• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Былога палітзняволенага журналіста Вячаслава Лазарава выклікаюць у міліцыю

    Позва прыйшла на хатні адрас віцебскага відэааператара Вячаслава Лазарава. Паведамляецца, што 28 кастрычніка да 10.00 ён мусіў прыйсці ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска, каб стаць на ўлік.

    Былога палітзняволенага журналіста Вячаслава Лазарава выклікаюць у міліцыю

    Вячаслаў Лазараў са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    «У выпадку няяўкі без уважлівай прычыны Вас прывядуць прымусова», — пазначана ў дакуменце.

    У інспекцыю Вячаслаў Лазараў не змог бы трапіць нават пры жаданні — сёлета 11 верасня яго прымусова вывезлі ў суседнюю Літву ў ліку 52 іншых вязняў, вызваленых у межах перамоў урада ЗША з рэжымам Лукашэнкі.

    Журналіста вызвалілі з магілёўскай папраўчай калоніі № 15, дзе ён адбываў тэрмін зняволення, прысуджаны яму за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат».

    «З таго самага дня я знаходжуся ў Вільні, не маючы ніякага пацвярджэння свайго афіцыйнага статусу. Нікому з прымусова вывезеных з Беларусі былых вязняў не далі дакументаў пра тое, на якіх падставах мы вызваленыя», — кажа Вячаслаў Лазараў.  

    Праваабаронца Павел Левінаў скантактаваўся са старшым лейтэнантам Трафімам Ушаковым, да якога мусіў явіцца Лазараў у крымінальна-выканаўчаю інспекцыю. Міліцыянт патлумачыў, што Лазараў вызвалены па памілаванні ад 11 верасня 2025 года і мусіў вярнуцца па месцы рэгістрацыі ў Віцебску.  Пра тое, што журналіст апынуўся ў Літве, супрацоўнік міліцыі нават не ведаў.   

    Вячаслаў Лазараў: Палітвязняў пазбавілі пашпартоў, а мне нават даведку не далі

    Павел Левінаў удакладніў, што стала падставай для вызвалення. «Указ кіраўніка дзяржавы», запэўніў міліцыянт. Але нумар гэтага ўказа не назваў, зазначыўшы, што «ў нашай базе яго няма».

    На думку Паўла Левінава, сітуацыя з Вячаславам Лазаравым сведчыць пра тое, што заканадаўства ў Беларусі нармальным чынам не працуе:

    «Ёсць такі алгарытм. З калоніі па месцы рэгістрацыі дасылаюць дакументы пра вызваленне чалавека, каб паставіць яго на спецыяльны ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Таму службовец проста выканаў свае абавязкі, перадаўшы позву на хатні адрас Лазарава. Такім чынам, інспекцыя дзейнічала ў адпаведнасці са сваімі інструкцыямі. Але заканадаўствам не прадугледжаны прымусовы вываз вызваленых за мяжу! Што трэба рабіць далей, старшы лейтэнант Ушакоў проста не ведае».

    Дарэчы, выпадак з Лазаравым не адзіны ў Віцебску. Такую ж позву атрымалі сваякі яшчэ аднаго віцебскага палітвязня, дэпартаванага ў Літву 11 верасня. Позву на імя Паўла Нікіценкі таксама накіравалі з крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Кастрычніцкага раёна. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці