• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд журналісту Ігару Ільяшу  

    Вярхоўны суд 14 лістапада разгледзеў апеляцыйную скаргу на прыгавор Ігару Ільяшу. Судовая калегія ВС пад старшынствам суддзі Ігара Любавіцкага адхіліла скаргу асуджанага на чатыры гады калоніі журналіста і пакінула ў сіле рашэнне першай судовай інстанцыі.

    Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд журналісту Ігару Ільяшу  

    16 верасня 2025 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў журналіста Ігара Ільяша да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі вердыкт вынес суддзя Сяргей Кацэр. Таксама суддзя прызначыў журналісту сплаціць на карысць дзяржавы штраф памерам 100 базавых велічынь (4 200 рублёў).

    12 верасня Ільяш у апошнім слове на судзе адхіліў усе абвінавачанні, віну не прызнаў.

    Ігара Ільяша абвінавацілі паводле арт. 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

    Як пісаў на сваёй старонцы ў Face­book Сяргей Ваганаў — дзед жонкі журналіста Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), таксама журналісткі і палітвязняволенай, экспертыза «не выявіла ніводнага ілжывага факта», распаўсюджанага Ільяшом.

    Паводле яго допісу, на пасяджэннях 4 і 5 верасня, калі Мінскі гарадскі суд «заслухоўваў высновы псіхалінгвістычнай экспертызы», прагучала «абсалютная прадузятасць да публікацый Ільяша, заснаваная на асабістых палітычных поглядах» загадчыка кафедры Белдзяржуніверсітэта, філолага Сяргея Лебядзінскага, які рабіў экспертызу. У якасці аргументаў эксперт прывёў выкарыстанне Ільяшом у сваіх артыкулах тэрміна «палітвязні», паколькі ў беларускім заканадаўстве такога тэрміна не існуе, удакладніў Ваганаў.

    Справа Ігара Ільяша

    Пра затрыманне Ільяша паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый вынікала, што ён быў затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што такім чынам ён займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням». Таксама сцвярджалася, што журналіст «збіраў звесткі для замежных выведак — даваў каментары ўкраінскім выданням».

    На відэазапісе сілавікоў Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся штатным супрацоўнікам тэлеканала «Белсат», пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. «На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыя, сярод якіх былі і рэсурсы, прызнаныя на тэрыторыі Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» ў той ці іншы час», — сказаў ён.

    Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія звярталіся да яго па інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў «украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну».

    22 лістапада 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Ільяша палітычным вязнем.

    Раней, у ліпені 2021 года, Ільяша затрымлівалі на 10 дзён — ён быў у статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальная справа не атрымала.

    Жонка Ільяша журналістка тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева (Бахвалава) на сёння таксама ўтрымліваецца ў зняволенні.

    Яе затрымалі разам з відэааператаркай Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. У той дзень журналісткі вялі прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі на «плошчу Перамен» (двор на вул. Чарвякова ў Мінску).

    У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК), і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі. Такое рашэнне прыняла суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Бугук на патрабаванне пракурора Аліны Касьянчык.

    Преступление совершали с помощью жилетов «Пресса». Судят журналисток, которые вели стрим с «Площади перемен»

    Падчас зняволення ў дачыненні Кацярыны Андрэевай была распачатая новая крымінальная справа. 13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў журналістку да 8 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была асуджаная да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 8 гадоў і 3 месяцы. Адлік вядзецца ад моманту затрымання восенню 2020 года.

    20 верасня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў прысуд без зменаў. Пры гэтым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання — «выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве» замененая на «шпіянаж».

    Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на сёння ў няволі знаходзяцца 28 прадстаўнікоў медыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці