• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзве траціны журналістаў у выгнанні сыходзяць з прафесіі: высновы даследчыцы Ханан Бадр

    Праца ў выгнанні не азначае хэпі-энду — яна паглыбляе няроўнасць. Пры гэтым дзве траціны журналістаў у выгнанні сыходзяць з прафесіі, а іх устойлівасць падвышае праца ў рэдакцыях. Пра калектыўны досвед журналістаў у выгнанні расказвае даследчыца і прафесарка Зальцбургскага ўніверсітэта Ханан Бадр.

    Hanan Badr. Фота: Universität Salzburg

    Hanan Badr. Фота: Uni­ver­sität Salzburg

    Вопыт журналістаў з розных краін перасякаецца

    Вывучаць журналістыку ў Каіры, але працаваць у акадэмічным асяродку ў ЕС — так коратка можна апісаць кар’еру Ханан Бадр (Hanan Badr). Яна з’яўляецца прафесаркай Зальцбургскага ўніверсітэта ў Аўстрыі і ўзначальвае аддзел грамадскіх сфер і няроўнасці.

    Яе цікавасць да даследаванняў журналістыкі нарадзілася ў часы няўдалых арабскіх паўстанняў у 2010–2011 гадах, “калі ў арабскім рэгіёне — у Тунісе, Лівіі, Сірыі — спрабавалі дабіцца дэмакратызацыі, і мы ведаем, што яны пацярпелі няўдачу. Гэта мая асабістая гісторыя, калі я вырашыла правесці даследаванне, — кажа Ханан Бадр.

    Праз інтэрв’ю з медыйшчыкамі Бадр вывучае працу ў выгнанні і ацэньвае рост яе распаўсюджанасці як беспрэцэдэнтны. На аснове 90 англамоўных анкет і 50 інтэрв’ю прафесарка ў 2024 годзе выпусціла даследаванне “Супольнасці журналістаў у выгнанні ў Германіі”, адно з нешматлікіх па тэме.

    Рэспандэнты належалі да трох рэгіёнаў: Усходняй Еўропы, Заходняй і Цэнтральнай Азіі, а таксама арабскага рэгіёна. Беларусы склалі 7% выбаркі. Чаму?

    “Большасць беларускай супольнасці жыве не ў Германіі — але паміж рознымі супольнасцямі журналістаў у выгнанні ёсць неверагодна шмат перасячэнняў”, — кажа Ханан Бадр пра іх калектыўны досвед.

    Адбыўся аўтарытарны адкат

    Ханан Бадр тлумачыць, што з’ява журналістыкі ў выгнанні не новая і існавала нават у часы Рымскай імперыі. Яе маштаб за 10–15 гадоў вырас, але структура дапамогі журналістам у выгнанні расце павольней. Паводле справаздачы Камітэта па абароне журналістаў і іншых арганізацый, у 2020–2023 гадах дапамога журналістам у выгнанні вырасла на 227%, нагадвае Ханан Бадр.

    “Я праводзіла інтэрв’ю з прадстаўнікамі СМІ, полісімейкерамі, журналістамі. Адзін з іх сказаў, што колькасць заявак журналістаў павялічылася ў пяць разоў за апошнія тры гады. Вядома, фінансаванне не павялічылася ў пяць разоў”, — кажа яна.

    Умовы працы журналістаў за апошнія гады таксама пагоршыліся. Гэта можна пабачыць на мапе свабоды прэсы, складзенай міжнароднай арганізацыяй “Рэпарцёры без межаў”.

    “Мапа свабоды прэсы ў 2025 годзе ад “Рэпарцёраў без межаў” візуальна паказвае аўтарытарны адкат у такіх краінах, як Расія, Беларусь, Турцыя, а таксама, як мая краіна паходжання — Егіпет, якія афарбаваныя ў чырвоны колер. І нават краіны […], як ЗША”, — кажа Ханан Бадр.

    Мапа свабоды прэсы, 2025 год, “Рэпарцёры без межаў”

    Мапа свабоды прэсы, 2025 год, “Рэпарцёры без межаў”

    Геаграфія руху журналістаў у выгнанні бачная на яшчэ адной мапе той жа арганізацыі. Але даследчыца дадае: яна няпоўная, “ёсць вельмі шмат незадакументаваных выпадкаў”.

    Напрыклад, не ўсе журналісты размаўляюць па-англійску ці па-французску, таксама на мапе добра задакументаваныя выпадкі ў Парыжы, дзе месціцца штаб-кватэра арганізацыі. У той жа час мапа кепска паказвае рух у сумежныя краіны, якія часта становяцца першым выбарам журналістаў.

    Мапа, распрацаваная «Рэпарцёрамі без межаў», паказвае рух журналістаў з краін, дзе яны падвяргаюцца ціску, у Паўночную і Заходнюю Еўропу і Паўночную Амерыку. Аднак яна не паказвае, што існуе вельмі шмат суседніх краін, якія з'яўляюцца часовым прытулкам

    Мапа, распрацаваная «Рэпарцёрамі без межаў», паказвае рух журналістаў з краін, дзе яны падвяргаюцца ціску, у Паўночную і Заходнюю Еўропу і Паўночную Амерыку. Аднак яна не адлюстроўвае, што існуе вельмі шмат суседніх краін, якія з’яўляюцца часовым прытулкам

    Увайшоў вядомы журналіст, якога ніхто не ведаў

    Некаторыя журналісты застаюцца дома і сыходзяць з прафесіі, разлічваючы так пазбегнуць пераследу, іншыя — бо іх ад’езд абмежаваны абавязкамі клапаціцца пра дзяцей ці блізкіх у краіне паходжання. Дарэчы, адзначае даследчыца, частка з іх ганарыцца тым, што яны прафесіяналы ў медыях, іншыя настолькі ж ганарацца тым, называючы сябе актывістамі.

    “І некаторыя людзі зноў жа пераходзяць з адной групы ў іншую. Гэта тонкая мяжа, такая невыразна акрэсленая”, — кажа Ханан Бадр.

    Парадокс працы ў выгнанні ў тым, што яе выбіраюць з меркаванняў бяспекі — але ад’езд не азначае, што ў жыцці надыдзе хэпі-энд. Ён вядзе да небяспекі і нестабільнасці на іншых узроўнях.

    Галоўным выклікам пры працы ў выгнанні з’яўляецца не пошук жытла ці школы для дзяцей, а само існаванне, — цытуе прафесарка аднаго са сваіх суразмоўцаў. Яна нагадвае: большасць журналістаў у выгнанні не хацелі з’язджаць. Тым не менш, некаторыя з іх трапляюць у добрыя ўмовы на новым месцы.

    “Адзін з апытаных быў вельмі вядомым турэцкім журналістам і рэдактарам. Сапраўды атрымліваў мноства прапаноў і адкрыта падзяліўся са мной, як ён нават думаў, варта паехаць у Германію ці ў Францыю…”, — кажа Ханан Бадр.

    Але так далёка не ва ўсіх. Журналісты ў выгнанні часта аказваюцца на перыферыі сваёй прафесіі, нават калі яны былі знакамітасцямі дома, што правакуе стрэс і праблемы з псіхічным здароўем.

    “Я была неяк на канферэнцыі, і ў залу ўвайшоў чалавек, да якога пайшлі вітацца афганскія журналісты. Гэта быў вельмі вядомы іх калега, але я яго не ведала. У Нямеччыне, дзе адбывалася канферэнцыя, яго ніхто не ведаў наогул”, — кажа даследчыца.

    Моўныя бар’еры і пераезд прыводзяць да страты доступу да звычайных рэсурсаў і аўдыторыі, альбо замест аўдыторыі ў адной краіне журналісты пачынаюць працаваць на некалькі, транснацыянальна. Узнікае пытанне фінансавай дзеяздольнасці, таксама пераезд правакуе паглыбленне няроўнасцяў па крытэрах гендару, спосабу легалізацыі і іншых.

    “Многія людзі не ведаюць, што рабіць”, — кажа даследчыца.

    Журналісты вагаюцца між эміграцыяй на час і назаўжды

    Лейматыў працы ў выгнанні — час, ён патрэбны для эмацыйнага аднаўлення і каб вылекаваць наступствы катаванняў ці затрыманняў. Таксама час прыводзіць да сутыкнення з дылемамі і перамоў з самім сабой.

    “Ваганні адбываюцца паміж рознымі настроямі: ад “я не хацеў адрывацца ад тых рэсурсаў і сяброў, якія ў мяне былі” да “мы тут, каб застацца назаўжды”, — кажа прафесарка.

    Чалавек можа адмаўляцца ад рэальнасці, ён жыве быццам бы ў выгнанні, але ў сябе ў галаве — усё яшчэ дома, са сваімі кнігамі і сваім каханнем. Праз вырашэнне падобных дылем, ацалення пасля такога разрыву асобы будуецца новая ўласная і прафесійная ідэнтычнасць. Зрэшты, адмовіцца ад мінулага прасцей тым, хто назапасіў меншыя статус і прэстыж, кажа даследчыца, і звязвае гэта з узростам.

    З часам, паводле даследаванняў, 60–70% журналістаў у выгнанні кідаюць сваю прафесію, бо заканчваюцца праекты альбо ў новых геапалітычных умовах не знаходзіцца праца. Высновы зроблены на аснове апытання групы журналістаў, дзе большасць з іх сярэдняга веку (26–45 гадоў), у сярэдзіне сваёй кар’еры. На момант апытання толькі 25% мелі поўную занятасць. 

    Шчаслівыя гісторыі і падтрымка

    Што ж рабіць? Магчыма, адказ хаваецца ў выснове даследчыцы: больш высокі ўзровень выжывання яна адзначае ў медыяарганізацый, чым у асобных журналістаў, якія працуюць самі па сабе. Хаця, канешне, гэта не адмяняе факта, што медыі ў выгнанні сутыкаюцца з праблемамі стабільнасці фінансавання.

    “Асобныя журналісты, якія самі па сабе, з меншай верагоднасцю застануцца ў прафесіі”, — кажа Ханан Бадр.

    Гэта не азначае, што іх жыццё кепскае, тлумачыць прафесарка, проста з журналістыкі іх прафесійныя цікавасці перасоўваюцца ў іншыя сферы — ад актывізму да акадэмічнай кар’еры ці палітычнага кансалтынгу.

    “У мяне не было часу, каб расказаць і пра больш шчаслівыя гісторыі, пра людзей і іх прафесію. Напрыклад, пара адкрыла рэстаран, яны зусім перасталі быць журналістамі і знайшлі новае шчаслівае жыццё, дзе яны змірыліся з гэтым, — кажа даследчыца.

    — У нас таксама ёсць выпадак у Сірыі, дзе пасля 14 гадоў грамадзянскай вайны, апалчэнцаў, узброенага канфлікту і страты дамоў у сірыйскіх журналістаў, прынамсі, з’явілася надзея вярнуцца дадому, нягледзячы на ўсю траўму і эмацыйныя цяжкасці вяртання ў зону баявых дзеянняў або аднаўлення зоны баявых дзеянняў”.

    Тэкст створаны пры падтрымцы Савета Еўропы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці