Надзея Шнаркевіч — рэдактарка першага незалежнага часопіса для беларусак
Пра яе часта кажуць, што яна была жонкай Язэпа Шнаркевіча — чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускага школьніцтва. Пры гэтым забываюцца: сама Надзея была яскравай прадстаўніцай асветніцтва і фемінізму ХХ стагоддзя, рэдагавала першы незалежны часопіс для беларускіх жанчын.

Надзея Шнаркевіч. Фота: архіў Віленскага беларускага музея
На адукацыйнай платформе «Васьміног» выйшаў навучальны курс пра дзесяць малавядомых беларускіх жанчын ХІХ—ХХ стагоддзяў. Яны зрабілі значны ўплыў на развіццё культуры, навукі і іншых сфераў дзейнасці ў Беларусі, аднак цяпер малавядомыя шырокай аўдыторыі. Разам са стваральніцай курса Лікай Юр’евай Budzma.org распавядае пра гэтых жанчын.
Першы крок — школьніцтва
Надзея нарадзілася ў 1897 годзе ў Брэсце. Яе бацька памёр, калі дзяўчынцы было 7 гадоў, таму сям’я вымушаная была пераехаць спачатку ў вёску Вострава Кобрынскага павета, а затым — у Пружаны. Там Надзея скончыла спачатку прыватную жаночую гімназію, а затым — Вышэйшую пачатковую педагагічную школу. Відавочна, дзяўчынку з дзяцінства цягнула да асветы — потым гэта будзе заўважна ў кожным яе дзеянні.
Адвучыўшыся, Надзея пачала працаваць настаўніцай. Палову года выкладала ў вёсцы сельскім дзецям, а другую — настаўнічала ў царкоўна-прыхадской школе. Там дзяцей вучылі таму ж, чаму і ў звычайных школах, аднак сярод прадметаў таксама былі і рэлігійныя. Надзея заспела і Першую сусветную вайну: ненадоўга з’ехала ў Сызрань, але пасля вярнулася ў Пружаны — зноў настаўнічаць.
Праз некалькі гадоў яна пераехала ў Вільню, дзе пачалося яе новае жыццё. Спачатку яна загадвала дзіцячым прытулкам пры Віленскай гімназіі, што месціўся ў Базыльянскіх мурах. Тут выхоўвалася шмат дзетак, што засталіся без бацькоў пасля вайны. Надзею Маркаўну ўзгадваюць як «вельмі слаўную кабету, а таксама свядомую беларуску», якая «…пакінула па сабе добрую, шчырую, гуманную памяць… многа памагала рыхтавацца да экзамену па польскай мове, давала бясплатныя лекцыі-ўрокі… Жыла вельмі скромна, апрача стала і нейкага тапчанчыка нічога больш не было. Кожны з вучняў адчуваў яе скромнасць і апеку над дзецьмі».
Спадарыня Надзея з мужам жылі ва ўласным доме ў Вільні каля рэчкі Віленкі. У іх быў вялікі сад і пчолы. Сваіх дзяцей не было, аднак яны ўзялі на выхаванне пляменніка Язэпа Шнаркевіча Янку Тулейку, які падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі.
Першы жаночы часопіс для беларусак
Апроч настаўніцкай працы Надзея шмат займалася грамадскай дзейнасцю. Яна брала ўдзел у стварэнні Беларускай жаночай арганізацыі імя Цёткі, а таксама стала рэдактаркай часопіса «Жаноцкая Справа», які выдаваўся гэтай арганізацыяй. Выданне стала першым незалежным беларускім жаночым часопісам.
Выданне імкнулася змагацца з непісьменнасцю жанчын — асабліва жыхарак вёсак і мястэчак, а таксама тлумачыла жанчынам, навошта ім патрэбная асвета, бо шмат хто не разумеў. У той жа час часопіс усведамляў асвету як шырокую з’яву. Таму і імкнуўся даваць жанчынам усялякага роду інфармацыю асветніцкага характару, якая закранала б як пытанні гаспадаркі, побыту, так і гадавання дзяцей ды культурнага самаўдасканалення. Мэтавай аўдыторыяй былі збольшага сялянкі.
Нягледзячы на тое, што часопіс шмат у чым быў апалітычным, у адным з нумароў Надзея Шнаркевіч заклікала жанчын актыўна ўдзельнічаць у галасаванні на выбарах у мясцовае самакіраванне і нават самім вылучацца ў кандыдаткі гарадскіх і павятовых радаў, дзе яны маглі б абараняць «агульныя беларускія і чыста жаноцкія справы».

Здымак Надзеі Маркаўны ў газеце «Рунь». Фота: архіў Віленскага беларускага музея
Сёння дакладна невядома, якія менавіта матэрыялы пісала Надзея Маркаўна. Аднак даследчыкі ўпэўненыя, што гэта першыя палосы выдання: цудоўна аргументаваныя прамовы, у якіх пазнаецца аўтарскі стыль. Некаторыя з іх падпісаныя яе імем. Вось адзін з урыўкаў такой прамовы.
«Калі мы зойдзем на вёсцы ў беларускую бібліотэку-чытальню, дык там мы спаткаем мужчын старэйшых, хлапцоў, але жанчына туды не заглядае. Так не павінна быць. Жанчына мусіць хадзіць у сваю беларускую бібліотэку-чытальню, мусіць чытаць беларускія газэты і часопісы, з якіх яна даведаецца, што робіцца на сьвеце, як жывуць людзі. З гэтай жа бібліотэкі яна павінна браць беларускія кніжкі і чытаць іх у вольную хвіліну ў хаце.
Невялічкая веда, здабытая ў пачатковай школе, ды яшчэ й у чужой, не беларускай мове, адрывачная, няглыбокая і, застаючыся без паглыбленьня ў далейшыя часы, занікае, а часта і зусім гіне. Кожная з нас, жанчын, павінна старацца гэтую маленькую крупінку веды, здабытую ў школе, пашырыць, паглыбіць, разьвіць і ўпарадкаваць яе. Вось у гэтым выпадку найвялікшымі нашымі памочнікамі будуць нашыя беларускія кніжкі, часопісы і газэты.
…
Я не хачу гэтым сказаць, што жанчына не павінна займацца хатнімі і гаспадарскімі справамі — не, гэта яе заданьне як маці, як гаспадыні й сям’і, дабрабыт якой залежыць ад умелага вядзеньня гаспадаркі. Але апрача гэтага яна павінна цікавіцца і займацца агульнаграмадзкай працаю.
Грамадзкая ж яе праца не павінна выяўляцца толькі ў тым, як гэта часта ў нас даецца назіраць, што жанчына наша (і то не заўсёды) пойдзе падзівіцца на беларускі спэктакль, а яшчэ радзей сама бярэ ўдзел у гульні. Не, мы, беларускія жанчыны, так як і нашы сёстры ўсяго сьвету, мусім ва ўсіх галінах грамадзкага жыцьця стаць поплеч з мужчынаю, змагаючыся разам з ім за свае агульныя правы. Браць удзел у грамадзкім жыцьці — гэта значыць займацца агульнымі справамі, дбаць пра агульнае дабро, змагацца за лепшую долю маладога пакаленьня, за лепшую будучыню нашага народу.
Вось, напрыклад, у вёсцы на ўсялякую сходку, скліканую солтысам ці койтам, жанчына мусіць ісьці абавязкова, выслухаць уважліва пра тую справу, аб якой там будзе гутарка, разважыць яе і падаць тую ці іншую сваю думку — раду. Мо яе першыя словы ня пойдуць зусім гладка, мо яна там спаткае насьмешкі з боку мужчын, але на гэта ня трэба зварочваць увагі, а сьмела выказваць тое, што яна лічыць добрым і адпаведным».
Пачытаць выданне можна па спасылцы. Гісторыю Надзеі Шнаркевіч ды іншых выбітных беларусак можна паслухаць на Spotify
Хвароба, якую пераадолела беларушчына
На жаль, апошнія 30 гадоў свайго жыцця спадарыня Шнаркевіч была прыкаваная да ложка і не магла хадзіць. Яе муж Язэп Канстанцінавіч даглядаў яе. Але пры гэтым жанчына захавала добрую памяць, цікавілася беларускімі справамі, апрацоўвала ўспаміны мужа, рыхтавала альбомы па гісторыі школьніцтва.

Надзея — справа ўнізе. Вільня, 1947 год. Фота: архіў Віленскага беларускага музея
Нягледзячы на слабое здароўе і язву страўніка, яна працягвала справу і цікавілася жыццём. Грунтоўнай крыніцай пра яе жыццё застаецца публікацыя Зоські Верас, якая апублікавала біяграфіі Надзеі і Язэпа Шнаркевічаў у 1977 годзе. Яна распавядала пра Надзею:
«Хатняй гаспадаркай займацца ўжо няма сілы. Нарэшце, хвароба змушае злегчы. Але і тады ня кідае работы. Шые, гатуе, робіць гачыкам блюзкі, сукенкі, свэтры для ўсёй сваёй сям’і. Але ня толькі. Шмат чытае, перапісваецца з беларускімі дзеячамі, знаёмымі, урэшце сама бярэцца пісаць».
У той час Надзея Маркаўна апрацавала ўспаміны мужа аб Нясвіжска-Клецкай гімназіі: яна звязалася з былымі вучнямі, здабыла фотаздымкі — і выдала альбом пра ўстанову. Пасля — клапацілася пра збор інфармацыі такога ж кшталту пра гісторыю Віленскай беларускай гімназіі, а затым — і Радашкаўскай беларускай гімназіі. Яна звязвалася з усімі, хто мог даць хоць нейкую інфармацыю: артыкулы, успаміны, фотаздымкі. Спадарыня Надзея гутарыла з былымі вучнямі і выкладчыкамі. Усё гэта Надзея Маркаўна рабіла лежачы. У той час праявы беларускага жыцця ў Вільні былі забаронены, але нават у гэтых умовах яна змагла прынамсі зберагчы гістарычную памяць.
Спадарыня Надзея рупліва збірала ўсе драбнюткія звесткі, хаця гэта моцна адбівалася на яе стане здароўя. Яна пісала Зосьцы Верас, з якой яны разам збіралі гісторыю беларускага школьніцтва:
«Мне гэтыя клопаты ніхто не накідае, я сама хапаюся за іх, бо і як жа жыць з пустым сэрцам? Да чаго ж давядзе такое абядненне духовае? Толькі ж гэтыя клопаты і даюць мне маральную сілу зносіць усе мае асабістыя цяжкасці. Імі жа, гэтымі клопатамі, жыву…»
Лежачы, яна вялікімі намаганнямі зрабіла экспанат-ляльку ў палескай нацыянальнай вопратцы для Гудзевіцкага музея. Для гэтага яе знаёмая з Палесся даслала ёй даматканыя матэрыялы. Спрабавала нават пісаць у дзяржаўныя газеты пра тое, як неабходна апекавацца народнай мастацкай творчасцю, але ў газеце на дасланы артыкул не адказалі. Калі яна даведалася, што суседка Ксеня, што прыехала ў Вільню дзесяць гадоў таму, ведае ўвесь цыкл вясельных песняў і сама спявала на вяселлях ад дзяцінства, запісала словы. Сябры дапамаглі запісаць гук. Што з гэтымі матэрыяламі стала цяпер — невядома.
Віленская беларуска Галіна Войцік узгадвала:
«Першае ўражаньне, калі хто заходзіў у пакой, дзе ляжала п. Надзея, было непрыемнае: на фоне белай падушкі шэры, як попел, твар. На твары, здавалася, жылі толькі вочы. Але падчас гутаркі зь ёй забываўся ейны несамавіты выгляд — п. Надзея захавала ясны розум, добрую памяць, цікавасьць да жыцьця. Зь ёю можна было вельмі цікава пагаварыць».
Яна рупілася пра беларускае школьніцтва на радзіме і хацела ўплываць на гэта — таму была радая гасцям-настаўнікам, што заязджалі да яе ў госці з Беларусі.
Памерла Надзея Маркаўна ў 1974 годзе, пахаваная на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні. Але ад яе ў нас засталася вялікая спадчына — якую варта шанаваць і захоўваць.

Пахаванне Надзеі і яе мужа Язэпа ў Вільні. Фота: архіў Віленскага беларускага музея
А што кажуць эксперты?
Паслухайце, што пра Надзею Шнаркевіч распавядае літаратуразнаўца, літаратурны крытык, перакладчык і паэт Ціхан Чарнякевіч.
