• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зміцер Ягораў: Было вельмі цяжка выдавіць з сябе, што я ўжо былы журналіст

    Зміцер Ягораў адпрацаваў на тэлеканале «Белсат» каля 15 гадоў. Але ў выніку сышоў з журналістыкі і адкрыў уласную невялікую справу. Чаму журналіст змяніў прафесію і як пачувае сябе ў новым асяроддзі? БАЖ пагутарыў са Змітром Ягоравым.

    Зміцер Ягораў партрэт

    Зміцер Ягораў у студыі «Белсата». Фота: з асабістага архіва

    «Я перажыў ломку, калі трэба было называцца былым журналістам»

    — Вы многа гадоў адпрацавалі на тэлеканале «Белсат». Чаму сышлі адтуль?

    — Я прыехаў у Варшаву і пачаў працаваць на «Белсаце» восенню 2007 года. У 2020 годзе я пакінуў пазіцыю кіраўніка рэдакцыі інфармацыі, кіраўніка ньюсрума.

    Потым некаторы час яшчэ займаўся кадравымі пытаннямі ў рэдакцыі, навучаннем новых працаўнікоў, а таксама падтрымкай тых калег, якія патрапілі за краты, і іхніх сем’яў. Гэта працягвалася да чэрвеня 2023 года. Тады, калі памятаеце, пасля звальнення кіраўніцы Агнешкі Рымашэўскай-Гузы на «Белсаце» ўзнік крызіс. Яго будучыня была ўвогуле незразумелай, ніхто не ведаў, у якім фармаце тэлеканал працягне існаваць.

    У чэрвені ў мяне закончылася працоўная дамова. І мы прыйшлі да высновы, што тэлеканал нічога не можа мне прапанаваць. Я са свайго боку не магу прапанаваць яму нічога з таго, што я ўмею, каб мне таксама было цікава працаваць. Неафіцыйна мы абмяркоўвалі, каб я працягнуў сваю дзейнасць у ньюсруме ці то журналістам, ці то рэдактарам. Аднак абедзве пазіцыі мяне самога не задавальнялі.

    Калі ты шмат гадоў варышся ў журналістыцы, то гэтая праца моцна выматвае. Датуль я паспеў ужо паспрабаваць сябе на іншых цікавых працах кшталту менеджменту, навучання, кіравання, і мне хацелася развіцца далей у гэтым кірунку.

    Так я ўласна і пакінуў рэдакцыю.

    Зміцер Ягораў «Белсат»

    Зміцер Ягораў на «Белсаце». Фота: з асабістага архіва

    — Ці азначае гэта сыход з прафесіі?

    — Так, у мяне гэта адбылося адначасова. Я перажыў ломку, калі трэба было недзе назваць сябе. Напрыклад, кажу: «Я Зміцер Ягораў, кансультант па краўдфандынгу, былы журналіст «Белсата».

    Пару першых разоў мне было псіхалагічна вельмі цяжка выціснуць з сябе, што я ўжо былы журналіст. Тады ж прыйшло і нейкае асэнсаванне таго, што я фактычна сышоў з прафесіі.

    Хоць я і кансультую праекты некаторых СМІ і не толькі па краўдфандынгу, аднак усё ж я ўжо не рэдактар і не медыяменеджар.

    «У журналістыку вяртацца пакуль не думаю»

    — Няёмкасць ад «былога журналіста» ўжо сышла ці ўсё яшчэ прысутнічае ў вашым жыцці?

    — Журналістыка дала мне класны досвед, гэта тое, чым я займаўся амаль усё сваё жыццё. Яна ўключае ў сябе шмат магчымасцяў для самарэалізацыі. Я ў 16 гадоў пайшоў працаваць пазаштатнікам у мясцовую незалежную газету, а з «Белсатам» я расстаўся ў 41 год. 

    Я ўвогуле мяркую, што журналістыка — вельмі класная прафесія, адна з найлепшых. Але мінусы таксама не трэба скідваць з рахункаў. Мы жывём у такі час і ў такім рэгіёне, што гэтае рамяство з’яўляецца не толькі вельмі небяспечным, але і неадэкватна нізкааплатным. Медыйшчыкі, якія застаюцца ў прафесіі, сапраўды прысвячаюць ёй сваё жыццё.

    — То бок пра вяртанне ў журналістыку на гэтым адрэзку жыцця вы не думаеце?

    — У прынцыпе, не. Я ведаю, што майстэрства засталося са мной — навыкі, уменні ёсць, таму заўсёды ёсць магчымасць вярнуцца. Але пакуль такога жадання не ўзнікае.

    Зміцер Ягораў

    Зміцер Ягораў. Фота: з асабістага архіва

    «Я даўно хацеў дыверсіфікаваць свае фінансавыя магчымасці»

    — Вы стварылі невялікі бізнес у Варшаве. Але ніякая камерцыйная дзейнасць не дае хуткай аддачы. Можна дапусціць, што вы спачатку знайшлі запасны аэрадром, перш чым адкрыць сваю справу?

    — Я б сказаў інакш, прадпрымальніцтва і ёсць запасны аэрадром. Апошнія паўтара года я супрацоўнічаю з фондам BySol, у якім адказваю за камунікацыю разам з невялічкай камандай: рассылкі, сацсеткі, кантакты з журналістамі. Як кансультант я таксама займаюся некаторымі праектамі, асобнымі рэдакцыямі і сам праводжу трэнінгі — гэта асноўная мая дзейнасць.

    Але даўно хацеў дыверсіфікаваць свае фінансавыя магчымасці. І бізнес гэты я распачаў выключна для таго, каб адчуваць сябе больш упэўненым менавіта ў плане грошай. Уласная справа якраз і ёсць нешта дадатковае. Паглядзім, вырасце яна ў нешта большае ці не.

    Што становіць сабой ваш бізнес? 

    — Калісьці мы з маёй тагачаснай жонкай купілі кватэру ў іпатэку, але не мелі дастаткова сродкаў, каб наняць прафесіяналаў для рамонту. Давялося ўсяму вучыцца самому: усталёўваць краны, ванну, ракавіны. Я пачаў унікаць у новыя для сябе заняткі — і раптам мне гэта моцна спадабалася.

    У сантэхніцы ёсць элемент квеста: як правільна ўсё зрабіць, каб усё файна працавала, а калі не працуе, то знайсці прычыну няспраўнасці.

    Зміцер Ягораў

    Зміцер Ягораў каментуе сітуацыю ў BySol. Фота: з асабістага архіва

    Так атрымалася, што калі ў маім доме ці ў суседнім нешта ламалася, то я проста хадзіў і дапамагаў суседзям — падкруціць кран, ліквідаваць працечку. Праблемы з трубамі былі асабліва актуальнымі на святы: знайсці цвярозага сантэхніка ў Варшаве, які не выставіць астранамічны рахунак за нейкую дробязь, вельмі складана (смяецца. — Рэд.) Для мяне гэта было прыкольна, забаўна, таму ніколі не браў за гэта грошай, але не адмаўляўся ад шакаладкі ці бутэлькі віна.

    Насамрэч сваё захапленне я пранёс праз гады. Многім, у тым ліку калегам-журналістам у Варшаве, я дапамагаў справіцца з праблемамі. У нейкі момант падумаў, што добра было б зарабляць не толькі журналістыкай, кіраваннем рэдакцыяй, трэнінгамі, але і сваім хобі.

    «Пакуль усё ўспрымаецца як прыгода»

    — Я вывучаў розныя варыянты бізнесу. Усур’ёз нават думаў узяць у лізінг вагончык і па франшызе прадаваць марозіва (натуральна, наняўшы кагосьці). Але правёў невялікія падлікі і зразумеў, што ў мяне не надта сыходзіцца дэбет з крэдытам. Гэта вельмі рызыкоўны занятак, а дамова ад франшызы вельмі непрыемная: крок улева, крок управа — не буду паспяць аплачваць велізарныя штрафы.

    Пакуль раздумваў, узгадаў пра сваё хобі. Я меў невялікія ашчаджэнні, на якія закупіў абсталяванне: прафесійныя прыборы, добрую машынку, каб прабіваць засарэнні ў трубах. Гэты інструмент дапамагае працаваць якасна і хутка. І ўвогуле яго проста прыемна трымаць у руках.

    Потым знайшоў яшчэ аднаго хлопца-беларуса, які пагадзіўся паспрабаваць сябе ў супрацы са мной.

    У выніку ён ездзіць на выклікі, а я, хутчэй, займаюся маркетынгам: шукаю кліентаў, вяду бухгалтэрыю. Але літаральна ўчора мой калега быў у іншым горадзе, а да нас звярнуўся кліент, якому патрэбная была тэрміновая дапамога. І што рабіць? Надзеў рукавіцы, узяў чамадан з інструментамі — і выручыў.

    Канешне, агулам я стараюся сканцэнтраваць свае высілкі на тым, што ўмею найлепш — на арганізацыі і забеспячэнні працэсу, маркетынгу. Бо аказалася, што такі, як падавалася, просты, лёгкі і зразумелы бізнес складаецца з вялізнай колькасці няпростых пазлаў: як завесці тэрмінал, як разабрацца з падаткамі, забяспечыць легальнасць. Падумаць пра страхоўку дзейнасці, каб у выпадку складанай сітуацыі, калі працечка заліла дом на пяць паверхаў ніжэй, я або мой калега не мусілі пажыццёва выплочваць кампенсацыю.

    Або як разабрацца з рэкламай, як зрабіць зручны і просты сайт, каб чалавек мог без праблем замовіць паслугу. Усё гэта аказалася мегаскладаным, але вельмі цікавым. Відаць, зараз ідзе першы тыдзень, калі сістэма працуе як належыць, прыходзяць новыя кліенты, мы распісваем замовы на некалькі дзён наперад. Пакуль усё ўспрымаецца як прыгода, у кагосьці з кранам катастрофа, у кагосьці трубы развальваюцца.

    Мы з калегам ставімся да сваёй працы не толькі як да віду заробку, але і як да формы дапамогі жывому чалавеку. Мы прыходзім да дзядулі і бачым напалову залітую кватэру толькі таму, што адзін шланг лопнуў ад старасці.

    Зміцер Ягораў

    Зміцер Ягораў з журналіста перакваліфікаваўся ў сантэхніка. Фота: з асабістага архіва

    — Колькі часу ўжо працуе? Ці маюць рацыю тыя, хто кажа, што хобі грошай не прыносіць?

    — Мы рэальна запусціліся два тыдні таму. Пакуль што працуем у мінус, але гэта было прадказальна. Вельмі шмат выдаткаў пайшло на рэкламу ў інтэрнэце, на інструменты, на заробкі. Мяркую, будзе добра, калі мы па выніках месяца выйдзем у нуль. На прыбытак не разлічваю. За шчасце палічу, калі не давядзецца ўкладваць у бізнес яшчэ больш.

    «Я хацеў бы падтрымліваць беларускія справы не толькі мазгамі і рукамі, але і грашыма»

    — У любым выпадку вам даводзіцца працаваць з людзьмі. Ці дапамагаюць вам навыкі, атрыманыя падчас журналісцкай працы?

    — Дзякуючы тэлебачанню я не баюся працаваць перад відэакамерай, запісваць відэаролікі. У мяне няма праблем, што я размаўляю па-польску з акцэнтам, нават у сваіх відэароліках, беларус і ў Польшчы беларус. Мне нястрашна патэлефанаваць незнаёмаму чалавеку, які пакінуў заяўку, распытаць у дэталях пра праблему, зразумець, што ён кажа. 

    Журналісцкі бэкграўнд спатрэбіўся ў плане камунікатыўных скілоў.

    А ўвогуле мая бізнес-мара — пачаць расці ўшыркі, наняць больш працаўнікоў, ахапіць іншыя гарады сваімі паслугамі. А потым больш якасна брацца за маштабныя рэчы, напрыклад, у новабудоўлях ці рашыцца на карпаратыўныя замовы. Калі ў мяне атрымаецца раскруціць і запусціць гэтую махіну, я буду вельмі рады.

    Навошта я ўсё гэта раблю? Каб мець свой уласны дабрабыт, але ў будучыні я б хацеў укладацца і ў беларускія справы. Зараз я раблю гэта сваімі мазгамі і рукамі, калі супрацоўнічаю з BySol і некаторымі рэдакцыямі. Але я б хацеў падтрымліваць нацыянальную дзейнасць і грашыма — гэта мая мара.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці