• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сталі вядомыя прысуды чатыром баранавіцкім журналістам

    У абноўленым 11 лістапада пераліку асоб, датычных да «экстрэмісцкай» дзейнасці, які складае МУС Беларусі, з’явіліся прозвішчы Наталлі Семяновіч, Мікіты Пятроўскага, Руслана Равякі і Людмілы Зеляньковай. Усе яны — супрацоўнікі баранавіцкага навінавага рэсурсу BAR24, створанага камандай колішняга незалежнага рэгіянальнага выдання Intex-Press.

    intex-press-oblozhka

    Паводле сайта міліцэйскага ведамства, усе чацвёра асуджаныя паводле часткі 2 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці). Пра ўсіх чацвярых пазначана, што «судзімасць не пагашаная». Гэта азначае, што журналістаў асудзілі да так званай «хатняй хіміі» — да абмежавання волі без змяшчэння ў папраўчую ўстанову з абавязкам выконваць патрабаванні адмысловага рэжыму.

    Крымінальныя справы супраць журналістаў сталі вынікам масавага затрымання супрацоўнікаў і журналістаў ліквідаванага прыватнага выдання Intex-press у снежні 2024 года.

    З перашкодамі ў працы рэдакцыі Intex-press даводзілася сутыкацца і раней. Так, 15 лютага 2023 года ў ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» прыходзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў з пастановай аб правядзенні агляду памяшкання.

    У ходзе агляду забралі сістэмныя блокі, фотаапарат, ноўтбукі, у тым ліку асабістыя ноўтбукі супрацоўнікаў, а таксама камп’ютарную тэхніку бухгалтэрыі і рэкламнага аддзела. На наступны дзень затрымлівалі карэспандэнтку выдання, якую да гэтага выклікалі на размову ў міліцыю.

    4 мая 2023 года беларускія ўлады абмежавалі доступ да папулярнага баранавіцкага інтэрнэт-выдання. Зроблена гэта было паводле пастановы пракурора Брэсцкай вобласці Віктара Клімава, а падставай для прыняцця дадзенага рашэння паслужылі нібыта шматлікія парушэнні гэтым медыя Закона «Аб сродках масавай інфармацыі». Як тады сцвярджала служба інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці, «на ўказаным партале неаднаразова публікавалася інфармацыя, якая яўна негатыўна характарызавала грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля завяршэння выбарчай кампаніі і дыскрэдытавала дзейнасць дзяржаўных і праваахоўных органаў».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці