• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    25 гадоў назад у Слоніме выйшаў першы нумар «Газеты Слонімскай»: віншуем усіх датычных да гісторыі выдання!

     «Газета Слонімская» гэтымі днямі адзначе юбілей. І, хаця часы няпростыя, медыя працягвае сваю працу.


    24 красавіка 1997 года ў Слоніме быў надрукаваны першы нумар «Газеты Слонімскай», якую пачаў выдаваць слонімскі журналіст Віктар Валадашчук.

    Разам з Віктарам Валадашчуком над першым і наступнымі нумарамі працавалі слонімцы Сяргей Чыгрын і Сяргей Ёрш. Паступова рэдакцыя папаўнялася новымі людзьмі, і праз год газета стала пазнавальнай і запатрабаванай не толькі ў Слоніме, але і ў суседніх Зэльве, Дзятлаве і Мастах ды набыла статус рэгіянальнага выдання.

    Тыраж першага нумару «Газеты Слонімскай» складаў 3000 асобнікаў, а ў лепшыя часы сваёй гісторыі перавышаў 12000.

    Разам з іншымі незалежнымі перыядычнымі выданні краіны газета перажыла забарону на распаўсюд праз шапікі «Белсаюздруку», выкідванне з падпісных каталогаў Белпошты, адмовы ў арэндзе рэдакцыйных памяшканняў (калі калектыў рэдакцыі апынуўся літаральна на вуліцы), адмовы ў продажы ў мясцовых крамах, адмовы ў атрыманні інфармацыі ад чыноўнікаў і афіцыйных асобаў розных узроўняў і шмат іншых рэпрэсій з боку ўладаў.

    З гадамі змяняўся склад рэдакцыйнага калектыву. «ГС» стала своеасаблівай кузняй журналісцкіх кадраў як для мясцовых раёнкі і тэлебачання, так і для рэспубліканскіх выданняў. Ад усіх працоўных і іншых пературбацый цяжка захварэў і заўчасна сышоў з жыцця летам 2019 года выдавец і галоўны рэдактар газеты Віктар Валадашчук. Справу яго жыцця падхапіла жонка, начальнік рэкламнай службы газеты і журналіст Ганна Валадашчук.

    Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года «Газета Слонімская» шырока асвятляла выбарчую кампанію і падзеі ў краіне, якія адбываліся пасля выбараў, на сваіх старонках і на сайце выдання. За сваю журналісцкую працу ў той час цярпеў міліцэйскі і судовы пераслед журналіст газеты і дырэктар выдавецкага прадпрыемства Яўген Валадашчук. Выклікі на допыт у міліцыю, пратаколы па надуманых прычынах, штрафы, суткі за кратамі. Але і ў такім рэжыме працы папяровыя «Газета Слонімская» і «Аддушына» здолелі пратрымацца да лістапада 2020 года. 4 лістапада выйшлі апошнія папяровыя нумары гэтых газет прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Рэдакцыя газеты «Газета Слонімская», выдаўцом якіх на той час з’яўлялася Ганна Валадашчук, дырэктарам прадпрыемства Яўген Валадашчук, а галоўным рэдактарам Мікола Канановіч.

    8 лістапада 2020 года на кватэру выдаўца і ў рэдакцыю прыйшлі з вобшукам слонімскія міліцыянеры і следчыя, акурат напярэдадні выхаду чарговага нумару газет забралі ўсе рэдакцыйныя і хатнія камп’ютары. Праца рэдакцыі была паралізавана… Пройдзе яшчэ год і ў Беларусі фактычна не застанецца незалежных беларускіх папяровых СМІ.
    Выдаўцы «Газеты Слонімскай» у лістападзе 2020 года з’ехалі з Беларусі. Некалькі чалавек на месцы і выдаўцы з‑за мяжы працягнулі ў гэты час працу на сайце выдання gs.by.

    Вясной 2021 года, пасля вяртання ў Слонім выдаўцоў, нейкі час была надзея на аднаўленне выхаду папяровых газет і былі нават падрыхтаваны да друку і звярстаны новыя нумары. Але ў апошні момант друкарня адмовіла ў друку, хоць папярэдняя дамова на гэты конт была. Пазней друкаваць газеты адмаўляліся ўсе друкарні, куды звярталася выдавец.

    Цяпер у Слоніме працуе Навінавы партал Заходняй Беларусі gs.by, які належыць Яўгену Валадашчуку.

    Адноўленая Віктарам Валадашчуком у 1997 годзе «Газета Слонімская» ў 2020 годзе зноў апынулася ў жорнах беларускай гісторыі. Як і іншыя беларускія СМІ.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў віншуе калег! Зычым здароўя і свабоды. Наша сіла ў праўдзе і справялівасці!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці