• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    6 лістапада Марына Золатава адзначае Дзень народзінаў. Трэці год за кратамі

    Марына Золатава стала першым галоўным рэдактарам TUT.BY у 2004 годзе і заставалася на гэтай пасадзе да прымусовай яго ліквідацыі ў 2021-м, на той момант ужо самага папулярнага медыярэсурсу краіны. 12 год пазбаўлення волі — такі прысуд вынес сёлета 17 сакавіка Мінскі гарадскі суд Марыне Золатавай і гендырэктару TUT.BY Людміле Чэкінай.

    Да дня народзінаў Марыны Золатавай і ў падтрымку ўсіх палітзняволеных журналістаў міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» правяла адмысловую кампанію «Паштоўкі для Марыны», якая доўжыцца з 6 верасня па 6 лістапада ўключна. Для ўдзелу ў акцыі салідарнасці трэба напісаць словы падтрымкі на электронны адрас postcardsformaryna@rsf.org. У дзень народзінаў Марыны «Рэпарцёры без межаў» перададуць гэтыя пасланні ў амбасады Беларусі ў некалькіх краінах.

    «Ці вырашыла з ліквідацыяй TUT.BY і іншых незалежных медыя дзяржава хоць адну праблему?»

    Напярэдадні прысуду Марына Золатава напісала ліст сябрам. Яны вырашылі, што словы Марыны — гэта зварот да ўсіх беларусаў, і перадалі гэтае пасланне ў рэдакцыю «Зеркало», медыя, якое паўстала за мяжой сіламі супрацоўнікаў ліквідаванага TUT.BY.

    «Ні я, ні мае калегі не здзяйснялі злачынстваў, у якіх нас абвінавачваюць. Адзінае нашае «злачынства» заключаецца ў тым, што мы сумленна расказвалі пра падзеі, што адбываюцца ў краіне. І менавіта дзякуючы нашай сумленнай і аб’ектыўнай пазіцыі нам удалося заваяваць давер трохмільённай аўдыторыі і стаць самым папулярным анлайн-медыя ў краіне, — напісала Марына Золатава наконт судовага працэсу.

    — Мы ніколі нікога не заклікалі да якіх-кольвек супрацьпраўных дзеянняў, не сеялі варожасць, паважалі розныя меркаванні. Чалавечае жыццё было абвешчана галоўнай каштоўнасцю рэдакцыі TUT.BY, і мы заўсёды пра гэта памяталі».

    «TUT.BY не быў ні экстрэмісцкім рэсурсам, ні экстрэмісцкай арганізацыяй. Мы расказвалі пра падзеі, якія адбываліся ў краіне, тлумачылі незразумелае, дапамагалі карыстальнікам вырашыць іх праблемы. Не раз па дапамогу людзей, сведак і відавочцаў злачынстваў і здарэнняў да нас звярталіся праваахоўныя органы, — дэкларуе Марына маніфест партала. — Мы расказвалі гісторыі, якія матывуюць — пра моцных, захопленых і таленавітых людзей, адкрывалі цікавыя месцы ў Беларусі, пісалі пра яе гісторыю. Дзякуючы нашай публікацыі праз доўгія гады расстання ўжо дарослая дачка адшукала сваіх бацькоў, а пасажырка, якая выжыла пасля крушэння самалёта пад Мінскам, сустрэлася са сваімі ратавальнікамі. Я магла б успомніць шмат цудоўных гісторый, як TUT.BY камусьці дапамог ці здзейсніў маленькі цуд. Ведаю, што многім беларусам ёсць за што сказаць TUT.BY дзякуй».

    Марына Золатава падкрэслівала: «Моцная ўлада не змагаецца з іншадумствам, не бачыць пагрозы нацыянальнай бяспецы там, дзе гучыць альтэрнатыўнае меркаванне, не хавае галаву ў пясок, каб не бачыць і не чуць праўды. Моцная ўлада ўмее прыслухоўвацца да людзей з рознымі перакананнямі і будаваць дыялог з усімі грамадзянамі краіны».

    Прабабуля і ўнучка ў адным мінскім СІЗА з розніцай у 80 гадоў. Гісторыя прабабулі Марыны Золатавай

    Нядобрая іронія лёсу — на «Валадарцы» (СІЗА № 1 у Мінску) у часы Другой сусветнай у зняволенні трымалі доктарку Алену Нікалаеву. Гэта прабабуля Марыны Золатавай. Марына піша ў лісце напярэдадні суда: «Я ўжо 22 месяцы знаходжуся ў СІЗА. За гэты час у маёй мамы памёр муж. Дачка скончыла ліцэй, паступіла ў Акадэмію мастацтваў і моцна змяніла сваё жыццё. Сын вырас на 10 сантыметраў. Вельмі складана так доўга знаходзіцца ўдалечыні ад родных. Але вось што дадае мне сіл. Шмат гадоў таму падчас акупацыі мая прабабуля правяла некалькі месяцаў на Валадарцы, а потым — два гады ў палоне. Калі яна вярнулася да дачок, гэта быў самы шчаслівы дзень у іх жыцці. І я веру, што ў маім жыцці таксама надыдзе такі дзень».

    Ад паштовага сэрвісу да самага папулярнага медыяпартала

    TUT.BY ствараўся ў 2000 годзе праграмістам, а потым і бізнесменам Юрыем Зісерам як беларускі Yahoo — бясплатны паштовы сэрвіс плюс блок інфармацыі кшталту прагнозу надвор’я, курсаў валют, коштаў на паліва і г. д. З навінаў — перадрукоўкі інфармацыйных агенцтваў.

    У 2004 годзе на сайт прыходзіць галоўным рэдактарам Марына Золатава. Яна скончыла факультэт балгарскай філалогіі БДУ, аспірантуру Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі, папрацавала ў інфармагенцтве БелаПАН. Спачатку на навінах TUT.BY, можна сказаць, працавала адна, але пазней у партала з’явіліся і свае журналісты, вельмі хутка ён стаў сур’ёзным гульцом на беларускім медыяполі.

    Вось лічбы на момант апошняй татальнай атакі беларускіх ўладаў на TUT.BY. У красавіку 2021 года партал ахопліваў 63% беларускай аўдыторыі інтэрнэта. Штодня кожны трэці беларус/ка наведваў TUT.BY.

    Ад «справы БелТА» да «справы TUT.BY»

    7 жніўня 2018 года Марына Золатава была затрыманая разам з больш чым дзясяткам журналістаў, якіх падазравалі ў праглядзе стужкі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА па закрытай платнай падпісцы. Двое сутак яна правяла ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Журналістаў і рэдакцыі СМІ падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

    Марына Золатава стала адзінай з 15 журналістаў і рэдактараў некалькіх СМІ, якія праходзілі па справе, у дачыненні да каго следства не спыніла крымінальны пераслед.

    Усё па «справе БелТА» можна пачытаць тут, мы ж сёння прывядзем цытату з апошняга слова Марыны Золатавай на судзе па той справе: «Гэты працэс адбіўся не столькі на рэпутацыі TUT.BY, колькі на рэпутацыі ўсіх яго ўдзельнікаў, уключна з рэпутацыяй дзяржаўных СМІ. А Беларусь зноў з’явілася ў загалоўках замежных медыя як дзяржава, дзе падаўляецца свабода слова. Медыясупольнасць унутры краіны аказалася расколатай, паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ вырасла сцяна. Гэта сведчыць пра тое, што той, хто прыдумаў гэты працэс, не вельмі сабе ўяўляў магчымыя наступствы».

    18 мая 2021 года ў памяшканні TUT.BY уварваліся сілавікі. Марыну Золатаву разам з іншымі супрацоўнікамі партала арыштавалі нібыта за «саўдзел у нясплаце падаткаў». Праз тыдзень дзевяць арганізацый, у тым ліку праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларуская асацыяцыя журналістаў, выступілі з сумеснай заявай і прызналі яе палітычнай зняволенай.

    Справу TUT.BY 9 студзеня 2023 года пачаў разглядаць Мінскі гарадскі суд, працэс адбываўся ў закрытым рэжыме і доўжыўся амаль два месяцы, агулам адбылося 37 судовых пасяджэнняў.

    17 сакавіка 2023 года суддзя Валянціна Зянкевіч вынесла жахлівыя выракі — па 12 гадоў пазбаўлення волі Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай. Па справе таксама праходзілі супрацоўніцы партала Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка, але на судзе іх не было, бо яны змаглі пакінуць краіну.

    У чым абвінавацілі Марыну Золатаву:

    ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);

    ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, якое ўчыненае групай асобаў або пацягнула цяжкія наступствы);

    ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт).

    Вярхоўны суд 31 ліпеня 2023 года пакінуў прысуд у сіле, адхіліўшы апеляцыйныя скаргі Марыны Золатавай і Людмілы Чэкінай.

    «Мы свой выбар зрабілі, калі вырашылі жыць менавіта ў гэтай краіне. Мы свой выбар зрабілі, калі вырашылі менавіта ў гэтай раіне займацца журналістыкай і займацца менавіта так, як мы ёй займаемся — праўдзіва расказваць пра тое, што адбываецца», — сказала Марына Золатава ў інтэрв’ю Deutsche Welle незадоўга да свайго затрымання.

    Пасля прысуду Надзея Кішкурна, дачка Марыны, зазначыла: «Мая матуля вельмі моцная, нягледзячы ні на якія жудасныя лічбы прысуду і абсурдныя абвінавачанні, якія ліюцца з тэлеэкрана. Матуля мая не зламаецца — яна ў нас нязломная і вельмі-вельмі пазітыўная. Атрымліваецца заўсёды, што не ты яе падтрымліваеш у лістах, а яна цябе. Хтосьці за надуманую справу TUT.BY, магчыма, атрымае зорачку на пагоны. Як яны з гэтым будуць жыць?

    Марына Золатава мае прэстыжныя журналісцкія прэміі:

    • «Чалавек году» па версіі «Нашай Нівы» (2018 год),

    • Прэмія «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая (2019 год),

    • «Reporter: innen-Preis 2021» ад Форуму рэпарцёраў Германіі.

    Напісаць Марыне Золатавай можна па адрасе: ІК №4, 246035, Гомель, вул. Антошкіна, 3. Золатавай Марыне Васілеўне

    Чытайце яшчэ: 

    «Ва ўсім вінаваты Tut.by». Расказваем пра Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну, якіх будуць судзіць

    Марына Золатава засталася без адваката проста падчас працэсу – юрыстку не атэставала “спецкамісія” Мінюста

    50-гадовы юбілей у Людмілы Чэкінай — зняволенай генеральнай дырэктаркі партала Tut.by

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці