• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Іранскаму блогеру прысудзілі 12 гадоў турмы за твіт з кропкай

    У Іране мясцовага апазыцыйнага блогера Хасейна Шанбехзадэ прыгаварылі да 12 гадоў турмы за твіт з адной кропкай, які ён напісаў у адказ на пост вярхоўнага лідэра краіны Алі Хамэнэі.

    Фота: сацсеткі

    Пра гэта паведамляе Iran Inter­na­tion­al са спасылкай на адваката апазыцыянэра Аміра Раісіяна.

    Шанбехзадэ напісаў свой твіт у траўні. Праз некалькі тыдняў, пасьля таго, як твіт набраў значна больш лайкаў, чым пост Хамэнэі, мужчыну арыштавалі.

    31 жніўня адвакат Шанбехзадэ паведаміў, што яго падабаронны прыгавораны да пяці гадоў «за прапаганду на карысьць Ізраіля», да чатырох — «за абразу ісламскіх сьвятыняў», да двух — за «распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі» і да яшчэ аднаго года за «антыдзяржаўную прапаганду» .

    Як распавёў Раісіян, з 12 гадоў тэрмін Шанбехзадэ павінен правесьці ў турме пяць, пасьля чаго зможа падаць прашэньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні. Адвакат спадзяецца абскардзіць прысуд.

    Па словах адваката, абвінавачаньне не даказала віну Шанбехзадэ па самым цяжкім артыкуле. У якасьці доказаў віны па іншых артыкулах суд прывёў яго посты ў падтрымку палітвязьняў і адмены абавязковага нашэньня хіджабу, выкарыстаньне хэштэга «#НеПакараньнямСьмерці», крытыку іранскіх выбараў і выказваньне радасьці з нагоды сьмерці былога прэзыдэнта краіны Эбрахіма Раісі.

    У 2019 годзе Шанбехзадэ ўжо трапляў у турму — гэта адбылося пасьля пратэстаў, якія пачаліся з‑за шматразовага павелічэньня цэнаў на паліва ў Іране. Тады апазыцыянэра абвінавацілі ў абразе сьвятыняў і лідэра Ісламскай рэспублікі, а СМІ, зьвязаныя з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі, пісалі, што ён агент Масада.

    Як адзначае Iran Inter­na­tion­al, крытыкі іранскага рэжыму часта выкарыстоўваюць кропку і іншыя адзіночныя сымбалі, каб выказаць нязгоду з уладамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці