• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Настаўніца на пенсіі расказвае ў тыктоку пра мясцовыя праблемы. Прапаганда адрэагавала — «кашмарыць вёску»

    У вёсцы Паперня былая настаўніца Наталля Простак пасля выхаду на пенсію пачала здымаць відэаролікі пра недахопы ў вёсцы. Мясцовая ўлада лічыць, што блогерка такім чынам стварае вобраз «усімі забытай глыбінкі». На дапамогу выклікалі дзяржаўную прэсу.

    Прапаганда хэйціць пенсіянерку за блог у TikTok

    Выданне «Прысталічча» апублікавала артыкул «Як пенсіянерка кашмарыць вёску пад Мінскам з дапамогай Tik­Tok». Прапаганда накінулася на пенсіянерку, якая стала блогеркай і паказвае праблемы ў вёсцы.

    «Наталлю П. у вёсцы Паперня ведаюць практычна ўсе. Былая настаўніца на пенсіі, здаецца, вырашыла стаць блогерам, прычым няпростым. Яна публічна паказвае ўсё, што ёй не падабаецца ў населеным пункце. За пару месяцаў зняла больш за 11 відэа пра жыццё Паперні», — расказвае выданне. 

    «Прысталічча» піша, што «ў сваіх роліках Наталля прадстаўляе вёску як усімі забытую глыбінку».

    Напрыклад, у адным з першых відэа яна абуралася, што закрылі магазін райпо. «Колькі б мы ні пісалі, ні прасілі адкрыць — дарэмна. Не запрацаваў! Забітыя вокны ў будынку, але хтосьці па вечарах прыязджае і штосьці робіць там», — заявіла блогер.

    @user5001814714324

    папернянский магазин, Минское райпо

    ♬ оригинальный звук — Наталья Простак

    «Аднак высветлілася, што будынак да гэтага часу належыць райпо, яго арандуе індывідуальны прадпрымальнік пад склад. Вёска не засталася без магазіна — гандлёвая кропка працуе на ўездзе, і яе асартымент задавальняе жыхароў. Адкрываць другі магазін у населеным пункце не мэтазгодна, бо адзін з іх будзе працаваць у страту», — тлумачыць выданне.

    Яшчэ адной нагодай для абурэння Наталлі стаў участак побач з былым будынкам крамы.

    @user5001814714324

    Паперня, ЖКХ помогает.…..?

    ♬ оригинальный звук — Наталья Простак

    «Стары плот і гара бітай цэглы наводзяць на думку пра закінутасць. Але, па словах старшыні Папярнянскага сельвыканкама Дзяніса Хоміча, сітуацыя іншая», — піша «Прысталічча» і дае падрабязнасці. — Калісьці тут была грамадская лазня, якую затым выкупіў прыватнік. Новы ўладальнік доўга не мог вырашыць, што рабіць з участкам, а потым пачалася папяровая цяганіна, звязаная са зменай мэтавага прызначэння для будаўніцтва дома.

    — Працэс доўжыўся доўга, але сёлета нарэшце ён змог усё аформіць, — расказвае Дзяніс Хоміч. — Гэтую гару «блогер» называе сметнікам, але на самой справе гэта проста рэшткі лазні. Уладальнік сочыць за парадкам: перыядычна абкошвае траву, і на ўчастку ўжо пачалі будаўніцтва — бачны фундамент», — даводзіць Хоміч.

    Што тычыцца старога плота, то, аказваецца, яго не мяняюць свядома: падчас будаўніцтва новую агароджу лёгка пашкодзіць, таму яго ўсталююць пазней, пасля завяршэння асноўных работ.

    Яшчэ адной балючай тэмай для блогеркі стала Папярнянская школа. У пачатку кастрычніка Наталля паказала заросшую травой частку стадыёна.

    — Цікава, як прымалі гэты стадыён да пачатку навучальнага года, калі яго так можна назваць? Вось жыхарка ідзе — трава па пояс, — пракаментавала яна.

    Дырэктар школы Аксана Ціхановіч патлумачыла «Прысталіччу», што пакос травы ажыццяўляецца па графіку. Тая частка стадыёна, якая трапіла ў кадр, не выкарыстоўваецца на ўроках фізкультуры.

    — Там, дзе непасрэдна займаюцца дзеці, мы косім, натуральна, часцей. Там у нас знаходзяцца футбольныя вароты, скачковая яма. Што да падзенняў, траўмаў — у нас у школе іх не атрымліваюць дзеці ўжо шмат гадоў. Бацькі не звярталіся са скаргамі, — усё патлумачыла дырэктар.

    Такім чынам мясцовыя начальнікі «разбілі» і іншыя ролікі пенсіянеркі. 

    «У выніку вобраз «забытай вёскі», які стварае ў сваіх відэа Наталля П., пры бліжэйшым разглядзе рассыпаецца», — упэўнена выданне.

    Каментар у самой блогеркі «Прысталічча» не бярэ. Але абмеркавала яе асобу з іншымі жыхарамі вёскі.

    «Адны лічаць яе «прафесійнай скаржніцай», а іншыя — голасам грамадскасці. Словам, класічная актывістка. Аднак яе няўдача на выбарах старасты красамоўна сведчыць: жаданне крытыкаваць далёка не заўсёды раўназначнае ўменню канструктыўна вырашаць праблемы і заваёўваць давер людзей», — паставіла кропку выданне. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці