• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Героі сёння не ў кіно, а ў турмах Еўропы». Сімвалічная хросная з Германіі напісала Паўлу Мажэйку

    Былая дэпутатка прыводзіць гісторыю беларускага журналіста як узор мужнасці і характару свайму 18-гадоваму сыну.

    Мануэла Ротман

    Мануэла Ротман. Фота: Вікіпедыя

    Дэпутатка нямецкага Бундэстага Мануэла Ротман стала сімвалічнай хроснай палітычнага вязня Паўла Мажэйкі ў 2023 годзе. Як вядома, журналіста разам з 50-цю іншымі палітвязнямі вызвалілі і дэпартавалі ў Літву 11 верасня.

    Спадарыня Ротман падзякавала беларускаму журналісту за ліст, напісаны пасля вызвалення.  Яна пакрэслівае, што яе сімвалічны ўчынак варты ўдзячнасці:

    Наадварот, гэта я, якой пашчасціла жыць на волі ў сваёй роднай краіне, мушу дзякаваць вам за вашую смеласць…

    Адна справа гаварыць пра свабоду і каштоўнасці ў нядзельных выступах і зусім іншае адстойваць правы чалавека ў бесчалавечным рэжыме, які не ведае межаў у прыгнёце і фізічным знішчэнні. Верагодна, я нават не магу сабе ўявіць, што гэта на самой справе азначае.

    Менавіта пра такіх людзей, як вы, я расказваю свайму 18-гадоваму сыну, каб ён мог зразумець, што такое характар і мужнасць, і што героі сёння знаходзяцца не ў кіно, а ў турмах Еўропы.

    Павел Мажэйка

    Павел Мажэйка пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Скрыншот відэа «Белсат»

    Нямецкую дэпутатку абрадавала навіна пра вызваленне Паўла Мажэйкі:

    — Я шчыра спадзяюся, што перажытае вамі можна вылечыць. Але для мяне зразумела, што вызваленне і вымушаны ад’езд з Беларусі ў той жа дзень азначаюць не шчаслівы канец, а жахлівую страту і, як вы сам гэта называеце, пастаянны палітычны пераслед.

    Мануэла Ротман дадала, што летась пакінула нямецкі Бундэстаг, але гатовая «шукаць магчымасці падтрымаць дэмакратычныя сілы, якія змагаюцца за вольную Беларусь, як звычайная грамадзянка».

    Павел Мажэйка — журналіст, кіраўнік гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця», асуджаны па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 КК) да 6 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці