28 лістапада ў Мінску адбудзецца вечар памяці Паўла Шарамета
28 лістапада, у Дзень нараджэння журналіста, ГА “БАЖ” правядзе ў Мінску вечар памяці Паўла Шарамета.
Удзел у мерапрыемстве, што пройдзе ў сталічнай галерэі “Ў”, возьмуць родныя і калегі журналіста. Гасцям плануецца паказаць урыўкі з відэаінтэрв’ю і фільмаў Паўла, архіўныя фотаздымкі, калегі падзеляцца сваімі ўспамінамі.
Таксама ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звернецца да калег Паўла ў Кіеве і Маскве з просьбай запісаць відэазвароты да ўдзельнікаў вечарыны. Мяркуецца, што перад прысутнымі выступяць беларускія музыкі.
Павел Шарамет загінуў у Кіеве 20 ліпеня 2016 года ў выніку замаху на яго жыццё. Следства адпрацоўвала чатыры версіі забойства: асабістыя непрыязныя адносіны з загінулым; прафесійная дзейнасць; дэстабілізацыя становішча ў Кіеве; памылка (машына, у якой быў узарваны Шарамет, належала ўладальніцы газеты «Украинская правда» Алёне Прытуле).
Павел Шарамет пахаваны на Паўночных могілках пад Мінскам.