• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    20 гадоў калоніі, штраф, канфіскацыя хаты і аўтамабіля. Матолька апублікаваў прысуд

    Гродзенскі абласны суд 3 чэрвеня завочна асудзіў блогера і стваральніка праектаў «Мотолько Помоги» і «Беларускі Гаюн». Змест судовага рашэння Антон Матолька выклаў на сваёй старонцы ў Face­book.

    Антон Матолька. Фота з асабістага архіву героя

    Антон Матолька. Фота з асабістага архіву героя


    Паводле звестак з дакумента, апрача зняволення на 20 гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 2 000 базавых велічынь (84 000 рублёў ці прыблізна 24 820 еўра) блогера пакаралі яшчэ і адабраннем маёмасці.

    «У мэтах выканання прысуду ў частцы маёмасных спагнанняў», суд зняў арышт з садовага доміка і зямельнага ўчастка ў Ждановічах, аўтамабіля Maz­da 1994 года выпуску, планшэта iPad A1337, а таксама з грашовых сродкаў на трох банкаўскіх рахунках, дзе знаходзяцца 15,06 еўра, 30,77 рублёў і 1,31 еўра. Маёмасць перададуць на рэалізацыю, каб атрыманыя грошы пайшлі на выкананне судовага рашэння: Гродзенскі абласны суд пастанавіў, што Антон Матолька мусіць сплаціць «у даход дзяржавы 668 883,45 рублёў кошту маёмасці, здабытай злачынным шляхам». 

    Таксама ў спісе пазначаныя рэчавыя доказы па крымінальнай справе, якія пастаноўлена захоўваць пры матэрыялах справы: DVD‑R і CD‑R дыскі, шэсць бэйджаў на імя Матолькі А. Р., два значкі з надпісам «Свабода».

    Завочны судовы працэс у парадку спецыяльнай вытворчасці над Антонам Матолькам доўжыўся амаль 6 месяцаў — з 27 снежня 2024 года па 3 чэрвеня 2025 года. Разглядаць справу быў прызначаны суддзя Гродзенскага абласнога суда Ігар Собалеў. У выніку блогера прызналі  вінаватым паводле 13 артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ:

    - часткі 1 артыкула 357 — змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;

    - часткі 1 артыкула 293 — арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады;

    - часткі 1 артыкула 342 — арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;

    часткі 3 артыкула 130 — распальванне расавай, рэлігійнай або сацыяльнай варожасці ці варажнечы;

    - часткі 3 артыкула 361 — заклікі да  захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

    - часткі 2 артыкула 366 — гвалт або пагроза ў дачыненні да пасадовай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак (у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);

    - часткі 2 артыкула 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

    - частак 1 і 2 артыкула 368 — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

    - артыкула 369–1 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;

    - частак 1 і 2 артыкула 361–1 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;

    - часткі 2 артыкула 361–2 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;

    - артыкула 361–2 КК (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад  20.04.2016 №358‑З);

    - часткі 2 артыкула 361–4 — садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці;

    - часткі 1 артыкула 356 — здрада дзяржаве.

     

    Справа Антона Матолькі

    Справа была распачатая Следчым камітэтам Беларусі ў ліпені 2024 года ў парадку так званай спецыяльнай вытворчасці. Гэта значыць, у адсуднасць абвінавачанага, бо Антон Матолька   знаходзіцца па-за межамі Беларусі — асцерагаючыся палітычна матываванага пераследу, ён быў вымушаны з’ехаць з радзімы яшчэ ў 2020 годзе.

    У сакавіку 2021 года Следчы камітэт паведаміў, што блогера абвяшчаюць у міждзяржаўны вышук. На гэта Матолька заявіў, што «гатовы адказаць за ўсе свае дзеянні перад судом. У новай Беларусі».

    У красавіку 2021 года КДБ Беларусі ўключыў Антона Матольку ў пералік асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

    16 сакавіка 2022 года МУС Беларусі ўключыў у пералік экстрэмісцкіх фармаванняў «групу грамадзян, аб’яднаных вакол Telegram-канала «Беларускі Гаюн» і Telegram-чата «Беларускі Гаюн Chat».

    17 сакавіка 2022 года ў пералік экстрэмісцкіх фармаванняў унеслі «групу грамадзян, аб’яднаную вакол Telegram-канала «МотолькоПомоги».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці