Як (не) супрацоўнічаюць медыя і НДА: вынікі даследавання і парады адны адным
Грамадская арганізацыя «ІншыЯ» і Аб’яднанне беларусаў Нямеччыны «Разам» пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі журналістаў зладзілі даследаванне супрацоўніцтва беларускіх НДА і недзяржаўных медыя, каб выявіць запыты, белыя плямы ды кропкі росту. Дзелімся галоўнымі высновамі.

Для даследавання былі зладжаныя 8 глыбінных інтэрв’ю з прадстаўні_цамі 7 НДА, 6 глыбінных інтэрв’ю з рэдактар_камі недзяржаўных медыя, а таксама анлайн-анкетаванне прадстаўні_ц медыя і НДА (былі атрыманыя 21 і 49 анкет адпаведна). Сацыяльна-дэмаграфічныя профілі і ўся метадалогія — у поўным тэксце даследавання.
Як НДА і медыя ўзаемадзейнічаюць сёння
55% апытаных з арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС) супрацоўнічаюць з медыя толькі ў асобных выпадках, 57% апытаных з медыя адказалі, што маюць супольныя справы з НДА рэгулярна ці стала, але ў абедзвюх групах
толькі траціна аказаліся задаволенымі цяперашнім станам рэчаў.
Найбольш распаўсюджаныя фарматы супрацы медыя і АГС:

Галоўныя складанасці:
Прадстаўні_цы АГС адзначалі, што іх тэматыка, асабліва ў сферы экалогіі, адукацыі ці гендарнай роўнасці, часта ўспрымаецца медыя як другасная. У сваю чаргу, медыя падкрэслівалі, што многія АГС прапануюць інфармацыю, якая мала адпавядае інтарэсам чытач_ак, і не заўсёды гатовыя адаптаваць свае паведамленні пад патрэбы выданняў.
АГС адзначалі выпадкі парушэння дамоўленасцяў, ігнараванне інфанагод, адсутнасць спасылак на крыніцы, павярхоўнасць у пытаннях і непрафесійнасць асобных журналіста_к. Медыя ж звярталі ўвагу на недастатковыя навыкі многіх арганізацый у падрыхтоўцы рэлізаў і каментарыяў, а таксама на запаволеную ці несістэмную камунікацыю.
У АГС часта няма асобных супрацоўні_ц або бюджэту для камунікацыі з медыя, а медыя не маюць магчымасці моцна паглыбляцца ў спецыялізаваныя тэмы праз абмежаваны час і кадравыя рэсурсы.
АГС згадвалі пра выпадкі неэтычных паводзінаў журналіста_к: публікацыю інфармацыі без згоды, парушэнне дамоўленасцяў, недакладнасці ў матэрыялах. Медыя лічылі, што прадстаўні_цы АГС завышаюць сваю экспертызу, не гатовыя да аператыўнай і гнуткай працы.
Гэта абмяжоўвае магчымасці як для адкрытага асвятлення дзейнасці АГС, так і для рэалізацыі перспектыўных сумесных праектаў.
Нягледзячы на шэраг складанасцяў, у глыбінных інтэрв’ю абодва бакі адзначалі і прыклады паспяховага супрацоўніцтва. Працытуем адзін з іх:
«Мы пагаварылі з Прэс-клубам, сабралі журналістаў з розных рэдакцый і завялі канал, куды посцім “гарачыя” тэмы, матэрыялы, спасылкі. Пасля гэтага яны самі да нас прыходзяць: просяць аналітыку, матэрыял, задаюць пытанні»
(больш прыкладаў і цытат — у поўным тэксце даследавання).
Ці можна заўважыць нейкі трэнд?
Рэспандэнт_кі збольшага канстатавалі, што
ўзаемадзеянне медыя і НДА ў параўнанні з 2020–2021 гадамі пацярпела або знаходзіцца на тым жа ўзроўні:
толькі 14% абазначылі яго як «больш інтэнсіўнае». Гэта можа сведчыць як пра ўплыў знешніх абставін — у тым ліку палітычнага кантэксту і росту рызык бяспецы, — так і пра вычарпанасць першапачатковага імпульсу, які назіраўся ў 2020–2021‑х.
Вядома, паўплывала на сітуацыю практыка прызнання шматлікіх незалежных арганізацый «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Не кожнае СМІ можа апублікаваць каментар эксперт_кі з арганізацыі з такім статусам, роўна як і не кожн_ая эксперт_ка можа выступіць у «экстрэмісцкім» СМІ. Да таго ж з‑за мяжы ўсё складаней атрымліваць інфармацыю пра тое, што адбываецца ўнутры краіны, хаця бакі і знаходзяць шляхі для абыходу такіх бар’ераў.
Крокі насустрач: Together for Values — JA
Асобным элементам даследавання стала ацэнка ўплыву сумеснага праекта «ІншыЯ» і Аб’яднання беларусаў Нямеччыны «Разам» — Together for Values — JA. Праект быў запушчаны ў 2024 годзе з мэтай наладжвання сувязяў паміж незалежнымі беларускімі медыя і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці.
Сярод тых, хто быў знаёмы з праектам,
палова (52%) адзначылі станоўчыя змяненні ва ўзаемадзеянні паміж медыя і АГС.
Сярод іншага:
- усталяванне прамых каналаў камунікацыі паміж АГС і рэдакцыямі медыя;
- пазітыўны досвед супольнай працы, калі прадстаўні_цы АГС атрымлівалі магчымасць самастойна прапаноўваць тэмы і фарматы;
- аператыўны выпуск аналітычных публікацый і інтэрв’ю дзякуючы новым кантактам;
- стварэнне сумесных матэрыялаў;
- усталяванне кантактаў паміж АГС.
Праект быў успрыняты як значны крок у бок больш актыўнага і раўнапраўнага партнёрства паміж прадстаўні_цамі грамадзянскай супольнасці і незалежнымі медыя. У глыбінных інтэрв’ю рэспандэнт_кі асабліва падкрэслівалі значэнне афлайн-мерапрыемстваў, якія ствараюць натуральныя ўмовы для знаёмства і дыялогу паміж прадстаўні_цамі дзвюх супольнасцяў.
Наколькі бакі зацікаўленыя ў супрацы?
Зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва паміж медыя і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці высокая з абодвух бакоў. 7–10 балаў па шкале ад 0 да 10 абралі 86% прадстаўні_ц АГС і 71% — медыя.
Чым могуць быць карысныя адны адным:
- АГС бачаць у медыя найперш магчымасць прасоўвання важных тэм (84%), павышэння пазнавальнасці арганізацыі (73%) і бачнасці яе дзейнасці (73%). Таксама важнымі чаканнямі сталі прыцягненне новых удзельні_ц з ліку мэтавых груп (71%) і пошук валанцёра_к і донара_к (65%).
- Медыя, у сваю чаргу, разглядаюць супрацоўніцтва з АГС як магчымасць атрымаць доступ да эксперта_к (80%), знаходзіць цікавыя асабістыя гісторыі (75%), павышаць якасць кантэнту праз дадатковыя крыніцы інфармацыі (70%), пашыраць тэматыку выданняў (65%) і ўмацоўваць сувязь з аўдыторыяй (60%).
Выглядае як сітуацыя, дзе выйграць могуць усе, — win-win. Тое, што медыя шукаюць у супрацоўніцтве, часта з’яўляецца тым, што могуць прапанаваць НДА, і наадварот.
Пры гэтым амаль усе рэспандэнт_кі хацелі б выкарыстоўваць новыя або дадатковыя фарматы супрацы:
- АГС хацелі б бачыць больш сумесных інфармацыйных кампаній, інтэрв’ю з прадстаўні_цамі арганізацый, а таксама публікацыі прэс-рэлізаў і перадрукі іх матэрыялаў у медыя.
- Медыя аддавалі перавагу фарматам, дзе можна атрымаць жывыя гісторыі рэальных людзей (бенефіцыяраў), а таксама інтэрв’ю і экспертныя каментарыі.
Рэцэпт паспяховага супрацоўніцтва
І для медыя, і для АГС асноўнымі фактарамі паспяховага супрацоўніцтва з’яўляюцца асабістыя кантакты паміж прадстаўні_цамі, актуальнасць прапанаваных тэм, наяўнасць публічных эксперта_к і спікера_к, гатовых выступаць. Медыя дадаткова адзначылі праактыўнасць АГС.


Такім чынам, асноўныя ўмовы супрацы абодва бакі бачаць вельмі падобна, а гэта добры падмурак для ўзаемаразумення. Каб яго ўмацаваць, аўтар_кі даследавання вылучылі парады НДА да медыя і медыя да НДА, сабраныя з адкрытых адказаў анкет і з глыбінных інтэрв’ю.
Парады НДА да медыя:
- Асвятляйце не толькі падзеі, але і тэмы, каштоўнасці супольнасцяў.
- Забяспечвайце своечасовую і паважлівую камунікацыю.
- Шукайце далікатныя фарматы для «складаных тэм» (ВІЧ, ЛГБТК, залежнасці і гэтак далей).
- Развівайце сумесныя інфармацыйныя праекты.
- Шукайце бяспечныя фарматы супрацы.
- Трымайце адказную рэдакцыйную палітыку (без клікбейту; гендарна чуллівая мова; без мовы варожасці).
Парады медыя да НДА:
- Растлумачце журналіст_кам, чаму ваша праца важная, і дазвольце ім зрабіць сваю.
- Рыхтуйце кароткія, своечасовыя і насычаныя фактурай матэрыялы.
- Будуйце сістэмную камунікацыю (патрэбныя адказныя асобы, індывідуальныя кантакты).
- Будзьце праактыўнымі з прапановамі фарматаў і тэм.
- Будзьце адкрытымі да камунікацыі і каментарыяў.
- Шукайце супольныя праекты і рэсурсы (у тым ліку гранты).
- Ведайце сваю мэтавую аўдыторыю і падбірайце медыя адпаведна.
- Падрыхтуйце one-page pitch (каб распавесці, хто вы і ў чым ваша асноўная экспертыза).
- Пішыце і скарачайце (варта падвышаць навыкі ў напісанні прэс-рэлізаў).
- Прыходзьце не толькі з праблемамі, але і з пазітыўнымі гісторыямі.
- Шукайце любыя асабістыя кантакты ў рэдакцыі.
- Улічвайце нішавасць СМІ і мову выдання.
- Стварайце яскравыя падзеі і крэатыўныя ідэі.
- Будзьце настойлівымі.
Даследаванне цалкам даступнае па спасылцы.
Мы папрасілі прадстаўніц анлайн-медыя «Салідарнасць» і медыяініцыятывы HetaOkey ацаніць вынікі даследавання. Што іх здзівіла, а што — зусім не? Ці ўзялі яны для сябе нейкія новыя веды для далейшай супрацы?
Прадстаўніца «Салідарнасці»:
— Для нас — медыя, якое шчыльна супрацоўнічае з многімі НДА ўжо шмат гадоў, — было важна азнаёміцца з вынікамі даследавання, каб убачыць, якія заўвагі і пажаданні ў плане сумеснай працы гучаць з боку трэцяга сектара ў адрас медыясупольнасці і наадварот. Гэта нармальная сітуацыя — наладжванне працэсаў і паляпшэнне камунікацыі.
Пэўная незадаволенасць адны аднымі — адвечнае пытанне, якое гучыць больш ці менш гучна ў залежнасці ад становішча ў Беларусі і свеце. Магу расказаць пра гэта з пазіцыі медыйшчы_ц. Навін і вельмі надзённых тэм не становіцца менш, нагрузкі на журналіста_к — каласальныя. Але бываюць перыяды, калі каманды ў стане закрываць адносна ўсе напрамкі, у тым ліку не менш важныя тэмы, звязаныя з дзейнасцю самых розных арганізацый грамадзянскага сектара.
Цяпер навін і гэтых вострых тэм — велізарная плыня, і асвятляць іх трэба неадкладна. У той час як самі медыя зазнаюць вялізныя выпрабаванні, многім прыйшлося скараціць колькасць супрацоўні_ц, а некаторыя рэдакцыі ў цэлым знаходзяцца на мяжы выжывання. У такіх умовах прыкладаюцца максімальныя намаганні і для захавання медыя і калектываў, і для таго, каб выконваць сваю місію, даносячы да аўдыторыі важную інфармацыю. І гэта ў рэжыме 24/7.
Пры бягучым раскладзе рэдакцыі мусяць расстаўляць прыярытэты. І супрацоўніцтва з НКА — адзін з прыярытэтаў. Публікацыі, якія я бачу на платформах беларускіх незалежных медыяў, гэта пацвярджаюць.
Што тычыцца «Салідарнасці», магу сказаць, што мы шмат гадоў супрацоўнічаем з самымі рознымі НКА. Стараемся рабіць гэта сістэмна, з многімі актывіст_камі розных арганізацый у нас прамая сувязь, і мы можам у рэжыме мазгавога штурму абмеркаваць, як расказаць пра тую ці іншую тэму, каб яна зачапіла большую частку аўдыторыі.
Мы рэгулярна асвятляем тэмы роўнасці, дыскрымінацыі і правоў уразлівых груп, паказваем іх жыццёвы вопыт і бар’еры, з якімі яны сутыкаюцца, а таксама распавядаем пра паспяховыя практыкі, якія садзейнічаюць інтэграцыі, роўным магчымасцям і павазе чалавечай годнасці.
Больш за тое, сёлета мы адкрылі рубрыку «Неабыякавыя», у якой публікуем матэрыялы, зробленыя ў супрацоўніцтве з эксперт_камі трэцяга сектара, і гэта публікацыі ў самых розных жанрах: ад вынікаў даследаванняў да чалавечых гісторый. Дадатковая мэта гэтага спецпраекта — прадэманстраваць максімальную важнасць дзейнасці няўрадавых арганізацый для грамадства.
Лічу, што наша агульная з НКА мэта — не толькі прыцягнуць увагу да гэтых пытанняў, але і натхніць чытачоў на актыўныя дзеянні, накіраваныя на пабудову больш справядлівага і інклюзіўнага грамадства.
Аляксандра С., PR & Communication HetaOkey:
— Для мяне гэтая размова доўжыцца ўжо дзесяць год, і выглядае, што прынцыпова нічога не змяняецца. Аднак у гэтым, бадай, і палягае галоўны інсайт: раз нічога не змяняецца — значыць, мы робім нешта не тое. Ізноў я бачу, што кожны з бакоў кажа, як трэба працаваць іншаму, і мне падаецца, што гэта галоўны факап камунікацыі. Бо нешта змяняецца да лепшага тады, калі мы самі можам сказаць, як трэба працаваць нам і як трэба змяняцца нам, а не іншаму. Таму мне хацелася б, каб гэтыя размовы перацяклі ў больш канструктыўную гісторыю, дзе кожны з бакоў распавядаў бы, як спрацаваў на дасягненне сваіх мэт. Зрабіць кантэнт цікавым аўдыторыі — мэта медыя, і я не мушу дасягаць яе з боку НДА. А вось што тычыцца таго, каб прадстаўнікі медыя зацікавіліся тым, што робіць мая НДА, — гэта сапраўды мая мэта.
У «Гэта ОК» мы ад пачатку абралі стратэгію рабіць так, каб не мы прыходзілі да медыя, а яны прыходзілі да нас. І медыя, сапраўды, звярнулі на нас увагу, калі мы рабілі першую кампанію «Каханне — мая рэлігія», куды залучылі беларускіх інфлюэнсара_к. З нашага боку была актыўнасць — і было заўважна, што мы прысутнічаем у інфапрасторы. Гэтай стратэгіі мы прытрымліваемся па сёння.
Таксама ў нас добра спрацоўвалі прэс-канферэнцыі. Мы рабілі даследаванне пра патрэбы беларускіх бацькоў у тэме гендарнага і сэксуальнага выхавання дзяцей і прэзентавалі высновы на прэс-канферэнцыі, куды запрасілі класную псіхалагіню, якая працуе з гэтымі тэмамі. Шмат медыя не толькі дайшлі да прэс-канферэнцыі, але і працавалі потым з гер_аінямі, якіх мы знайшлі. Тут мы забралі на сябе адказнасць за тое, каб пра нас даведаліся і пісалі.
Але часам мы ўвогуле не ідзем да медыя, а робім свой кантэнт, і робім яго так, як хочам, а потым карыстаемся кантэкстнай рэкламай, каб прасунуць на аўдыторыю, якая нас цікавіць. Увогуле не заўсёды і не з усім трэба трапляць у СМІ. Аднак калі мы таго хацелі, мы заўсёды траплялі ў фокус іх увагі і з усімі рэдакцыямі знаходзілі кропкі сутыкнення.
Важна будаваць асабістыя чалавечыя адносіны і рабіць першы крок. Калі пра нас аднойчы напісалі, мы захоўваем кантакт з рэдакцыяй, знаёмімся і наступным разам звяртаемся ўжо адрасна. І гэта таксама пра тое, каб браць адказнасць на сябе. Калі я працавала журналісткай, гэта была мая адказнасць — зрабіць такі сторытэл, які прасуне тэму на шырэйшую аўдыторыю, і я разумею, што насамрэч любую тэму пры пэўным падыходзе можна зрабіць цікавай. Але калі прадстаўні_цы НДА заўважаюць, што іх тэмай не цікавяцца, скардзяцца на якасць прэс-рэлізаў ці хуткасць адказаў, то гэта іх адказнасць — зрабіць так, каб гэтых скаргаў не было. Гэта ў іх інтарэсах — зрабіць так, каб арганізацыямі, ініцыятывамі, кампаніямі зацікавіліся і медыя, і тыя, на каго яны жадаюць паўплываць.
 @bajmedia
                        @bajmedia