Фонд BYSOL: пра наступствы скандалу, антыхарасмент і «новую рэчаіснасць»
Кіраўніцтва Фонда BYSOL справаздачылася пра вынікі працы за мінулы месяц. Спад ёсць, але некрытычны.

Качка BYSOL у Варшаве. Фота: reform.news
Аперацыйны дырэктар Фонда BYSOL Ганна Дапшэвічуце і іншыя члены каманды распавялі пра наступствы скандалу, вынікі працы за кастрычнік і бліжэйшыя планы.
Як вядома, летам былога кіраўніка фонда BySol Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў рассылцы беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікаў. Фонд з 22 ліпеня 2025 года ініцыяваў унутранае разбіральніцтва, якое ў рэшце рэшт закончылася поўным сыходам Андрэя Стрыжака з арганізацыі. Аднак скандал нанёс рэпутацыйныя страты фонду.
Колькасць данатаў і данатараў істотна не зменшылася
Пасля «поўнага выхаду Андрэя Стрыжака з усіх працоўных працэсаў» у фондзе адзіным заснавальнікам застаўся Віталіюс Моцкус. Цяпер кіраўніцтва разглядае магчымасць пашырыць кола заснавальнікаў мінімум да трох чалавек.
— Нягледзячы на крызісную сітуацыю, найперш рэпутацыйную, колькасць данатаў і данатараў істотна не зменшылася, прынамсі, мы не бачым вялікай фізічнай прасадкі, — паведаміла аперацыйная дырэктарка фонда Ганна Дапшэвічуце.
За квартал перад 15 чэрвеня фонд атрымаў 476 тысяч еўра, а з 16 чэрвеня па 1 кастрычніка сабрана 391 тысяча еўра – трохі менш, але гэта некрытычна для арганізацыі.
Пасля фінальнага рашэння Андрэя Стрыжака сысці з фонда цалкам увесь дырэктарат вярнуўся да працы ў поўным складзе.
Каманда прайшла курс антыхарасмента. Цягам бліжэйшага месяца фонд плануе парвесці шэраг публічных мерапрыестваў па антыхарасменту, адкрытых для ўсёй грамадскай супольнасці.
Арганізацыя лічыць, што стварыла харошы прэцэдэнт па пераадоленні крызісу, і гатовая падзяліцца сваім вопытам з іншымі.
Фонда BYSOL сабраў 13 кейсаў пацярпелых ад харасмэнта. Супрацоўнікі не знаёмыя з пацярпелымі, але аб’явілі пра гатоўнасць аказаць ім дапамогу. Пакуль што ў фонд звярнулася адна жанчына, якой аплацілі ўдзел у рэтрыце.
Фонд пацвердзіў, што гатовы аказаць дапамогу і іншым пацярпелым, якія могуць звяртацца да іх праз СМІ або праз Насту Базар. Пры гэтым гаворка пра наўпроставую фінансавую падтрымку не ідзе.
За кастрычнік служба эвакуацыі апрацавала 16 збораў і арганізавала 5 выездаў з Беларусі. Спецыялісты далі 172 кансультацыі – як тым, хто застаўся ў Беларусі, там і беларускім эмігрантам.
Новая рэальнасць
Прадстаўнік каманды збораў Аляксандр Кухта паведаміў, што кастрычнік не стаў самым ураджайным месяцам па зборах, але «і вялікай прасадкі няма». Фонд арганізаваў 16 персанальных збораў, якія сабралі амаль 35 тысяч еўра. Зрабіў 21 выплату агульнай сумай 21 тысяча еўра.
Кухта назваў дзе тэндэнцыі, якія набіраюць абароты.
— Мы апынуліся ў новай рэчаіснасці, і чым далей, тым болей мы будзем з ёй сутыкацца, — адзначае Аляксандр Кухта.
Гаворка ідзе пра беларусаў, якія з палітычных прычынаў пакінулі Беларусь у 2021—2022 гадах, якія ўсё часцей сутыкаюцца з праблемамі і дыягназамі, а таму не могуць утрымліваць сябе. Два гады з такімі праблемамі каманда па зборах сутыкалася менш.
Ён адзначае, што зборы для такіх беларусаў будуць насіць закрыты характар, бо «адкрыты збор – гэта публічнасць, а публічнасць – заўсёды ціск».
Другая тэндэнцыя насцярожвае не менш. Фонд арганізаваў адкрыты збор для беларускі Ганны, якую служба эвакуацыі вывозіла з Беларусі. Цяпер судзяць ейных дзяцей, прычым, як падазраюць у фондзе, з‑за актыўнасці маці. Яна прасіла адкрыць збор на 30 тысяч еўра: сілавікі прапанавалі ёй адкупіцца і назвалі цану – па 15 тысяч еўра за кожнае дзіця. У фондзе вырашылі не гуляць па правілах сілавікоў, хаця арганізавалі для жанчыны збор на паслугі адвакатаў.
Бліжэйшыя планы
Фонда BYSOL бліжэйшым часам плануе арганізаваць вялікі дзіцячы збор. У планах сабраць 20 тысяч еўра і апрацаваць 200 заявак. Падавацца на дапамогу могуць сем’і, у якіх адзін з бацькоў (ці абое) правялі за кратамі больш за тры месяцы.
Апрача таго, у фондзе спадзяюцца, што найбліжэйшым часам на волю можа выйсці чарговая партыя беларускіх палітвязняў, якім таксама спатрэбіцца дапамога.
Вялікі збор, арганізаваны для 52 палітвязняў, вызваленых у верасні, сабраў 111 тысяч 423 еўра. Фонд выплаціў 37 палітвязням па 2 078 еўра. Адзін з былых палітвязняў адмовіўся ад грашовай дапамогі на карысць іншых палітвязняў.
Цяпер Фонд шукае замежных грамадзян, якіх вызвалілі разам з беларускімі палітвязнямі ў верасні, каб і ім выдаць такую ж дапамогу. Да канца снежня праваабаронцы плануюць адшукаць усіх вызваленых са «спіса 52». Калі ж пошукі акажуцца безвыніковымі, то астатняя сума будзе падзеленая пароўну паміж палітвязнямі, якія ўжо атрымалі дапамогу.
@bajmedia