Сем журналістаў атрымалі прэмію World Press Freedom Heroes ад Міжнароднага інстытута прэсы
Сярод іх украінская журналістка Вікторыя Рошчына, якая стала лаўрэаткай пасмяротна.

Лаўрэаты і прадстаўнікі прэмій «Сусветны герой свабоды прэсы» і «Піянер свабодных СМІ» за 2025 год. Фота: Ronja Koskinen/IPI
Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі Press Freedom Awards ад Міжнароднага інстытута прэсы (IPI) адбылася 24 кастрычніка ў Вене падчас Сусветнага кангрэсу IPI.
Сёлета лаўрэатамі World Press Freedom Heroes сталі сем журналістаў: Мзія Амаглабелі (Грузія), Марцін Барон (ЗША), Марыям Абу Дага (Палесціна), Густаво Горыці (Перу), Джымі Лай (Ганконг), Вікторыя Рошчына (Украіна) і Тэсфалем Вальдзьес (Эфіопія).
Гэта ваенныя карэспандэнты, журналісты-расследавальнікі і заснавальнікі СМІ, якія «праявілі неверагодную мужнасць і стойкасць у барацьбе за свабоду СМІ і свабодны паток навін».
Дзве лаўрэаткі атрымалі ўзнагароду пасмяротна. Гэта Вікторыя Рошчына з Украіны, якая загінула ў расійскім палоне, і Марыям Абу Дага з Палестыны, фрылансерка Associated Press і Independent Arabia, якая закінула падчас вайны Ізраіля і ХАМАС.
Ад імя Вікторыі Рошчынай узнагароду прынялі Ганна Бабінец, дырэктарка «Слідства.Інфо», якая падрабязна асвятляла справу Рошчынай, і Андрэй Бабарыкін, выканаўчы дырэктар «Украінскай праўды», дзе Рошчына працавала фрылансеркай.
«Дзіўна быць на сцэне ў Еўропе і прымаць узнагароду за калегу, якую вы ведалі, вядомага журналіста, якой ужо няма з намі, — сказала Бабінец. — Ці можаце вы сабе ўявіць, што прафесійны журналіст з еўрапейскай краіны ў 21‑м стагоддзі памірае ў турме праз катаванні і голад? Для мяне гонар атрымаць гэтую ўзнагароду за маю цудоўную, адважную калегу».

Андрэй Бабарыкін і Ганна Бабінец трымаюць узнагароду Вікторыі Рошчынай. Фота: Ronja Koskinen/IPI
Яшчэ два журналісты не змаглі асабіста прысутнічаць на цырымоніі, бо знаходзяцца за кратамі. Гэта Мзія Амаглабелі з Грузіі і Джымі Лай з Ганконга. Апошні вядомы як выдавец і заснавальнік прадэмакратычнага выдання Apple Daily, якое закрылася ў 2021 годзе на фоне маштабных рэпрэсій супраць свабоды прэсы ў Кітаі.
Больш падрабязна пра лаўрэатаў чытайце тут
Акрамя таго, узнагароду Free Media Pioneer сёлета прысудзілі незалежным СМІ Венгрыі «на знак прызнання іх устойлівасці ва ўмовах усё больш варожага асяроддзя».
@bajmedia