Ад журналіста Аляксандра Буракова патрабуюць патлумачыць перавышэнне расходаў над даходамі за шэсць гадоў
У Магілёве працягваецца ціск на журналістаў.
Журналіст Аляксандр Буракоў-старэйшы паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ”, што ўчора атрымаў паведамленне з падаткавай інспекцыі Ленінскага раёна Магілёва. Падаткавікі патрабуюць ад журналіста цягам месяца прадаставіць тлумачэнні, чаму ў яго атрымалася перавышэнне расходаў над даходамі на працягу шасці гадоў — з 2011 па 2016 гг.
Аляксандр Буракоў, які працуе ў якасці фрылансера, рэгулярна справаздачыўся ў падаткавай інспекцыі пра свае грашовыя даходы. Паводле журналіста, зараз падаткавікі, падлічыўшы выдаткі, чамусьці вырашылі, што ў далёкіх ужо 2011–2016 гг. ён перавысіў свае расходы над даходамі на 6311,01 рублёў.
Нагадаем, што 18 лютага ў кватэры, дзе пражывае Буракоў, супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус. Супрацоўнікі ГУБАЗіК прад’явілі ордэр на вобшук паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, падпісаны намеснікам Генеральнага пракурора РБ. Яны перавярнулі літаральна ўсю кватэру. У выніку ў журналіста забралі ноўтбук, тэлефон і носьбіты інфармацыі.
Крыху раней, 16 лютага, вобшук адбыўся ў кватэры бацькоў Аляксандра Буракова. У іх таксама забралі камп’ютарную тэхніку і носьбіты інфармацыі.
18 сакавіка Буракова выклікалі на допыт ва ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Допыт працягваўся каля чатырох гадзін. Буракоў праходзіць у якасці сведкі па крымінальнай справе. Паколькі ў яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні, ён не мае права распавядаць пра абставіны справы.
Іншага магілёўскага журналіста — Уладзіміра Лапцэвіча 29 красавіка выклікалі ў Следчы камітэт. Паводле слоў Уладзіміра Лапцэвіча, следчы ўпраўлення СК па Магілёўскай вобласці Андрэй Шацько патлумачыў яму, што выклікаюць у якасці сведкі “па справе Бухеля”.
Барыс Бухель — магілёўскі праваабаронца, якога ўжо некалькі разоў дапытвалі ў Следчым камітэце ў межах крымінальнай справы. 16 лютага 2021 г. у Бухеля і шэрагу іншых магілёўскіх праваабаронцаў і журналістаў адбыліся ператрусы. Іх праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК у межах крымінальнай справы паводле арт. 342 КК РБ (нібыта за фінансаванне акцый пратэсту).
Уладзімір Лапцэвіч адзначыў, што ён наведае ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці раніцай 29 красавіка разам са сваім адвакатам.