• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Абноўлены сайт Ночы расстраляных паэтаў. Беларусы могуць дадаваць свае акцыі памяці на мапу падзей па ўсім свеце

    Сёлета з 29 на 30 кастрычніка беларусы будуць адзначаць адну з самых чорных дат у сваёй гісторыі — Ноч расстраляных паэтаў. Абноўлены сайт nochpaetau.com запрашае арганізатараў імпрэзаў дадаваць прымеркаваныя да знакавай даты падзеі на адмысловую мапу.

    Абноўлены сайт Ночы расстраляных паэтаў

    Летась больш за шэсць дзясяткаў мерапрыемстваў зладзілі беларусы ў розных кутках свету, ушаноўвачы рэпрэсаваных паэтаў. Беларускія дыяспары праводзілі падзеі самастойна, без агульнай каардынацыі — і гэта сведчыць пра тое, што разуменне трагічных падзей тых часоў звязана з сучаснай гісторыяй: беларусы ўшаноўваюць памяць творцаў, бо ўсведамляюць наступствы тэрора рэжыму, каштоўнасць чалавечага жыцця.

    Сайт nochpaetau.com у руху ўшанавання служыць добрым месцам навігацыі, якое дазваляе даведацца, дзе і калі адбудзецца падзея, яе фармат. А таксама на пляцоўцы можна знайсці вершы рэпрэсаваных паэтаў, іх пераклады на розныя мовы свету. У прыватнасці, сёлета з’явіўся пераклад верша Міхася Чарота «Прысяга» на ісландскую мову. Творы ў перакладах на іншыя мовы свету будуць дадавацца і далей.

    У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, 88 гадоў таму, у Менску, меркавана ва ўрочышчы Курапаты, былі расстраляныя 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.

    Самаму старэйшаму з забітых, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 год, а сярод самых маладых – паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 год), літаратурны крытык Пётр Хатулёў (25 год), педагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 год).

    Расстрэл 29.10.1937 стаў самай трагічнай кропкай хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі.

    З 2021 года акцыі памяці на Ноч (расстраляных) паэтаў адбываюцца за межамі краіны і анлайн. Імпрэзы праводзяцца беларускімі дыяспарамі ў розных кутках свету.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці