• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ларыса Шчыракова: У еўрапейскіх медыях вельмі мала інфармацыі пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі

    Журналістка і экс-палітзняволеная з Гомеля Ларыса Шчыракова зрабіла паездку некалькімі краінамі Еўропы, сустрэлася з грамадскасцю ды выступіла ў медыях. Ларыса распавяла «Гомельскай вясне» пра паездку.

    Ларыса Шчыракова выступы ў Еўропе

    Ларыса Шчыракова на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Прэмію «Free media awards 2025» я сёлета не атрымлівала

    Я вельмі засмучаная сітуацыяй, пры якой усе вырашылі, што я сёлета атрымлівала прэмію. Ніхто ў мяне не запытаўся, ці я насамрэч атрымлівала прэмію. Мой пост у Фэйсбуку быў літаральна наступны: “Перад цырымоніяй «Free media awards 2025». Гамбург”. З гэтай фразы абсалютна не вынікае, што мне яе сёлета даюць.

    Я была запрошаная сёлета ў Гамбург, бо прэмію праз год даюць ці ў Осла, ці ў Гамбургу. Мяне запрасілі, як мінулагоднюю лаўрэатку. Таму што летась маю прэмію атрымаў [гомельскі праваабаронца і экс-палітвязень] Леанід Судаленка. У іх няма такой працэдуры, што ты можаш сваю прэмію атрымаць на наступны год, ці праз пяць гадоў, калі выйдзеш. То бок, калі ты знаходзішся ў вязніцы, а табе прысуджаная гэтая прэмія, то нехта за цябе яе атрымлівае – ці то твой рэдактар, ці то нейкія іншыя людзі, сваяк твой і гэтак далей.

    У азербайджанскай турме ўмовы нашмат лепшыя, чым у калоніі ў Гомелі

    Я была вельмі шчаслівая, што мяне запрасілі, я паглядзела, як гэтая прэмія ўручаецца, паразмаўляла з калегамі. Вельмі было цікава, таму што многія з іх прайшлі праз тое, праз што і я прайшла.

    У прыватнасці, азербайджанскі журналіст, рэдактар Афган Мухтарлі. Як бы, усе сядзельцы заўжды параўноўваюць, як каму дзе сядзелася. У выпадку з ім мы параўналі, як яму ў Азербайджане сядзелася, як мне ў Беларусі сядзелася. І, канешне, у азербайджанскай турме ў 2019‑м годзе, калі ён сядзеў, яму было нашмат лепш, чым у нас у жаночай калоніі ў Гомелі.

    У Гамбургу мяне спачатку таксама папрасілі распавесці пра тое, што ўяўляе сабой праца незалежнага журналіста ў аўтарытарным рэжыме. То бок, я спачатку распавяла тое, што адбывалася да 2020 года – і судовы пераслед, і псіхалагічны ціск, і іншае. Усіх гэта вельмі ўразіла. І, канешне, распавядала пра тое, што са мной адбывалася ў 2020 годзе, як увесь час мяне затрымлівалі, стаялі пад вокнамі. Дзялілася сваімі эмоцыямі.

    Былі і такія цяжкія сцэны, як, напрыклад, развітанне з сынам, калі мяне ўжо арыштоўвалі. Гэта было развітанне перад доўгім расстаннем, я разумела, што мы сустрэнемся не хутка. Мы там абодва з ім плакалі, абняўшыся. Гэта была вельмі цяжкая сцэна, я пра гэта распавяла. Пра тое, што маці памерла, калі мяне трымалі ў зняволенні. І потым удзельнікі цырымоніі падыходзілі і казалі дзякуй за тое, што падзялілася такім асабістым.

    «У студзені я збіралася шчадраваць». Ларыса Шчыракова распавяла, пра што марыла за кратамі і што давала сілы трымацца

    Чэхія: удзел у праекце дакументавання таталітарызму і выступ на тэлебачанні

    У Празе я таксама сустракалася з журналістамі з арганізацыі Post Bel­lum, якія робяць інтэрв’ю з людзьмі, што змагаюцца ва ўмовах таталітарных, аўтарытарных рэжымаў. Гэта вельмі цікавы і глыбокі праект, таму што ў Чэхіі, на жаль,  ёсць свая гісторыя жыцця ў таталітарным рэжыме, пад акупацыяй. І ў гэтым праекце вельмі глыбока даследуюць тое, як у такіх умовах фарміруецца чалавек такога тыпу, што ён потым змагаецца за свабоду.

    У Чэхіі таксама давялося выступіць на тэлеканале TV24. Ім было цікава, за што мяне пасадзілі і як мяне вызвалялі. Тады акурат у Вашынгтоне прызначылі спецпасланнікам па Беларусі Джона Коўла. Калегі цікавіліся, як я да гэтага стаўлюся, абставінамі, пры якіх я бачыла Коўла, калі нас прывезлі на літоўскую мяжу і ён зайшоў у наш аўтобус, вітаў нас. Пры гэтым яны паказалі вельмі добры сюжэт: знайшлі шмат відэа, праілюстравалі ўсё, што адбывалася ў Беларусі.

    Засмучае, што Беларусь зараз не ў фокусе грамадскай ўвагі ў еўрапейскіх краінах

    У Аўстрыі, у Вене я сустракалася з калегамі, з праваабарончымі арганізацымі. Ім таксама была цікавая сітуацыя, у якой мне даводзілася працаваць да 2020 года, як мяне арыштоўвалі, судзілі, трымалі ў вязніцы і адпускалі.

    Я была вельмі засмучаная інфармацыяй ад іх пра тое, што ў аўстрыйскіх, у нямецкіх медыях вельмі мала інфармацыі пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі. На жаль, гэтая тэма зараз не ў фокусе грамадскай увагі ў еўрапейскіх краінах. І гэта вельмі засмучае.

    Ксенія Галубовіч: Як перамагчы ў канкурэнцыі за ўвагу Захаду

    Мяне знайшла расіянка, якую гэтак жа вывезлі з СССР 45 гадоў таму

    Падчас гэтай паездкі здарылася яшчэ такая цікавая гісторыя. Мяне знайшла жанчына, якой зараз ужо за 70 гадоў. Яна расіянка, але жыве ў Зальцбургу. Яна была заснавальніцай фемінісцкага руху недзе ў Ленінградзе і яе праз гэта выслалі ў 1980‑м годзе.

    І яна выпадкова пабачыла відэа ад 11 верасня, дзе я там плачу і наракаю на лёс. Яна сказала, што акурат тое самае яна адчувала тады, калі савецкія ўлады яе выслалі ў Аўстрыю. Яна ўзгадала, як 45 гадоў таму яна стаяла ў той Вене без рэчаў, без грошай, без нічога. Мы зараз з ёю кантактуем, яна нават падарыла мне падарункі. Я хачу зняць фільм з ёй – гэта вельмі цікавая гераіня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці