• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    2021‑ы ў медыясферы Беларусі ў фотаздымках і фактах

    2021 год быў надзвычай складаным для супольнасці недзяржаўных медыя, для журналістаў. Калі зрабіць падрабязную карціну года, дык гэта будуць фотаздымкі нашых калег, якіх арыштоўвалі, затрымлівалі, білі, адпраўлялі ў СІЗА па крымінальных справах, грамілі іх рэдакцыі, кватэры і жыццё.

    Безумоўна, былі і светлыя моманты, згадваем іх. І ўсё кепскае таксама, бо гэта нельга забываць.

    У студзені 2021-га ў офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН адбыўся вобшук у межах расследавання справы супраць журналіста Андрэя Аляксандрава, якога затрымалі 13 студзеня 2021 года. Ён дагэтуль у СІЗА.

    Супрацоўнікі міліцыі выносяць дакументы і кампутары з офіса Беларускай асацыяцыі журналістаў у Мінску, Беларусь, 16 лютага 2021

    Раніцай 16 лютага сілавікі прыйшлі ў БАЖ, да праваабаронцаў і журналістаў. Агулам па ўсёй краіне цягам аднаго дня адбылося каля 90 вобшукаў.

    Вобшукі былі ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у кватэры, дзе жыве сын Андрэя Бастунца, старшыні БАЖ, у кватэрах намеснікаў старшыні БАЖ Алега Агеева і Барыса Гарэцкага.

    У некаторых асобаў вобшук нагадваў пагром.

    Вобшукі праводзілі ў межах арт. 342 КК РБ. «У рамках папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставін фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыявана правядзенне вобшукаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя», — гаварылася ў заяве Следчага камітэта.

     

    18 лютага журналісткі Дар’я Чульцова  і Кацярына Андрэева былі пакараныя двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

    Такое рашэнне прыняла суддзя Фрунзенскага суда Мінска Наталля Бугук.

    Пракурор Аліна Касьянчык запрасіла пакараць журналістак двума гадамі пазбаўлення волі.

    Кацярына і Дар’я 15 лістапада 2020 года  вялі стрым з «Плошчы пераменаў». Іх прызналі вінаватымі па ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

     

    Фатографка Надзея Бужан стала фіналісткай самага прэстыжнага конкурсу прафесійнай фатаграфіі ў свеце — World Press Pho­to. Здымак, на якім Вольга Севярынец з кветкамі чакае мужа пад Акрэсціна, трапіў у спіс лепшых у намінацыі spot news (гарачыя навіны).

     

    Палітвязень, блогер Сяргей Пятрухін парэзаў сабе вены ў турме. Прычына была ў жудаснай антысанітарыі ў камеры, куды яго перавялі, і немагчымасць знаходзіцца з прысутным там кантынгентам.

    Кастрычніцкі суд Магілёва 14 красавіка вынес прысуд па крымінальнай справе супраць палітзняволеных берасцейскіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. Суддзя Вольга Краўчанка прызнала іх вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Пятрухін таксама прызнаны вінаватым у абразе суддзі Брэсцкага абласнога суду Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК). Абодва блогеры пакараныя трыма гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, Пятрухін і Кабанаў мусяць выплаціць па 750 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАП Віталю Аўтушэнку, якога, паводле прысуду, зняважыла публікацыя блогераў у сацыяльных сетках.

     

    За поўху Рыгору Азаронку перакладчыцы Вользе Калацкай далі два гады хатняй хіміі. Два месяцы да суда яна правяла пад вартай.

     

    12 сакавіка супрацоўнікі КДБ у Горадні затрымалі журналіста і валанцёра міжнароднай супольнасці «Inform­Na­palm» Дзяніса Івашына. Падставаю для затрымання стала падазрэнне ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных справаў (арт. 365 КК). У адным са сваіх артыкулаў Івашын выкарыстаў апублікаваныя на афіцыйным сайце гродзенскай міліцыі звесткі, што і стала падставай для затрымання. У канцы кастрычніка 2021 года Івашыну прад’явілі новае абвінавачанне — у «здрадзе дзяржаве» (частка 1 арт. 356 КК Беларусі). Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зняволення.

    Родныя Дзяніса неаднаразова адзначалі праблемы з ліставаннем з ім, паводле жонкі яны не атрымлівалі лістоў ад яго ўжо 100 дзён. Таксама журналіста неаднойчы змяшчалі ў карцар.

     

    Адваката Сяргея Зікрацкага, вядомага юрыста, абаронцу журналістаў у судах, 24 сакавіка 2021 года Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці падчас пазачарговай атэстацыі пазбавіла ліцэнзіі.

     

    25 сакавіка быў затрыманы журналіст, актывіст Саюзу палякаў у Беларусі Андрэй Пачобут. Яго падазраюць у «распальваньні варожасці» (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса). журналісту пагражае да 12 гадоў зняволення. У СІЗА ён у цяжкай форме перанёс каронавірус. У Горадні яго чакаюць жонка, двое дзяцей, старыя бацькі.

    Разам з Пачобутам па «польскай справе» праходзіць старшыня незарэгістраванага ў Беларусі Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс. Яшчэ трох фігурантак справы вызвалілі ўзамен на выезд іх за мяжу.

    «Быць годным памяці герояў АК». Пачобут расказаў, чаму не напіша прашэння аб памілаванні

     

    У Мінску была адкрытая выстава «Машына дыхае, а я — не», прысвечаная беларускім медыкам». Аднак яе хутка адмянілі. 5 красавіка ў арганізатараў выставы — Наталлі Трэнінай і Таццяны Гацуры-Яварскай — прайшлі ператрусы, у абедзвюх канфіскавалі тэхніку. Таццяна Гацура-Яворская была затрыманая, аднак яе адпусцілі з мінскага СІЗА №1. Мужа Таццяны Уладзіміра Яворскага дэпартавалі з Беларусі на 10 гадоў.

    Беларускія праваабаронцы прызналі Гацуру-Яворскую палітзняволенай. У яе абарону выказалася Еўрапейская кінаакадэмія і паўсотні кінаарганізацый з розных краін: там Таццяну ведаюць як арганізатарку кінафэсту WATCH DOCS Belarus, які прысвечаны фільмам а бправах чалавека.

    Таццяна Гацура-Яворская не з’ахала з Беларусі, нягледзячы на тое, што яе сям’я раз’яднаная па розных краінах.

     

    У Маскве затрымалі палітолага, публіцысты Аляксандра Фядуту па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства ў межах арт. 108 КК. Па гэтай жа справе быўзатрыманы Палітык Рыгор Кастусёў, юрыст Юрась Зянковіч.

    У 1994 годзе Аляксандр Фядута быў сябрам перадвыбарнага штабу Аляксандра Лукашэнкі. Пасля стаў начальнікам упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. У 2010 года Фядута працаваў у перадвыбарным штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, ён быў затрыманы 20 снежня ў Мінску сілавікамі і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ — «Амерыканку». 11 студзеня 2011 года Міжнародная амністыя прызнала Фядуту вязнем сумлення. 8 красавіка 2011 года ён быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. 20 мая 2011 года Аляксандр Фядута быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на два гады.

     

    16 красавіка 2021 г. У Мінску адбыўся XІ чарговы справаздачна-выбарчы з’езд ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

     

    19 мая з гомельскай калоніі №4 выйшла на волю журналістка Тут бай Кацярына Барысевіч. Яна была асуджаная па справе аб «нуль праміле» і правяла ў месцах пазбаўлення волі паўгода.

     

    18 мая адбыўся разгром самага вялікага і папулярнага інтэрнэт-партала краіны Тут.бай. Да гэтага 13 чалавек з кампаніі знаходзяцца ў няволі.

     

    23 мая ў аэрапорце «Мінск» затрыманы Раман Пратасевіч. Ён знаходзіўся на борце самалёта, які ляцеў па курсе Афіны-Вільня. Самалёт рэзка змяніў курс і прызямліўся ў Мінску. Прычынай экстраннай пасадкі стаў сігнал аб мініраванні. Самалёт праверылі, бомбу не знайшлі.затрымаоі Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу.

     

    Улады закрылі карэспандэнцкі пункт «Еўрарадыё» ў Беларусі. Карэспандэнцкі пункт Еўрапейскага радыё для Беларусі быў адкрыты ў Мінску ў 2009 годзе. Летам 2020-га беларускія ўлады заблакавалі доступ да сайту euroradio.fm, пасля чаго рэдакцыя пераехала на люстэрка euroradio.pl. У кастрычніку 2020 года журналісты «Еўрарадыё», разам з іншымі калегамі з замежных СМІ, былі пазбаўлены акрэдытацыі беларускага МЗС.

     

    Раніцай 8 ліпеня сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю «Нашай Нівы» і дадому да  работнікаў медыя. Адбыліся вобшукі і допыты   супрацоўнікаў паводле арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх), арт.  293 КК (масавыя беспарадкі).

    Да гэтага за кратамі галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы» Андрэй Скурко.

     

    У ліпені адбыўся шэраг вобшукаў і затрыманняў у рэдакцыях, дома ў журналістаў рэгіянальных медыя і ў Мінску. Размова пра дзесяткі фактаў пераследу.

    14 ліпеня ў офісе БАЖ без прысутнасці прадстаўнікоў арганізацыі сілавікі правялі чарговы ператрус, пасля якога офіс быў апячатаны і доступ у яго заблакаваны да гэтага часу. Копіі пратаколаў ператрусу нам не ўручаліся. Пералік адабранай маёмасці нам не вядомы. Таксама ў гэты дзень былі заблакаваныя аперацыі на банкаўскім рахунку арганізацыі.

     

    Журналіста сайта «Першы рэгіён» Сяргея Гардзіевіча пакаралі 1,5 гадамі калоніі за абразу Лукашэнкі і паклёп на яго, а таксама за абразу двух міліцыянтаў у чаце аднаго з тэлеграм-каналаў.

     

    КПЧ ААН: Беларусь павінна выплаціць кампенсацыю і аднавіць адвакацкую ліцэнзію Алега Агеева. Камітэт правоў чалавека ААН апублікаваў свае высновы пасля разгляду скаргі Алега Агеева, адваката, які прадстаўляў Алеся Міхалевіча, кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года.

     

    Журналісты і СМІ з Беларусі ўзялі ўсе прэміі Free Media Awards. Звычайна іх прысуджаюць журналістам адразу з некалькіх краін, аднак сёлета зроблена выключэнне. Прэмію атрымалі журналісткі Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Наталля Лубнеўская, партал Тут.бай і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

     

    Супрацоўнікаў Прэс-клуба вызвалілі з СІЗА пасля 8 месяцаў зняволення. «Прэс-клуб» паведаміў аб памілаванні супрацоўнікаў Юліі Слуцкай, Пятра Слуцкага, Сяргея Альшэўскага і Алы Шарко. Ксенія Луцкіна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні. Цяпер яна — адзіны фігурант справы «Прэс-клуба», які застаецца за кратамі.

    У супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН раніцай 18 жніўня адбыліся ператрусы. Тры чалавекі былі затрыманы і змешчаны ў ІЧУ: Ірына Леўшына, Кацярына Боева, Дзмітры Наважылаў. Сайт БелаПАН перастаў адкрывацца па адрасах belapan.by і belapan.com як у Беларусі, так і за мяжой. Пазней БелаПАН быў прызнаны экстрэмісцкім варміраваннем. Леўшына і Наважылаў за кратамі і сёння. Да ўсяго іх  абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання».

     

    Вярхоўны Суд Беларусі 27 жніўня задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Усе довады прадстаўніка ГА «БАЖ» пра тое, што гэты пазоў не мусіць быць задаволены, суд вырашыў прызнаць неважнымі. Справу разглядала суддзя Інэса Лазавікова.

    Власти лишили регистрации Белорусскую ассоциацию журналистов (хроника, документы)

    Горад Беласток перадаў памяшканне па адрасе: вуліца Сянкевіча, дом 44 для адкрыцця беларускага цэнтра-каворкінгу, дзе любы журналіст зможа папрацаваць. Гаворка ідзе найперш пра нашых калегаў, якія пакінулі радзіму з прычыны пераследу. Гэта рэдакцыя Hrodna.Life і журналісты партала „Магілёўскі рэгіён”.

     

    Маскве затрыманы журналіст «Камсамольскай праўды» Генадзь Мажэйка. Ён напісаў артыкул пра Андрэя Зельцэра. «Камсамольская праўда» закрыла сваё прадстаўніцтва ў Беларусі. Генадзю Мажэйку прад’явілі абвінавачванне, яму ставяць у віну два артыкулы КК: аб распальванні сацыяльнай варожасці або розні і аб абразе прадстаўніка ўлады

     

    Лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру сталі журналісты Марыя Рэса і Дзмітрый Муратаў.  Марыя Рэса — журналіст-расследавальнік і кіраўнік англамоўнага навінавага сайта Rap­pler у Філіпінах. Дзмітрый Муратаў — галоўны рэдактар расійскай «Новой газеты». Журналістаў узнагародзілі «за намаганні па захаванні свабоды выказвання меркаванняў, што з’яўляецца абавязковай умовай для дэмакратыі і міру».

     

    Вынесены прысуд гомельскім «вясноўцам» Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы: 3 і 2,5 года калоніі. Праваабаронцаў абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).  Леанід Судаленка — сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, дапамагаў журналістам адстойваць свае правы.

     

    У Варшаве 9 лістапада «Прэс-клуб» адкрыў прастору для беларускіх журналістаў. Там яны могуць працаваць, ладзіць мерапрыемствы і сустрэчы. Гэта другі хаб для беларускіх журналістаў на тэрыторыі Польшчы. Першы быў адкрыты ў Беластоку.

     

    Прэмію Гедройця за 2020 год атрымала Ева Вежнавец за кнігу «Па што ідзеш, воўча?» Яна атрымала і адмысловую прэмію «Еўрарадыё» — кніга выйдзе ў аўдыёфармаце.

     

    Журналістка Ірына Слаўнікава стала падазраванай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» 30 кастрычніка, адразу пасля вяртання з адпачынку.

     

    Дакументальны фільм Аляксея Палуяна «Смеласць» пра пратэсты ў Беларусі трапіў у лонг-ліст кінапрэміі «Оскар». «Смеласць» (Courage) кваліфікаваўся на «Оскар» у катэгорыі «Лепшы дакументальны фільм».

    Фільм расказвае пра трох акцёраў беларускага Свабоднага тэатра — Марыну Юрэвіч, Паўла Гарадніцкага і Дзяніса Тарасенку (Павел і Дзяніс — удзельнікі беларускага гурта «РСП»). Яны становяцца сведкамі і ўдзельнікамі паслявыбарных падзеяў жніўня 2020 года ў Беларусі.

     

    Суд у Гомелі пакаращ блогера, пазаштатнага супрацоўніка «Радыё Свабода» Ігара Лосіка да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Лосіка абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці «ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў», учыненым групай асоб (частка 3 артыкула 130 КК), і ў арганізацыі масавых беспарадкаў (частка 1 артыкула 293 КК).

     

    Блогеру Эдуарду Пальчысу прысудзілі 13 гадоў калоніі. Суд быў закрытым. 

    Палітвязня абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

    арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненыя групай асобаў, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);

    арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);

    арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак);

    арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

    Эдуард Пальчыс — грамадскі актывіст, які паходзіць з Ліды, палітычны блогер, аўтар тэлеграм-канала Palchys, які ўлады прызналі экстрэмісцкім. У час знаходжання за кратамі ў Эдуарда нарадзілася дачка, ягоная жонка з дзіцём вымушана з’ехала за мяжу.

     

    Нягледзячы на пераслед і вымушаную рэлакацыю, Беларуская асацыяцыя журналістаў абвясціла пераможцаў сёлетняга конкурсу «Вольнае слова». Цырымонія прайшла ў Вільні падчас журналісцкага форуму, прымеркаванага да Сусветнага дня правоў чалавека. 

    Названыя пераможцы журналісцкага конкурсу “Вольнае слова” — аўтары, матэрыялы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці