Чым займаецца на волі блогер «Шэры кот»?
Выдаваць цікавы кантэнт ды працаваць на аўдыторыю хоча былы палітвязень, блогер, аўтар YouTube-канала «Шэры кот» – Зміцер Казлоў, які знаходзіцца ў Літве. Аўдыторыю даводзіцца набіраць з нуля, бо за пяць гадоў за кратамі быў згублены доступ да акаўнтаў, – распавёў суразмоўца.

Блогер Зміцер Казлоў (Серый Кот) пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Вясна»
– Стварыў новы канал. На жаль, доступу да старага «Шэры кот» у мяне няма, усе старыя акаўнты згубленыя, Facebook і Google-акаўнт. Пакуль на ім няшмат падпісчыкаў, але я думаю, што з часам усё разаўецца, я буду працаваць на гэта.
Працаваць на аўдыторыю, каб выдаваць нейкі цікавы кантэнт, каб людзі падпісваліся. Тое самае датычыцца і тэлеграм-групы, якая звязаная з навінамі каналу. Яна таксама актыўна развіваецца, я буду выкладваць матэрыялы і, спадзяюся, што людзі падцягнуцца.
Зміцер Казлоў падагульніў, што цяпер у замежжы прыйдзецца дастасавацца да новых умоваў – рабіць кантэнт такім чынам, каб яго можна было глядзець у Беларусі з улікам забароны падпісвацца на так званыя экстрэмісцкія матэрыялы.
