• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Асноўная ідэя — зрабіць журналісцкі бар». Фёдар Паўлючэнка пра новы бізнэс у Варшаве

    Журналісты выдання Reform.news адкрываюць у Варшаве бар. Навошта ім гэта і адкуль грошы? «Наша Ніва» распытала галоўнага рэдактара Фёдара Паўлючэнку.

    журналісты reform.news адкрываюць у Варшаве бар

    Фёдар Паўлючэнка і Аляксандр Атрошчанкаў вядуць у ютубе перадачу «Саша, што ты нясеш?!». Скрыншот: nese­sh / YouTube

    Прычына, чаму журналісты пайшлі ў барную справу, аказалася простай. Справа ў скарачэнні донарскіх грошай — незалежныя беларускія медыя адчуваюць гэтую праблему ўжо не першы год. У канцы 2023‑га каманда Reform.news абвяшчала збор на падтрымку медыя, тады беларусы за два дні сабралі для журналістаў 17 тысяч еўра.

    Гісторыя з барам якраз датычыць фінансавання сайта, кажа Паўлючэнка:

    «Мы знайшлі інвестара, які выставіў некалькі ўмоў. Асноўная ўмова — частка прыбытку ад гэтага бара будзе ісці на падтрымку рэдакцыі Reform.news. Вось такая простая манетызацыя.

    Насамрэч грошы невялікія. Дзякуй, што знайшоўся інвестар, які падтрымаў ідэю. Безумоўна, мы ўкладаем і частку ўласных грошай. Але пакуль што гаворка пра невялікія сумы. Мы не маем досведу ў такіх праектах, таму супрацоўнічаем з людзьмі, якія маюць у гэтым досвед».

    Новы бар будзе мець назву Redakc­ja.

    «Асноўная ідэя — зрабіць журналісцкі бар. Мы спрабуем стварыць такую прастору, каб гэта быў не толькі бізнэс, але і прастора для журналісцкай дзейнасці. Паспрабуем там ствараць нашы падкасты, спадзяемся, што будзем там часткова запісваць [шоу] «Саша, што ты нясеш?!». 

    Таксама спадзяёмся, што беларускія і не толькі беларускія журналісты, якія працуюць у Варшаве, будуць наведваць гэтае месца і карыстацца магчымасцямі памяшкання. Яно дазваляе запісваць інтэрв’ю, ладзіць нейкія івэнты. Шмат хто з беларусаў адкрывае зусім невялічкія бары на некалькі чалавек, гэтае памяшканне будзе трошкі большае».

    У першыя месяцы, кажа Паўлючэнка, журналісты Reform.news збіраюцца самі працаваць у бары, хаця і будзе складана сумяшчаць гэта з асноўнай працай. Ён заўважае, што ў журналістаў яго медыя няма офіса, дзе яны маглі б разам працаваць, таму для гэтага будуць выкарыстоўваць і памяшканне бара.

    Пакуль што праект на ранняй стадыі:

    «Мы толькі знайшлі месца для бара, гэта добрае памяшканне ў цэнтры Варшавы з дзяржаўнай арэндай, то-бок цэны не такія, як на камерцыйным рынку. Пакуль што маем магчымасць рабіць там патроху рамонт. Яшчэ ёсць пытанні бюракратычныя, пытанні з атрыманнем ліцэнзіі, таму, магчыма, у гэтым годзе яшчэ не запрацуем.

    Спадзяёмся, што ў бліжэйшыя месяцы чатыры мы зробім гэтыя справы. У нашых інтарэсах хутчэй пачаць працаваць, бо мы ўжо плацім грошы за арэнду».

    Зміцер Ягораў: Было вельмі цяжка выдавіць з сябе, што я ўжо былы журналіст

    Паўлючэнка дзеліцца, што пакуль стваральнікі бара і самі не ведаюць, у колькі ім канчаткова абыдзецца адкрыццё ўстановы, але разлік на невялікія грошы. У праекта шмат саінвестараў.

    Паводле слоў Паўлючэнкі, ён сам укладае суму памерам у адзін-два сярэднееўрапейскія месячныя заробкі.

    Праз усё гэта, кажа Фёдар, і дызайн, і абсталяванне ў бары будуць недарагія. Магчыма, у працэсе атрымаецца ашчадзіць, напрыклад, набыць няновае абсталяванне.

    Паўлючэнка прызнае, што праект мае свае рызыкі:

    «Тое, што ў нас няма досведу працы ў такім бізнэсе, стварае перашкоды. Адчуваю рызыку, што можа не атрымацца, шмат якія [падобныя] праекты не ўзляталі. Але штосьці мне падказвае, што наша аўдыторыя нас падтрымае. І ўвогуле ў Варшаве, наколькі я разумею, жыве больш за 80 тысяч беларусаў. Спадзяюся, што яны даведаюцца пра гэтае месца і будуць яго часцей наведваць».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці