праз гэты цыкл.

    Дарэчы, серыя перадач «Беларусі Under­ground 1960–70‑х гг.» была падрыхтаваная для выдання на CD, выдавец — фірма «Каўчэг» атрымала за сімвалічную суму правы і нават падрыхтавала вокладку, але выхаду нешта перашкодзіла.

    Віктар Сямашка

    Віктар Сямашка. Фота: з асабістага архіва

    «Прыляцела з крыллямі свіння, гэта птушка заўтрашняга дня… »

    — Бывалі часы, калі беларускія ўлады больш-менш лагодна ставіліся да беларускай мовы, але да тарашкевіцы — ніколі. Вам за тарашкевіцу не прылятала ад кіраўніцтва?

    — Я ставіў перад сабой максімальныя задачы: круціў тое, што мне падабалася. Калі па-беларуску — значыцца, тарашкевіца, для мяне гэта было натуральна, бо я сам сябе навучыў, што гэты правапіс, а ўслед і вымаўленне, з’яўляюцца самымі адпаведнымі для беларускай мовы. Як ні дзіўна, ніякіх заўваг я не атрымліваў. Хіба што ў чаце на нашым сайце пісалі, маўляў, нейкая дзіўная ў вас беларуская мова, не такую мы вучылі ў школе. Але без негатыву. Іншыя казалі: якая дзіўная прыгожая беларуская мова гучыць у «Новай зямлі». То бок людзі на свае ўласныя вушы адчувалі натуральнасць тарашкевіцы.

    Напэўна, я скарыстаўся тым, што на той час людзі наогул не былі дастаткова абазнаныя, асабліва ў FM-асяродку, што ёсць нейкая наркамаўка, а ёсць тарашкевіца, не кажучы ўжо пра беларускую лацінку. Многія людзі жылі зусім у іншым вымярэнні тады, ніхто не задумваўся пра віды правапісу. Так што я скарыстаўся, хутчэй, няведаннем і няпільнасцю тых, хто мог абмежаваць мяне.

    — Тым не менш, паводле вашага выказвання, вы кожную перадачу рабілі як апошнюю. Чаму?

    — Пэўны час «Юністар» транслявалася на коўзанцы каля Палаца спорту ў Мінску. Падчас выхаду аднаго з выпускаў «Новае зямлі» я папрасіў свайго сябра зганяць туды і адсачыць рэакцыю. Ён распавёў, што адміністрацыя пераключылася на іншую хвалю, калі пачула пераспеў савецкага шлягера Сокалавым-Воюшам: «Прыляцела з крыллямі свіння, гэта птушка заўтрашняга дня… » Лукашэнка ўласнай персонай аднойчы таксама згадваўся ў песні аднаго клезмер-бэнда, калегі ў офісе пасля здзіўлена ў мяне гэта спраўджалі.

    Для мяне было важна, проста для добрага самаадчування, заўжды ісці на рызыку і пераходзіць усе магчымыя чырвоныя лініі, тым больш, што яны дакладна не былі акрэсленыя. Мне лягчэй было рызыкаваць, чым ісці на саступкі, кампрамісы, паводзіць сябе па-канфармісцку — усё гэта проста знішчыла б мой далейшы імпэт. Тое, што магло выклікаць нейкі неспакой кантралюючых органаў, дык гэта маё імкненне парушаць «чорныя спісы».

    Дарэчы, тады супалі дзве тэндэнцыі: не толькі ўвялі, як я гаварыў вышэй, норму ў 75% беларускай музыкі ў FM-эфіры, але і годам раней упершыню ўвялі «чорныя спісы». Апошняе адбылося пасля канцэрта, арганізаванага ў 2004‑м апазіцыйнымі сіламі, прымеркаванага да 10-годдзя кіравання Лукашэнкі. Там дзе выступалі NRM, «Палац», KRÍWI ды іншыя самыя змястоўныя, можна сказаць, гранды беларускай музыкі.

    Тады я дзейнічаў так: добра, NRM забаранілі, але «Крамбамбулю» яшчэ не, значыць, стаўлю яе. Або дазавана ўплятаю ў кантэкст, або проста рызыкую. Напрыклад, перад 2006 годам, перад Плошчай, я ставіў трэкі з кампіляцыі «Песні свабоды» (было некалькі дыскаў, якія раздаваліся з рук у рукі, прадаваліся ва Управе БНФ). Памятаю, з яе я ставіў пераспеў Пола Макартні «За свабоду», які зрабілі ліцэісты.

    То бок я парушаў усё, што можна было парушыць, і, натуральна, разумеў, што давядзецца апраўдвацца, прыдумляў магчымыя версіі. Я ўвесь час рызыкаваў, таму і рыхтаваўся, што кожны выпуск можа стаць апошнім.

    За ўвесь час толькі адзін выпуск быў зняты з эфіру, але не з палітычных, а, хутчэй, з эстэтычных прычын. На Дзень ведаў я хацеў павіншаваць школьнікаў гарадзенскім панк-гуртом, ненарматыўную назву якога, як і яшчэ больш ненарматыўную назву альбома, разлічваў запікаць, але гэта не дапамагло — увесь выпуск забаранілі.

    Экскурсія па Вільні. Фота: Iry­na Neman

    «Гукарэжысёр рабіў копіі праграмы, а ў КДБ слухалі»

    — Тым не менш, «Новая зямля» выходзіла нават у 2009 годзе. Што стала прычынай ліквідацыі перадачы?

    — Апошні выпуск выйшаў 1 кастрычніка 2009-га. Мне цяжка сказаць, што стала прычынай закрыцця перадачы, тым больш на самым пачатку сезону. Я проста быў пастаўлены перад фактам. Выйшла чарговая перадача, я ўжо рыхтаваў наступную, а мне сказалі: усё, праграма закрываецца.

    У якасці тлумачэння мне прад’явілі аргумент, што цэлая гадзіна беларускай музыкі замнога. Хаця, што самае смешнае ва ўсёй гісторыі, насамрэч хронаметраж быў іншым. Варта адзначыць, што я ўвесь час імкнуўся пашыраць яго — усё пачыналася з 15 хвілін і з вельмі FM-фарматнага матэрыялу, а ў выніку дайшла да 35 хвілін. То бок само праграмнае кіраўніцтва (ужо не Ігар Сукманаў — іншы) не ведала, колькі гэтая праграма ідзе. 

    Канкрэтнага тлумачэння я не пачуў, відаць, гэта было рашэнне не кіраўніцтва радыёстанцыі, а тых, каму яно мусіла падпарадкавацца. Але зноў жа, наўпрост на сувязь са мной ніхто не выходзіў і нічога не абмяркоўваў. Раней, часам ранейшых пяці гадоў, да мяне даходзілі чуткі, што з КДБ цікавіліся пэўным выпускам. Памятаю выпуск якраз з «Крамбамбуляй», я паставіў на 7 лістапада песню з іх «Святочнага альбома» з радкамі «Па тэлевізіі Дзяржынскі — нам без Дзяржынскага пажыць бы». Я падумаў, напэўна, захацелі гэтую песню пераслухаць. Гукарэжысёр рабіў для іх копію. Але да мяне даходзілі толькі чуткі. Калі на мяне ціснулі, то ціснулі праз кіраўніцтва і не прамымі шляхамі.

    Праграма хоць і мела вядомасць, але ўвесь час наш рэкламны аддзел не мог знайсці пад яе спонсараў, і гэта магло стаць ускоснай прычынай закрыцця. У FM-эфіры кожная хвіліна вельмі дарагая, таму да ўсіх праграм падвязаныя пэўныя рэкламадаўцы, а для «Новай зямлі» такога знайсці не маглі.

    — Змест перадачы адпужваў рэкламадаўцаў?

    — Мне падаецца, што праблема была ў незарыентаванасці нашага рэкламнага аддзела. Зноў жа, людзі жылі ў сваёй рэальнасці і не ведалі, што на той час былі бізнесы і ініцыятывы, якія ахвотна падтрымлівалі беларускую культуру. Проста, відаць, рэкламшчыкі не чулі пра іх існаванне.

    — Што сталася пасля закрыцця «Новай зямлі»?

    — Я хацеў, каб праграма працягвала сваё жыццё. Нават на «Юністар» мне сказалі, што не супраць, каб я рабіў перадачу на іншай хвалі — абы не ў канкурэнтаў і пад іншай назвай. Таму ў 2010‑м яна загучала на хвалях «Радыё Рацыя». Я хацеў захаваць пераемнасць, таму прапанаваў назву Ter­ra Nova, але яна «Рацыі» не падышла. Тады я выбраў «Кракатук» — і раблю перадачу дагэтуль, даследую перадгісторыю і гісторыю беларускага джазу.

    Віктар Сямашка

    Віктар Сямашка. З сучаснага. Фота: Iry­na Neman

    Даведка

    Віктар Сямашка — музыка, паэт, журналіст. Нарадзіўся 4 жніўня 1980 года ў Мінску.

    Уваходзіў у склад музычна-паэтычнай фармацыі «Кузнец і Сяманя» (1998 – 2001). Граў і чытаў вершы ў ансамблі інтуітыўнай імправізацыі «Князь Мышкін» (2001 – 2011). Таксама супрацоўнічаў з гуртамі «Нагуаль», Mouch­es a l’o­r­ange, «Рацыянальная дыета», «Балцкі субстрат», Яўгенам Канавалавым, War­saw Impro­vis­ers Orches­tra, бардамі ды інш. З’яўляецца лідарам праекта Para­dox-ensem­ble, калектываў «Віктар Сямашка ды Кумпанія» і Fan­tas­tic Swim­mers.

    У 2002 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у інфармацыйных службах «Радыё Бі-Эй» (Мінск, 2002 – 2004) і «Радыё Юністар» (Мінск, 2004 – 2015), на апошнім таксама быў вядоўцам праграмы пра беларускую музычную культуру «Новая зямля» (2005 – 2009). Вядзе аналагічную праграму «Кракатук» на «Беларускім Радыё Рацыя» (Беласток, 2010 – да сёння).

    Выдаў пяць паэтычных зборнікаў: «Марыя S.» (2006), «Rera» (2011), «Габітацыя» (2013), «Ромб» (2018), «Аўтар мае рацыю заўжды» (2023). Друкаваўся ў часопісе «Дзяслоў», сеціўным выданні «ЛітРАЖ». Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2015 года.

    Апошнія гады жыве ў Беластоку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці