Адабраную тэхніку СК вярнуў журналістцы, але не ўсю
Гомельскую журналістку, сябра ГА "БАЖ" Ларысу Шчыракову 6 траўня а 18-й гадзіне выклікалі ў рэгіянальнае ўпраўленне Следчага камітэта, дзе ёй вярнулі частку забранай у лютым тэхнікі — відэакамеру, фотаапарат і флэшкі.
«Вярнулі, але не ўсё. У Следчым камітэце засталіся ноўтбук, мабільны тэлефон, банкаўскія карткі. Супрацоўніца ўпраўлення Емельяненка (здаецца так яна назвалася) не патлумачыла, чаму не аддаюць іншыя рэчы. Відаць, не надта зручна прызнаваць, што беспадстаўна рабілі ператрус і забіралі тэхніку, таму і вырашылі не вяртаць усё адразу. Усё гэта выглядае помстай за прафесійную дзейнасць — журналісцкую і праваабарончую, а таксама актам запалохвання», — сказала Шчыракова карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ».
Нагадаем, што 16 лютага ў краіне праводзілася маштабная акцыя ператрусаў у прааабаронцаў і журналістаў. Ініцыявала яе Галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці Цэнтральнага апарата Следчага камітэта, а санкцыянаваў намеснік генеральнага пракурора Дзмітрый Гора, які пазней ачоліў СК.
На Гомельшчыне ў той дзень ператрусы правялі таксама ў сябраў ГА «БАЖ» Анатоля Гатоўчыца, Яўгена Меркіса, Андрэя Мядзведзева, Яўгеніі Парашчанка і ў шэрагу праваабаронцаў рэгіёна. Нікому са згаданых вышэй журналістаў да гэтага часу не вярнулі нават часткі адабранай тэхнікі, хоць мінула ўжо амаль тры месяцы.