Блогера Аляксандра Лапшына двойчы за год затрымлівалі ў аэрапорце «Звартноц» на беларускія запыты за «абразу гонару і годнасьці Лукашэнкі». Затрыманьні былі кароткачасовымі, затым яго адпускалі. Аднак, не жадаючы рызыкаваць у трэці раз, адвакаты Лашпына зьвярнуліся ў Адміністрацыйны суд з адпаведным пазовам.
Раней блогер зьвяртаўся па тлумачэньні ў генпракуратуру, дзе растлумачылі, што затрыманьне праведзена з прычыны яго вышуку з боку Рэспублікі Беларусь. Але, беручы да ўвагі, што кампэтэнтныя органы гэтай краіны не прадставілі адпаведных дакумэнтаў, рашэньня аб яго затрыманьні і далейшым арышце не прынялі. Адказы МУС і спэцслужбаў Армэніі Лапшына не задаволілі.
Адзін з адвакатаў блогера Ваагн Гаспар’ян паведаміў газэце «Голос Армении», што яшчэ да суду ўдалося дамагчыся частковага зьняцьця пазнакі нагляду ў дачыненьні блогера. Аднак пытаньне патрабуе канчатковага разьвязаньня.
Паводле адваката, беларускі запыт на арышт Лапшына — злоўжываньне Кішынёўскай канвэнцыяй краін СНД аб прававой дапамозе і прававых адносінах у грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах.
Першае судовае паседжаньне, на якім былі адвакаты пазоўніка і прадстаўнікі юрыдычнага аддзелу МУС, якія прадстаўляюць адказьніка, працягнулася каля паўгадзіны. Адказьнікам задалі пытаньні: на падставе якіх дакумэнтаў, рашэньняў ураду часткова зьнялі пазнака нагляду ў дачыненьні Лапшына?
У МУС не далі выразнага адказу. Таксама высьветлілася, што дакумэнты з Рэспублікі Беларусь наконт абгрунтаваньня для вышуку, а таксама таго, якія канкрэтна абвінавачаньні вылучаныя ў дачыненьні Лапшына, так і не былі адпраўленыя армянскаму боку адпаведнымі органамі Беларусі.
Судзьдзя адклала паседжаньне, абавязаўшы адказьнікаў дакумэнтальна абгрунтаваць, на падставе чаго быў часткова зьняты нагляд у дачыненьні Лапшына, а таксама прадставіць дакумэнтацыю, якая паступіла ў МУС Армэніі зь Беларусі.
На думку адваката, МУС наўрад ці ўдасца выканаць гэтае патрабаваньне суду: як можна меркаваць, запыты армянскіх сілавікоў не атрымлівалі адказу ад беларускіх калег.
Наступнае паседжаньне ў справе адбудзецца 6 лістапада.
У 2016 годзе Лапшына затрымалі ў Беларусі на запыт Інтэрполу. Прычынаю стала крымінальная справа, заведзеная на Лапшына ў Азэрбайджане за наведваньне тэрыторыі Нагорнага Карабаху, якую на той момант Баку не кантраляваў. І хоць вызваліць Лапшына прасілі і ў Маскве, і ў Ізраілі, Менск перадаў блогера ў Азэрбайджан даволі апэратыўна. Там Лапшына асудзілі на тры гады, а ў верасьні 2017 блогера памілаваў Ільхам Аліеў, дазволіўшы выехаць у Ізраіль.
Пасьля вызваленьня Аляксандар Лапшын падаў на дзеяньні ўладаў Беларусі скаргу ў ААН, і там прызналі парушэньне ягоных правоў.
Паводле Лапшына, улады Беларусі ведаюць, што ў выніку ім ня выдадуць абвінавачаных паводле палітычна матываваных артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Аднак фармулююць новыя запыты, каб папсаваць жыцьцё апанэнтам Лукашэнкі за мяжой. Самога блогера гэтак затрымлівалі ў ерэванскім аэрапорце ў верасьні 2024 і траўні 2025 гг. Ён назваў гэта зьдзекам.