• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Анджэя Пачобута зноў на паўгода кінулі ў ПКТ

    Як стала вядома БАЖ, палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута яшчэ 23 жніўня змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) на шэсць месяцаў — да лютага 2026 года.

    Анджэй Пачобут

    Анджэй Пачобут. Фота: press.pl

    Дакладна не вядома, ці знаходзіцца журналіст у адзіночнай камеры.

    У верасні з Анджэям Пачобутам зноў на працяглы час перарывалася ліставанне. Праз што можна падазраваць, што ён быў у штрафным ізалятары, дзе вязням не дазваляюць нават лісты. Журналіст таксама не атрымлівае ні рэчавых, ні харчовых перадач, а ў ПКТ агулам урэзанае харчаванне.

    Старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжэліка Борыс пасля апошняй сустрэчы з Пачобутам у наваполацкай калоніі сёлета 23 верасня зазначала, што ён вельмі схудней і важыць 73 кілаграмы, што «крытычна мала». Спадарыня Борыс паведаміла пра агульнае пагаршэнне здароўя палітзняволенага журналіста — высокі артэрыяльны ціск, прыступы арытміі. Таксама ў гутарцы з польскім выданнем Rzecz­pospoli­ta яна распавядала пра аперацыю па выдаленні язваў са скуры, якую нядаўна перанёс палітзняволены журналіст.

    Крыніца БАЖ удакладніла, што Пачобуту выдалялі фурункулы. Дакладна невядома, ці гнойную аперацыю рабілі ў шпіталі, ці ў медчастцы калоніі. Хутчэй за ўсё — у медчастцы, мяркуе крыніца.

    Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой

    Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года. Журналісту прад’явілі абвінавачанні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: арт. 361 — «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 — «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы».

    У 2022 годзе КДБ унёс Анджэя Пачобута ў пералік асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

    Суд над журналістам праходзіў у Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. 8 лютага 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык прыгаварыў Анджэя Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    Пасля прысуду Пачобуту Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла прапускны пункт на мяжы з Беларуссю «Баброўнікі» (з беларускага боку «Бераставіца»).

    Амаль увесь тэрмін зняволення Анджэя Пачобута ўтрымліваюць у памяшканні камернага тыпу (ПКТ) ці штрафным ізалятары (ШІЗА) у рэжыме інкамунікада. За час зняволення яму не дазволілі ніводнага спаткання з роднымі.

    16 красавіка 2025 года Пачобут сустрэў за кратамі 52-годдзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці